Закладнікі спорту

Правал расійскай алімпійскай зборнай у Ванкуверы стаў шокам для расійскага грамадства і кіраўніцтва краіны. Якія наступствы мела катастрофа і што збіраецца рабіць Расія далей, тым больш, што хутка алімпіяда ў Сочы? Пра гэта і іншае журналіст «Новага часу» Алег Новікаў размаўляе з супрацоўнікам расійскага Агенцтва палітычных навін (АПН) Аркадзем Шворцэрам.

— Наколькі тэма спорту важная для сучаснага расійскага грамадства, якая роля належыць гэтай тэме ў легітымізацыі ўлады?



Правал расійскай алімпійскай зборнай у Ванкуверы стаў шокам для расійскага грамадства і кіраўніцтва краіны. Якія наступствы мела катастрофа і што збіраецца рабіць Расія далей, тым больш, што хутка алімпіяда ў Сочы? Пра гэта і іншае журналіст «Новага часу» Алег Новікаў размаўляе з супрацоўнікам расійскага Агенцтва палітычных навін (АПН) Аркадзем Шворцэрам.

— Наколькі тэма спорту важная для сучаснага расійскага грамадства, якая роля належыць гэтай тэме ў легітымізацыі ўлады?

— Тэма спорту, колькасці алімпійскіх медалёў і спартовых рэкордаў расійскай каманды была адной з галоўных фішак рэжыму. Увогуле, некаторыя палітолагі кажуць, што новую дзяржаўную сімволіку — трохкаляровы сцяг — расійская супольнасць прыняла выключна дзякуючы перамогам спартсменаў, а канкрэтна — выхаду расійскай зборнай па футболу на чэмпіянат свету 2002 года. Вакол той падзеі была істэрыя.

Так ці інакш, правал расійскіх алімпійцаў у Канадзе аказаўся псіхалагічнай траўмай для ўсяго грамадства, якое прызвычаілася да лозунгаў, што хаця б у гэтай галіне «мы впереди планеты всей». На прыпынках, у курылках, на інтэрнэт-форумах шмат палемізуюць на тэму спорту. Важны момант: раней усю адказнасць за падобныя катастрофы перакладалі на суддзяў, якія быццам бы сімпатызуюць заходнікам. Цяпер тэма змовы супраць Расіі не такая папулярная. Людзі адмаўляюцца ад нацыяналістычных міфаў, прызнаюць, што рускія былі аб’ектыўна слабей за іншых.

— Дрэнныя вынікі рускіх, 11-е месца ў агульным камандным заліку, здаюцца вельмі дзіўнымі на фоне вялізных інвестыцый у спорт. Калі верыць Крамлю, на падрыхтоўку расійскай каманды да Ванкуверу пайшло ў 5 разоў больш грошай, чым на падрыхтоўку да папярэдняй Алімпіяды ў Турыне. У чым прычына слабых вынікаў расійскіх алімпійцаў?

— Правал расійскай зборнай — гэта правал так званай дактрыны «баблаверы», якая вельмі папулярная ў кіруючых колах. Крамлёўскія чыноўнікі напярэдадні Алімпіяды або іншых адказных спаборніцтваў кажуць спартсменам: паб’еш алімпійскі рэкорд — атрымаеш 100 мільёнаў. Нейкі час такая формула працавала, аднак не сёння. Каб стаць спартсменам, трэба сістэматычна займацца спортам яшчэ з дзяцінства. Аднак інфраструктура дзіцячага спорту ў Расіі вельмі слабая. Сваю ролю адыгрывае таксама дрэннае харчаванне, масавая мода сярод моладзі на спажыванне алкаголю. Іншымі словамі, мы пачынаем рыхтаваць алімпійцаў пазней, чым на Захадзе. Пры гэтым канкурэнцыя паміж спартоўцамі апрыёры больш слабая. Каб змяніць сітуацыю, трэба мяняць сацыяльную структуру. Тым больш у рэгіёнах, дзе ўсім руляць мясцовыя кланы.

— Як крамлёўская адміністрацыя рэагавала на кепскія вынікі ў Канадзе?

