Залатая старонка ў гісторыі або сур’ёзны недахоп

Замежныя дыпламатычныя службы па-рознаму трактуюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Захад і ЗША

Тут ацэнка выбараў дастаткова кансалідаваная. Няма нават традыцыйнай супярэчнасці паміж пазіцыяй ЕС і ЗША.

Прэс-служба Белага дому распаўсюдзіла заяву «Аб беларускіх выбарах і палітычным гвалце». У ёй гаворыцца, што ЗША не могуць прызнаць законнымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня і заклікаюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых».



Замежныя дыпламатычныя службы па-рознаму трактуюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Захад і ЗША

Тут ацэнка выбараў дастаткова кансалідаваная. Няма нават традыцыйнай супярэчнасці паміж пазіцыяй ЕС і ЗША.

Прэс-служба Белага дому распаўсюдзіла заяву «Аб беларускіх выбарах і палітычным гвалце». У ёй гаворыцца, што ЗША не могуць прызнаць законнымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня і заклікаюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых».

«Збліжэнне з Еўрапейскім Саюзам, да якога імкнецца Беларусь, адкладаецца на нявызначаны час», — такую заяву зрабіў афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайберт, каментуючы разгон вулічнай акцыі ў Мінску 19 снежня і масавыя арышты грамадзян. Зайберт запатрабаваў вызвалення апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, адзначыўшы, што Германія сочыць за падзеямі ў Беларусі «з вялікай заклапочанасцю».

Францыя запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных. «Мы асуджаем арышты кандыдатаў апазіцыі, журналістаў і актывістаў NGO, — гаворыцца ў заяве МЗС Францыі ад 20 снежня. — Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх гэтых людзей і не ўжываць сілу».

Міністр замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады «не выкарысталі шанец, якім былі выбары». Па яго словах, быў прадэманстраваны «кропкавы прагрэс», аднак у цэлым у выбарчым працэсе па-ранейшаму існуюць сур’ёзныя недахопы».

Міністэрства замежных спраў Славакіі лічыць, што падчас выбараў мелі месца «сур’ёзныя парушэнні міжнародных стандартаў».

 Чэшскае знешнепалітычнае ведамства асуджае «шырокае выкарыстанне сілы беларускімі ўладамі супраць дэманстрантаў» і «глыбока занепакоенае затрыманнем актывістаў апазіцыі, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты».



Польшча і Літва — галоўныя лабісты


МЗС Польшчы асудзіў «масавыя збіванні і затрыманні дэманстрантаў на вуліцах Мінска». «Жорсткія дзеянні праваахоўных органаў недапушчальныя, — гаворыцца ў заяве польскага МЗС. — Мы заклікаем спыніць гвалт, неадкладна вызваліць затрыманых і растлумачыць збіванні пратэстуючых, палітыкаў і журналістаў, у тым ліку замежных». Гвалтоўныя дзеянні беларускіх уладаў асудзіў таксама прэзідэнт Польшчы Браніславаў Камароўскі. Кажучы пра вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ён падкрэсліў, што выбары павінны паслужыць падставай для перагляду стратэгіі ЕС у адносінах да Беларусі.

Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што Літва ўхваляе ацэнку міжнародных назіральнікаў, якія абвясцілі, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі недэмакратычнымі.

Садружнасць незалежных дзяржаў


У той час, як кіраўнік місіі АБСЕ прызнала выбары «не адпаведнымі стандартам гэтай арганізацыі», старшыня АБСЕ Нурсултан Назарбаеў так не лічыць. Ён павіншаваў Лукашэнку з «пераканальнай перамогай». Падобным чынам выказаўся і Аліеў.

Што тычыцца Расіі, то пакуль афіцыйнага віншавання няма. Хіба што Мядзведзеў у тэлефоннай гутарцы адзначыў, што «Беларусь заўсёды будзе адной з самых блізкіх краін для Расіі, а выбары з’яўляюцца ўнутранай справай суседняй дзяржавы». Уладзімір Жырыноўскі паставіў Мінску двойку за выбары, а ліберальны апазіцыянер Нямцоў назваў іх татальнай фальсіфікацыяй. Стопрацэнтна задаволены толькі Зюганаў. «Нядаўна ў Маскве для партыйнага актыву мы дэманстравалі сумесны беларуска-расійскі фільм «Брэсцкая крэпасць». Там праз усю карціну рэфрэнам праходзіць заклік радыста-беларуса, які трымаў сувязь з «вялікай зямлёй»: «Я крэпасць, я крэпасць, вяду бой, чакаю падтрымкі»… Дык вось, беларускі народ заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку», — адзначыў Зюганаў.

Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі ацэніць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пасля таго, як стануць вядомыя іх канчатковыя афіцыйныя вынікі. Пра тое ж заявіў і афіцыйны Ерэван.

Афіцыйны Кіеў маўчыць, але ва Украіне ўжо ідуць дэбаты, ці не дасць Лукашэнка заразлівы прыклад свайму ўкраінскаму калегу Януковічу. Самі лідары Партыі рэгіёнаў так не лічаць. «Той, хто пра гэта заяўляе ва Украіне, пакутуе на хворае ўяўленне», — сказаў дэпутат Партыі рэгіёнаў Вадзім Калеснічэнка.



Саюзнікі

Па словах прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінеджада, выбары ў Беларусі «сталі яшчэ адной залатой старонкай у гісторыі вялікага беларускага народа» і сведчаць пра «народную падтрымку прэзідэнцкіх праграм».

У заяве МЗС Венесуэлы гаворыцца, што прэзідэнт Уга Чавес «віншуе народ Беларусі і яе дзяржаўныя структуры з праявай дэмакратыі падчас галасавання, у выніку якога быў пераабраны на пасаду прэзідэнта краіны вялікі еўрапейскі лідар Аляксандр Лукашэнка». «Сёння Беларусь узвышаецца, як бастыён добрай якасці і росквіту ў Еўропе, якая знаходзіцца ў стане канвульсій з-за сквапнасці транснацыянальнага капіталу», — гаворыцца ў віншаванні Чавеса.

Сюрпрызам стала пазіцыя Кітаю, які не спяшацца з віншаваннямі. «Мы спадзяемся, што ў Беларусі захаваецца палітычная стабільнасць, эканоміка будзе развівацца», — заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Цзян Юй на брыфінгу. «Выбары прэзідэнта Беларусі — унутраная справа краіны. Кітай паважае суверэнны выбар беларускага народа», — сказала яна. З улікам шэрагу апошніх дамоваў з Пекінам, можна было чакаць больш цёплых слоў. Магчыма, у Пекіне сапраўды хацелі пагуляць на канфлікце Масквы і Мінска і спадзяваліся на ўстанаўленне кантролю над часткай беларускай эканомікі (напрыклад, «Беларуськаліем»). Цяпер больш смачныя кавалкі дастануцца расійскім алігархам.

* * *

Сыходзячы з тону заходніх МЗС, можна прагназаваць вяртанне РБ да халоднай вайны з Захадам. Як прыклад, словы кіраўніка аўстрыйскага МЗС: «Еўрасаюз павінен вельмі актыўна заняцца сітуацыяй у Беларусі і будучай формай адносін Брусэлю з Мінскам. Мы не хочам ізаляваць Беларусь, але будзем настойваць на выкананні дэмакратычных каштоўнасцяў». Гэта штурхае Мінск у абдымкі Масквы, аднак новы фармат адносін тут пакуль не зразумелы.
 

Каментаваць