Замежныя СМІ пра Беларусь: 17-23 сакавіка

Палітычныя выдаткі саюза Крамля з Лукашэнкам могуць апынуцца занадта вялікімі. Хуткае пакаранне смерцю двух асуджаных за выбух у мінскім метро ў красавіку 2011 года паставіла Расію перад цяжкім палітычным выбарам: працяг хаўрусніцкіх адносін з цяперашняй Беларуссю стане прамой падтрымкай рэжыму, які кінуў адкрыты выклік Захаду. Таксама Расія ўбачыла, наколькі палітычна дзікім з’яўляецца рэжым яе найбліжэйшага саюзніка і суседа: для краіны, размешчанай у Еўропе, такія паводзіны, з пункту гледжання базавых каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі, здаюцца папросту неймавернымі.

«Gazeta.ru» (Расія)

Прысудам і папярэднім судовым працэсам над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым Лукашэнка дэманструе краіне, якую ўладу ён мае ў пытанні жыцця і смерці. Такім чынам ён імкнецца ўмацаваць свае ўнутрыпалітычныя пазіцыі. Што да еўрапейскіх суседзяў, то яны могуць за гэтым толькі назіраць. Нягледзячы на свае шматлікія санкцыі. Да таго часу, пакуль Расія за Лукашэнку, Захад — бяссільны. Фінансавая дапамога ў адказ на рэформы? Такая прапанова рабілася ЕС часта. І — адхілялася. Лукашэнка мог абысціся без яе, бо меў падтрымку Масквы. За гэта ён служыць ёй з усёй адданасцю васала. Скажыце, які яшчэ дзяржаўны дзеяч можа дазволіць сабе зрабіць закід у бок міністра замежных спраў Германіі, што лепш быць дыктатарам, чым гомасэксуалістам?

«FinanzNachrichten» (Германія)

Самая вялікая памылка — тое, што Лукашэнку не ўспрымалі сур’ёзна. А дыктатар, нават калі ён смешны, бульбяны, — гэта сур’ёзна. Людзі ў Беларусі жывуць з адчуваннем пагрозы. Цэнзура — гэта самае малое, там проста знікаюць людзі. У дачыненні да Лукашэнкі неабходна сур’ёзная рэакцыя: стабільная палітыка без лішніх слоў і эмоцый. Дзеянні ЕС у апошнія гады былі поўнай супрацьлегласцю гэтай тэзы, таму нядзіўна, што яны былі расцэнены як слабасць.

«Krytyka Polityczna» (Польшча)

Жарты скончыліся. Людзі, якія (асабліва ў некаторых краінах ЕС) кажуць пра тое, што да Лукашэнкі трэба ўжываць мяккія меры, ці пра тое, што існуюць шанцы на кампраміс з рэжымам, павінны раз і назаўжды замоўкнуць. У рэжыму на руках кроў, зрэшты, не ў першы раз за яго кар’еру. І рэжым трэба ўспрымаць менавіта так. Не будзем баяцца называць рэчы сваімі імёнамі. І не пабаімся прывесці еўрапейскую палітыку ў адпаведнасць з імі.

«Gazeta Wyborcza» (Польшча)

Афіцыйны Мінск пойдзе да канца з мэтай уцягнуць у гэты канфлікт з Захадам і Маскву. Па-сутнасці, Беларусь правакуе Еўропу на ўвядзенне эканамічных санкцый, каб уцягнуць у канфлікт Крэмль, каб сысці пад яго поўнае палітычнае заступніцтва, а затым абавязаць узяць эканоміку рэспублікі на поўнае ўтрыманне, але пры гэтым так, каб не рабіць ніякіх крокаў па яе рэальным рэфармаванні.

«REGNUM» (Расія)

Каментаваць