Замежная прэса пра Беларусь: 17–24 чэрвеня

Адштурхоўваючыся ад заяваў (Лукашэнкі), аналітыкі мяркуюць, што танальнасць сходу будзе пазітыўнай і задаволенай. Пры гэтым ніякай «сур’ёзнай размовы» пра праблемы не будзе, а значыць, і змены ўрада. Задача сходу, на думку экспертаў, якраз наадварот супакоіць насельніцтва, адцягнуць яго ад думак пра прадпрыемствы на стадыі банкруцтва і заробак, што падае, ды пераканаць у тым, што ўлада кантралюе сітуацыю.
«Независимая газета» (Расія)
Фота inosmi.ru

Фота inosmi.ru



Лукашэнку ўдалося дамагчыся зняцця з сябе і паплечнікаў санкцый ЕС, у той час як санкцыі супраць агрэсіўнай Расіі не знятыя. Гэта вялікая беларуская дыпламатычная перамога. Па ўсім відаць, што Беларусь набірае сур’ёзныя тэмпы міжнароднага супрацоўніцтва. У Крамлі, відавочна, раўнуюць, але выгляду не падаюць. Не першы год ходзяць размовы пра тое, што Крэмль хацеў бы бачыць на чале Беларусі менш самастойнага і не такога харызматычнага палітыка, як Лукашэнка. Гэта значыць, «сяброўства» Крамля і Мінска — сітуацыйнае, казаць пра асаблівыя «братэрскія» адносіны не даводзіцца.

24 (Украіна)


За кулісамі беларуска-расійскіх перамоваў па эканамічнай тэматыцы ідзе жорсткі гандаль. Турбуе Маскву не вырошчванне на радасць расіянам беларускіх яблыкаў з бананамі. У Расіі не адзін год прагаворваецца ідэя пра перадыслакацыю ў Беларусь аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і авіябазы ў якасці «адказу на разгортванне ваеннай інфраструктуры NATO ў Еўропе». Беларускае кіраўніцтва адчайна супраціўляецца ціску Расіі, якая горача імкнецца ўцягнуць свайго саюзніка ў супрацьстаянне з NATO. Але гэта не «сыход на Захад», якога дарма асцерагаюцца ў Расіі, а хутчэй, цвярозая ацэнка сітуацыі: Мінск не хоча быць цацкай у руках Масквы.

Deutsche Welle (Германія)


Лукашэнка неаднаразова даваў зразумець, што краіна гатовая даць адпор агрэсіі, з якога б боку яна ні надышла. Аднак адкуль ёсць сапраўды пагроза для Беларусі, і з якога боку яна можа надысці? У першую чаргу, спецыялісты выключаюць Украіну і краіны NATO як патэнцыйную пагрозу для краіны. Да таго ж, як вядома, на працягу апошніх гадоў менавіта Расія дэманстравала агрэсіўнае стаўленне да суседзяў, адзначаюць эксперты. І таму нельга не пабачыць, у дачыненні да каго распрацаваная новая ваенная дактрына Беларусі.

«Биржевой лидер» (Украіна — Расія)


У яго (Лукашэнкі) з эканомікай усё ў парадку, яму нічога вырашаць не трэба. У Аляксандра Рыгоравіча, у сілу таго, што ў яго магутнасці несувымерна меншыя, ва ўсёй краіне жыве 10 мільёнаў чалавек, як у адной Маскве, тэрыторыя меншая, вельмі дакладна сектаральна арганізаваная эканоміка. У яго не будзе прарыўных высокіх тэхналогій, ён сядзіць на тым, на чым ён сядзіць. Што яму піярыць? Ён паволі рухаецца ў Еўропу, удыхае еўрапейскае паветра, адчувае набліжэнне Польшчы як партнёра. Тым больш, калі ў Беларусі пэўныя пазіцыі і па Украіне, і па Крыме, і па ўсім іншым.

Русская служба «Радио Свобода» (ЗША)


На тэрыторыі Украіны зафіксаваныя шасі ад беларускага Мінскага заводу колавых цягачоў для ЗРК (зенітна-ракетных комплексаў). Новенькія. Што гэта значыць? Як мінімум, што ў нас добрыя адносіны з Мінскам. Калі ЗРК будуць для нас, то гэта дае нам магчымасць стварыць зброю, якая будзе збіваць самалёты (...) У Мінску не задарма рызыкуюць адносінамі з Расіяй дзеля Украіны. Магчыма, гэта тая цана, якую плаціць суседняя краіна за тое, што Украіна купляе ў яе вайсковыя грузавікі вытворчасці МАЗ.

«Прэса Украіны» (Украіна)

Каментаваць