Замежныя СМІ пра Беларусь: 14-20 красавіка

Рэальным крытэрам дабрабыту народа з’яўляюцца суадносіны прыбыткаў і ўзроўню спажывання. І Беларусь па гэтым паказчыку заўсёды прайгравала нават найбліжэйшым суседзям. У структуры спажывання беларусаў выдаткі на прадукты нават з улікам «сацыяльных коштаў» дасягалі 60 працэнтаў ад усіх іх прыбыткаў. Гэта паказчык беднай краіны. Сістэма гаспадаркі, якая прынята ў Беларусі, на мяжы краху. Спачатку з катэгорыі сацыяльна значных прадуктаў выпалі садавіна і гародніна, цяпер па рынкавых коштах прадаецца малако. На чарзе — падаражанне хлеба.



Рэальным крытэрам дабрабыту народа з’яўляюцца суадносіны прыбыткаў і ўзроўню спажывання. І Беларусь па гэтым паказчыку заўсёды прайгравала нават найбліжэйшым суседзям. У структуры спажывання беларусаў выдаткі на прадукты нават з улікам «сацыяльных коштаў» дасягалі 60 працэнтаў ад усіх іх прыбыткаў. Гэта паказчык беднай краіны. Сістэма гаспадаркі, якая прынята ў Беларусі, на мяжы краху. Спачатку з катэгорыі сацыяльна значных прадуктаў выпалі садавіна і гародніна, цяпер па рынкавых коштах прадаецца малако. На чарзе — падаражанне хлеба. Без структурных рэформаў у эканоміцы рост коштаў на харчаванне непазбежны.

«Deutsche Welle» (Германія)


Прашэнне пра памілаванне ва ўмовах, калі Саннікаву рэальна пагражала смерць у турме, не ганьба. Нават калі Андрэй адмовіцца ад барацьбы, сыдзе ў прыватнае жыццё ці адправіцца ў эміграцыю, ніхто не мае права яго асуджаць. Але, думаю, намеснік міністра замежных спраў і кандыдат у прэзідэнты здавацца не мае намеру. Пасля ўсяго, што здарылася, ён мае ўсе шанцы ў будучыні стаць лідарам аб’яднанай апазіцыі. Выхад на волю Саннікава і Бандарэнкі — сапраўдная параза Лукашэнкі.

«Коммерсант» (Расія)


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хоць і працягвае моцна залежаць ад Расіі, аднак гэта не памяншае яго запалу па прасоўванні ў рамках Еўразійскага саюзу такіх структур, якія б цвёрда абаранялі нацыянальны суверэнітэт. Еўразійскі скептыцызм Лукашэнкі сакрэтна падзяляюць і іншыя лідары ў рэгіёне. Яны гатовыя пайсці на пэўныя саступкі Расіі, але не гатовыя аддаваць незалежнасць, якая так цяжка ім дасталася. Са свайго боку, Расія не хоча станавіцца еўразійскім эквівалентам Германіі — рэгіянальнай чэкавай кніжкай, якая з’яўляецца гарантам працэсу інтэграцыі і аплачвае рахункі менш буйных дзяржаў.

«The National Interest» (ЗША)

 
Летась краіна перажыла крызіс, калі рубель абваліўся прыкладна ў тры разы і шматлікія аглядальнікі лічаць, што гэта, нароўні з ціскам Захаду, паставіла Лукашэнку ў небяспечнае становішча. Для Лукашэнкі палітычныя зняволеныя — гэта тавар. Цяпер склалася такая сітуацыя, калі ён занадта доўга ўздымаў кошт, і ў выніку Захад адмаўляецца гандлявацца.

«Fox News» (ЗША)


Калі ў Брусэлі і Вашынгтоне не паслабяць ціскі на беларускія ўлады, даб’юцца вызвалення ўсіх палітвязняў і захаваюць зачыненымі дзверы для чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, датычных да злачынстваў апошніх дзесяцігоддзяў, — значыць, ужо неўзабаве мы будзем сведкамі з’яўлення новай Беларусі. Калі ж на Захадзе палічаць, што Лукашэнка павінен быць узнагароджаны, і лепш падтрымліваць яго гульню ў суверэнітэт, тады Лукашэнка будзе яшчэ доўга здзекавацца з Брусэлю, Вашынгтону, Масквы і з уласнага народа.

«Политком» (Расія)


Аляксандр Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў Камітэце дзяржбяспекі краіны. У галоўным сілавым ведамстве яшчэ больш умацаваліся пазіцыі старэйшага сына прэзідэнта Віктара Лукашэнкі. Віктар, пад чыім кантролем цяпер знаходзяцца спецслужбы, змяняе старыя кадры, якія мелі цесныя асабістыя сувязі з расійскімі калегамі. Замест іх з’яўляюцца маладыя людзі са слабым вопытам. Асноўным аргументам у павышэнні па службе з’яўляецца надзейнасць і асабістая адданасць «сям’і».

a_ukraina (Украіна)

Каментаваць