Замежныя СМІ пра Беларусь: 14-20 траўня

Празаходні палітык Андрэй Саннікаў стане «разменнай картай», якую Лукашэнка выкарыстоўвае для таго, каб Еўропа адмовілася ад планаў новых санкцый супраць Беларусі. Мінск знаходзіцца ў настолькі цяжкім эканамічным становішчы, што дадатковыя санкцыі наўрад ці яму спадабаюцца. Усяго ў «калодзе» Лукашэнкі да чэрвеня апынецца каля 40 «карт» рознай якасці. Каму і калі атрымаецца выйсці з турмы, залежыць толькі ад Лукашэнкі.

Празаходні палітык Андрэй Саннікаў стане «разменнай картай», якую Лукашэнка выкарыстоўвае для таго, каб Еўропа адмовілася ад планаў новых санкцый супраць Беларусі. Мінск знаходзіцца ў настолькі цяжкім эканамічным становішчы, што дадатковыя санкцыі наўрад ці яму спадабаюцца. Усяго ў «калодзе» Лукашэнкі да чэрвеня апынецца каля 40 «карт» рознай якасці. Каму і калі атрымаецца выйсці з турмы, залежыць толькі ад Лукашэнкі. У свой час ён памілаваў асуджанага на 5,5 гадоў за хуліганства апазіцыянера Аляксандра Казуліна дзеля паляпшэння іміджу краіны і аднаўлення адносін з Еўропай. Незразумела пакуль (прынамсі да завяршэння ўсіх судовых працэсаў), якія будуць умовы новага размену і колькі карт Лукашэнка пакіне сабе.

Лента.ру (Расія)


Эканамісты не думаюць, што праблемы беларускай эканомікі могуць перакінуцца на іншыя краіны Усходняй Еўропы, у сувязі з тым, што краіна маленькая і знаходзіцца ў ізаляцыі. Аднак растучыя эканамічныя праблемы ставяць пад сумнеў здольнасць краіны выплачваць свае абавязкі і прыцягваць новае фінансаванне. Сваё вартае жалю становішча беларускія ўлады яшчэ больш пагоршылі, засудзіўшы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

«Wall Street Journal» (ЗША)



Хаця Крэмль не так катэгарычна рэагуе на парушэнні правоў чалавека ў краіне, як Захад, расійскія лідары даўно страцілі цярпенне ў адносінах да непрадказальнага беларускага кіраўніка ў сувязі з яго адмовай падтрымліваць некаторыя палітычныя ініцыятывы Масквы і адмовай адкрыць беларускую эканоміку для расійскіх інвестыцый. Аднак Расія працягвае працаваць з Беларуссю і не зацікаўлена ў яе банкруцтве.

«Christian Science Monitor» (ЗША)


Прысуд Саннікаву сімвалізуе бяссілле Еўропы. Захад, наогул, распачаў спробу, хай і недастатковую, паслабіць жалезную хватку Лукашэнкі ўнутры краіны. Гэта спроба не ўдалася. Зрэшты, той факт, што Мінск тупа рэагуе толькі на эканамічныя стымулы, тлумачыцца пазіцыяй не столькі Захаду, колькі Масквы. На нейкі час Беларусь і Расія пасварыліся. Але затым, за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Мядзведзяў стаў на бок афіцыйнага Мінску. Зразумела, не без карыслівых меркаванняў, тым не менш гэты факт надаў Лукашэнку ўпэўненасць у тым, што Масква для беларусаў усё яшчэ бліжэй за Брусэль. Еўрасаюзу даводзіцца прызнаць: Захад не можа паўплываць на рэжым у Беларусі, а Расія не жадае. Для Лукашэнкі гэта — суцяшальная перспектыва.

«Suddeutsche Zeitung» (Германія)


Катастрафічная дэвальвацыя нацыянальнай валюты, адсутнасць золатавалютных рэзерваў, сотні тысяч беспрацоўных — былая савецкая рэспубліка Беларусь на краю прорвы. Чыннікі крызісу: папулісцкія перадвыбарныя абяцанні прэзідэнта-аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі і эканоміка, якую не рэфармавалі яшчэ з часоў СССР. Здаецца, адзіны шанец рэжыму Лукашэнкі выратаваць сваю эканоміку — гэта атрымаць крэдыт за мяжой.

«Сyberpresse» (Канада)

Каментаваць