Замахі, грамадства, дзяржава

Мінулае стагоддзе і першыя гады ХХІ бачылі шмат забойстваў лідараў палітычнай апазіцыі. Як грамадства і дзяржава звычайна рэагуюць на такія злачынствы? Першым рэфлексам на трагедыю ёсць вострае пачуццё несправядлівасці. 



Да таго, як забілі Барыса Нямцова, два гады таму гучна прагрымеў у сусветных СМІ замах на Чокры Белаіда — лідара туніскай левай апазіцыі. Палітык быў паранены 13 лютага 2013 года двума кулямі, у шыю і ў галаву, калі выходзіў з дому. Яго тэрмінова даставілі ў лякарню, але было позна. Забойства лідара апазіцыі ўскалыхнула Туніс: у самой краіне і за яе межамі паднялася хваля пратэстаў супраць кабінету ісламістаў. Аднак урад і МУС здолелі ўтрымаць сітуацыю пад кантролем. Пазней падазраваныя ў забойстве (імі аказаліся ісламісты) былі арыштаваныя.

Нават невялікай інфармацыі пра замах у экзатычным Тунісе дастаткова, каб зразумець алгарытм рэакцыі грамадства на смерць палітыка рангу Чокры Белаіда. Першым рэфлексам на паведамленне пра трагедыю ёсць вострае пачуццё несправядлівасці. Магчыма, гэта звязана з асаблівасцямі цяперашняй палітыкі, калі нейкае імя сімвалічна ўвасабляе ўвесь пратэстны рух, з ім звязваюць надзеі на перамены, у ім бачаць гарантыі існавання дэмакратычных інстытутаў (у тым ліку і права на асабістую бяспеку). Так ці інакш, афект ад забойстваў лідараў апазіцыі настолькі моцны, што часам нават можа прывесці да самых непрадказальных наступстваў.

9 красавіка 1948 года ў калумбійскай сталіцы быў забіты прадстаўнік апазіцыйнай Ліберальнай партыі Калумбіі Хорхе Эльесер Гайтан, папулярны сярод самага беднага насельніцтва сваімі ідэямі аграрнай рэформы. Забойца — нейкі гарадскі вар’ят — быў разарваны натоўпам на месцы замаху. Аднак гэта быў толькі пачатак. Забойства Гайтана выклікала ўзброенае паўстанне ў Багаце, падчас якога было забіта больш за 2000 чалавек. Услед за гэтым успышкі гвалту пачаліся ў іншых рэгіёнах Калумбіі.

Так у гісторыі Калумбіі пачалася эпоха «La Violencia», якая цягнулася амаль 10 гадоў. У краіне гэта быў час абсалютнага «прававога бязмежжа», калі асобныя сутычкі перараслі ва ўсеагульную бойню. У выніку мільёны жыхароў вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Улада спрабавала рабіць стаўку на жорсткія меры, аднак гэта толькі раскручвала спіраль гвалту. Нарэшце, баючыся страты кантролю над палітычнай сітуацыяй у краіне, лідары Кансерватыўнай і Ліберальнай партый стварылі Нацыянальны фронт, які прапанаваў пагадненне аб парытэце тэрмінам на 12 гадоў. Парытэт быў ухвалены на плебісцыце 21 снежня 1957 года. Грамадзянская вайна забрала больш за 200 тысяч жыццяў. Вось такім дарагім аказаўся кошт забойства аднаго лідара.

У лютым 2006 года ў Алма-Аце на вуліцы стыхійна выйшла каля тысячы чалавек, пратэстуючы супраць забойства Алтынбека Сарсенбаева, аднаго з лідараў апазіцыйнага руху «За справядлівы Казахстан», цела якога знайшлі ў лесе пад горадам. Практычна ўсе адзначалі, што выхад такой колькасці людзей на пратэстныя акцыі — нешта фенаменальнае для Казахстану, дзе Назарбаеў даўно зачысціў палітычнае поле і загнаў праціўнікаў у падполле. 

