Замах на Кітай

Нарэшце заключаная гістарычная дамова пра Трансціхаакіянскае партнёрства (TРР). У Кітаі гэтую дамову лічаць геапалітычнай змовай супраць Пекіна. Некаторыя эксперты кажуць, што TРР робіць сутыкненне паміж КНР і ЗША непазбежным.



Напэўна, пасля стварэння Паўночна-амерыканскай вольнай гандлёвай зоны (NAFTA) у 1999 годзе, гэта — самы буйны міжнацыянальны праект аб змяншэнні мытных бар’ераў і сумесных правілах гандлю. Калі верыць Бараку Абаме, які асабіста прадставіў TPP, пасля 5 кастрычніка 40 працэнтаў сусветнай эканомікі будзе жыць паводле правіл гэтай арганізацыі. Для даведкі: на старце працы ТРР яго сябрамі былі Аўстралія, Бруней, Канада, Чылі, Малайзія, Мексіка, Новая Зеландыя, Перу, Сінгапур, ЗША, В’етнам. На падыходзе — Паўднёвая Карэя, Тайвань, Філіпіны і Калумбія.

Шырокая геаграфія праекту — не адзінае, што робіць ТРР унікальным. Спецыфіка яго дакументаў — абавязак удзельнікаў паважаць правы працоўных у краінах-сябрах праекту і абараняць наваколле. Гэта, дарэчы, не беспадстаўныя абяцанкі. Каб стаць сябрамі ТРР, В’етнам і Малайзія пагадзіліся адаптаваць сваё працоўнае заканадаўства пад патрабаванні Міжнароднай працоўнай арганізацыі. В’етнамскі пралетарыят нават атрымае нябачанае раней права — ствараць прафсаюзы. Юрысты таксама адзначаюць, што ў дакументах ТРР моцна прапісаны механізм пакарання за парушэнне правіл аб’яднання.

З улікам усяго сказанага, адміністрацыя Абамы разглядае падпісанне дамовы як адно з самых вялікіх сваіх дасягненняў, хаця праца над праектам пачалася яшчэ да прыходу дэмакратаў у Белы дом. Аднак асноўны блок давялося выконваць менавіта дэмакратам. У 2010–2012 гадах яны правялі папярэднія кансультацыі. Што дазволіла з 2012-га пачаць працу над асноўнымі дакументамі.

Зусім па-іншаму ацэньва­юць падпісанне гэтай дамовы ў КНР. Мясцовыя каментатары называюць ТРР спробай перахапіць у Кітая эканамічную ініцыятыву ў Ціхаакіянскім рэгіёне і ледзь не адкрытым геапалітычным выклікам на адрас Кітаю. У сваёй перадавіцы, прысвечанай ТРР, орган кітайскай кампартыі «Жэньмінь жыбаа» піша, што сапраўднымі матывамі стварэння ТРР для Белага дому ёсць «надзея анімаваць амерыканскую эканоміку і праз гандлёвыя сувязі навязаць удзельнікам арганізацыі свой палітычны курс». «Канчатковая мэта палітыкі амерыканцаў — утрымаць глабальнае лідарства праз кантроль над сусветнай эканомікай», — заключае выданне. А выданне кітайскага камсамолу наўпрост піша, што ТРР — «эканамічная атака Штатаў на Кітай». Іншы кітайскі афіцыйны каментатар адзначае: «Амерыка жадае разбурыць Кітай як сусветную фабрыку, яго магчымасці і, самае галоўнае, ідэю кітайскай мадэлі развіцця».

Па той бок акіяна вялікі рэзананс сярод экспертаў выклікаў артыкул у часопісе «The Atlantic» гарвардскага прафесара Грэхама Элісана, у якім ён заключыў, што вайна паміж КНР і ЗША непазбежная. Маўляў, калі Вашынгтон не пачне варушыцца, праз 10 гадоў Кітай стане больш эканамічна развітай краінай з усімі наступствамі для сусветнай гегемоніі Вашынгтона. «Кастрычніцкія тэзісы» Элісана выклікалі шмат дэбатаў. У Элісана хапае апанентаў. Яны разлічылі, што Кітай можа дабіцца перавагі толькі ў выпадку, калі яго ВУП штогод на працягу дзесяцігоддзя будзе расці на 7 працэнтаў. Аднак нядаўні фондавы крызіс у КНР падкасіў тэмпы росту ВУП да 4 працэнтаў.

У прынцыпе, хапае недаверу і наконт перспектыў ТРР. Некаторыя эксперты звяртаюць увагу на наяўнасць у краінах — удзельніцах ініцыятывы моцнага лагеру праціўнікаў эканамічнай інтэграцыі як мінімум у такім фармаце. Напрыклад, у Японіі супраць вольнай зоны выступае аграрнае лобі і аўтамабільныя канцэрны, якія баяцца за свой рынак у Азіі і Амерыцы. У Аўстраліі асцярожнасць да ТРР выклікае канфлікт паміж табачнай кампаніяй «Philip Morris» і аўстралійскім урадам, які намагаецца абмежаваць рэкламу табаку. «Philip Morris», рэгіянальнае бюро якога знаходзіцца ў Ганконгу, спасылаецца менавіта на розныя міжнародныя пагадненні, згодна з якімі Канбера павінна праводзіць палітку дэрэгуляцыі рынку на карысць карпарацый. Яшчэ ў 2013 годзе нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы Ёзэф Штыгліц (Joseph Stiglitz) папярэдзіў, што ТРР выклікае новую хвалю беспрацоўя ў ЗША з-за пераносу цэнтраў вытворчасці на перыферыю.

Нарэшце, левыя канадскія партыі абяцаюць у выпадку сваёй перамогі на федэральных выбарах 19 кастрычніка вывесці Канаду са складу ТРР з-за непразрыстасці працэсу перамоваў наконт яго стварэння. Менавіта кулуарнасць перамоваў наконт стварэння арганізацыі найбольш часта ўзгадваюць праціўнікі ТРР.

Пакуль праект не стаў працаваць напоўніцу, напэўна, рана казаць пра яго перспектывы, а таксама пра пагрозы, якія ён нясе для кітайска-амерыканскіх адносін. У любым выпадку, відавочна, што старт ТРР абвострыць дэбаты наконт стварэння ТТIP — аналагічнай вольнай гандлёвай зоны паміж ЗША і Еўропай. Планавалася, што ўсе агульныя прававыя аспекты будуць узгодненыя яшчэ ўлетку, каб пасля перайсці да наступнага кроку — перадаць праект на разгляд нацыянальным урадам і парламентам. Аднак сабатаж аматараў суверэнітэту, украінскі і блізкаўсходні крызісы ўнеслі свае папраўкі ў гэты план.

Каментаваць