— Рэакцыя стала яшчэ адным доказам структурнага крызісу расійскай улады. Як толькі з Канады пачалі прыходзіць дрэнныя навіны, крамлёўскія босы сталі шукаць вінаватых. Натуральна, не ў недахопах сістэмы, а ў асобных персаналіях. Усю адказнасць звалілі на дырэктараў спартовых дэпартаментаў. Аднак на выхадзе адбыўся пшык — сваю пасаду захаваў чалавек, які нясе галоўную віну за Ванкувер. Размова пра міністра спорту Віталя Мутко. Карупцыя настолькі разлажыла эліту, што там не здольныя нават на радыкальныя кадравыя перастаноўкі. У выніку цяпер грамадству прапануюць забыцца на Ванкувер і ўсе сілы сканцэнтраваць на алімпіядзе ў Лондане і, натуральна, у Сочы.

— Алімпіяда 2014 года ў Сочы займае вялікае месца ў дзяржаўнай прапагандзе. Гэта першыя гульні, якія прымае Расія. Якія вашы прагнозы наконт таго, ці будзе здольная краіна арганізаваць мерапрыемства такога ўзроўню?

— Пакуль я скептык. Чым далей, тым відавочней, што ідэя сочынскай алімпіяды была вельмі валюнтарыстычнай. Пачнём з таго, што, па падліках спецыялістаў, каб адбудаваць да 2014 года інфраструктуру, патрэбна прыкладна 400 тысяч рабочых, галоўным чынам будаўнікоў. Прыкладна столькі людзей і жывуць у так званым Вялікім Сочы — кангламераце гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага мора. Працаваць на будаўніцтве яны не збіраюцца. Іхні бізнес — сектар турыстычнага сервісу. Аднак мала хто ведае, куды пасяліць 400 тысяч будаўнікоў. Таксама не зразумела, як правесці туды дастатковы аб’ём энергіі. Трэба будаваць новыя лініі і фактычна ствараць лакальную энергасістэму. І гэта яшчэ не ўсё. Застаецца транспартнае пытанне. Паглядзіце на мапу Паўночнага Каўказу. Сочы звязвае з Расіяй адна лінія чыгункі, аўтатраса плюс аэрапорт. Пры ўсім жаданні яны не здольныя перавезці прыкладна 200 тысяч чалавек, якія, як чакаецца, прыедуць глядзець на спаборніцтвы.

— Вядома, што Грузія — геапалітычны праціўнік Расіі ў рэгіёне, намагаецца нейкім чынам перашкодзіць гульням у Сочы, звяртае ўвагу на розныя экалагічныя аспекты алімпіяды і на парушэнне ў РФ правоў чалавека. Ці не варта чакаць, што Гульні ў Сочы стануць каталізатарам міжнароднай напругі?

— Гэта цалкам рэальна. Акрамя таго, існуе не толькі грузінскае пытанне, аднак і праблема чэркесаў. Падчас каланізацыя рускімі Паўночнага Каўказа ў ХІХ стагоддзі шмат чэркесаў пагадзіліся эміграваць у Турцыю. Іх калонія вельмі ўплывовая ў гэтай краіне. Мяркуючы па ўсім, зараз чэркесы рыхтуюць да гульняў вялікую інфармацыйную кампанію, якая мае на мэце нагадаць усяму свету, што Сочы — гэта іх карэнная зямля, якую ў іх адабралі злыя каланізатары. Як бачым, праблемаў вакол Сочы хапае. І гэта ўсё з улікам таго, што ў Расіі дастаткова шмат раёнаў, больш гатовых да правядзення Алімпіяды. Той жа Ханты-Мансійск або Алтай. Дарэчы, з пункту гледжання развіцця, гэтыя рэгіёны маюць значная большую патрэбу інвестыцыях, чым і так нядрэнна развітая Кубань.

— Якія палітычныя наступствы можа мець патэнцыйны правал алімпіяды ў Сочы?

— Цяжка сказаць зараз. Да сочынскай алімпіяды яшчэ багата часу, і шмат што ў расійскай палітыцы відавочна зменіцца. Аднак, калі Пуцін застанецца ва ўладзе, сочынскі правал можа азначаць канец ягонай кар’еры. Вядома, што ВВП быў галоўным лабістам Сочы як кандыдата на Алімпіяду. Таму цалкам магчыма, што па ходу набліжэння алімпіяды вакол Пуціна ўзнікне нейкі палітычны і інфармацыйны вакуум. Праўда, перш трэба пачакаць вынікаў лонданскай алімпіяды для расійскай зборнай.

Каментаваць