Дасюль не зразумелая роля ва ўсёй гэтай справе самога прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, які, дарэчы, быў вымушаны звярнуцца са спецыяльным зваротам з нагоды справы Сарсенбаева. Пытанне асабістай ангажаванасці вышэйшага кіраўніка ў падрыхтоўцы забойства свайго апанента абавязкова задаецца ў грамадстве пасля такіх трагедый.

Сапраўды, былі выпадкі, калі лідары краіны тайна рыхтавалі гэтыя замахі, і пасля былі вымушаны адказваць за гэта. Напрыклад, дасюль у Пакістане падазраюць, што прэзідэнт Первез Мушараф ведаў, што тэрарыст-смяротнік «Аль-Каіды» рыхтуе выбуховае прыстасаванне напярэдадні шматтысячнага апазіцыйнага мітынгу ў горадзе Равалпіндзі 27 снежня 2007 года. У выніку выбуху каля 20 чалавек, у тым ліку некалькі супрацоўнікаў паліцыі, загінулі і не менш за 15 атрымалі раненні. Была цяжка параненая экс-прэм’ер Пакістана, лідар апазіцыі Беназір Бхута. Дактары змагаліся за яе жыццё, але не змаглі выратаваць. Бхута памерла на аперацыйным стале.

Прэзідэнт Пакістану Первез Мушараф адразу пасля выбуху рашуча асудзіў забойства Беназір Бхута. Аднак пазней сталі ўсплываць цікавыя факты. Так, брытанскія журналісты знайшлі электронны ліст, які Бхута за пару месяцаў да падзеяў накіравала міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвіду Мілібэнду. Бхута сцвярджала, што забіць яе хочуць трое высокапастаўленых чыноўнікаў з атачэння прэзідэнта Пакістана Первеза Мушарафа. Брытанцы, па сцвярджэнні газеты, павінны былі па дыпламатычных каналах аказаць ціск на пакістанскія ўлады і сарваць змову.

У 2013 годзе экс-прэзідэнта арыштавалі. Абвінавачванне настойвае, што былы прэзідэнт Пакістана не забяспечыў лідару апазіцыі належнай аховы, у выніку чаго яна была забітая экстрэмістамі.

Аднак часам смяротную зброю ў рукі забойцы ўкладае не сам лідар дзяржавы ці яго спецслужбы, а хутчэй атмасфера нянавісці, якую стварыў рэжым. Хуан Сіера, які забіў Хорхе Гайтана (як прызнаюць гісторыкі) не працаваў на дзяржаўны калумбійскі апарат, і нават не быў сябрам урадавай кансерватыўнай партыі. Ён быў проста ахвярай прапагандысцкай кампаніі, якую вяла супраць лідара лібералаў рэакцыйная прэса.

Як бачым, спантанныя пратэсты супраць палітычных забойстваў не заўсёды заканчваюцца палітычнымі крызісамі рэжымаў. Аднак без наступстваў для іх саміх гэта таксама не абыходзіцца. 10 чэрвеня 1924 года быў выкрадзены і забіты дэпутат-сацыяліст Джакома Матэоці, які праславіўся вострымі выступамі ў парламенце супраць фашыстаў. Забойства выклікала мабілізацыю апазіцыі, чые прадстаўнікі пакінулі парламент. Аднак на гэтым усё закончылася. Фашысты атрымалі магчымасць паступова сканцэнтраваць сілы і ўжо зімой 1925 года прыступілі да канчатковай ліквідацыі дэмакратычных свабодаў у Італіі. Пачалася новая «чорная» старонка ў гісторыі краіны.

Расійская дэмакратычная прэса разглядае забойства Нямцова таксама як паваротны момант пуцінскай Расіі. На думку прэсы, кулі, выпушчаныя ў Нямцова, значаць разрыў са спадчынай нулявых гадоў, калі ў расійскім грамадстве дапускалася наяўнасць афіцыйнай празаходняй апазіцыі.

Каментаваць