Замежныя СМІ пра Беларусь: 20 - 26 жніўня

Падобна на тое, што перспектыва набыцця расійскага газу па меншым кошце стала для беларускіх улад дадатковым аргументам на карысць таго, што нічога ў эканоміцы змяняць не трэба. Прэзідэнт Лукашэнка паляцеў на адпачынак у Сочы. А важныя рашэнні адносна далейшай эканамічнай стратэгіі, якія ўрад абяцаў прыняць да 15 жніўня, дагэтуль не апублікаваныя. Пры гэтым толькі запланаванае памяншэнне газавых тарыфаў для Беларусі абыдзецца «Газпраму», па розных ацэнках, у суму ад 1,5 да 3 мільярдаў долараў штогод. Дык што гэта, калі не чарговыя датацыі?

Падобна на тое, што перспектыва набыцця расійскага газу па меншым кошце стала для беларускіх улад дадатковым аргументам на карысць таго, што нічога ў эканоміцы змяняць не трэба. Прэзідэнт Лукашэнка паляцеў на адпачынак у Сочы. А важныя рашэнні адносна далейшай эканамічнай стратэгіі, якія ўрад абяцаў прыняць да 15 жніўня, дагэтуль не апублікаваныя. Пры гэтым толькі запланаванае памяншэнне газавых тарыфаў для Беларусі абыдзецца «Газпраму», па розных ацэнках, у суму ад 1,5 да 3 мільярдаў долараў штогод. Дык што гэта, калі не чарговыя датацыі? Але за такую шчодрасць давядзецца плаціць. Верагодна, так званы «інтэграцыйны каэфіцыент» апроч іншага прымусіць Мінск быць больш падатлівым у пытаннях удзелу расійскага капіталу ў прыватызацыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.

«Deutche Welle» (Германія)


Сёння Расія аб’яднаная ў Мытны саюз з Беларуссю і Казахстанам, і вельмі недалёка час, калі ў гэтых краін будзе аднолькавая валютная адзінка. Характэрна, што на сёння ў Масквы пад ціскам таксама і Кіеў. Яна хоча, каб да гэтага аб’яднання далучылася і Украіна. Нягледзячы на гэта, апошняе прызнанне Уладзіміра Пуціна пра намер уключыць Беларусь у склад Расіі не вельмі спадабаецца Лукашэнку і беларускай адміністрацыі. Пасля таго, як Ельцын нечакана для ўсіх перадаў кіраванне Уладзіміру Пуціну, Лукашэнка ўсё часцей стаў казаць пра нацыянальны суверэнітэт, і нават назваў незалежнасць «святой справай».

«Presa» (Грузія)
 

Сярод усходнеславянскіх дзяржаў Беларусь першай стала на шлях аўтарытарызму і дыктатуры, утрымліваючы і сёння гэта сумнае лідарства. Нават пуцінская Расія, не кажучы ўжо пра Украіну, у параўнанні з Беларуссю здаецца аазісам дэмакратыі. Склаўшы сакрэтны кантракт з уласным народам і забяспечыўшы прымальны ўзровень сацыяльных гарантый у краіне, Лукашэнка, гэты саўгасны дырэктар-дыктатар, які стане калісьці карыкатурным героем аперэт, стварыў магутны рэпрэсіўны рэжым, які можа яшчэ на некаторы час забяспечыць «бацьку» знаходжанне ва ўладзе. Але рэсурс гэтага рэжыму і гэтай мадэлі развіцця цяпер амаль вычарпаны.

«Укррудпром» (Украіна)


З’яўляецца вельмі рызыкоўнай і неапраўданай ідэя ўвядзення ў Беларусі расійскага рубля, пра што ўсё часцей на неафіцыйным узроўні кажуць у Мінску. Такі сцэнар мае шанцы на жыццяздольнасць толькі пры поўнай адмове Беларусі ад эмісійных паўнамоцтваў і перабудове сваёй квазісацыялістычнай эканомікі. Прадпрыемствы стануць працаваць толькі на рынак, а не на склад. Банкі пачнуць крэдытаваць толькі плацежаздольных пазычальнікаў, якія абапіраюцца на рынкавыя рэсурсы. Пенсіянеры, бюджэтнікі і льготнікі пяройдуць на расійскія, у цэлым ніжэйшыя сацыяльныя стандарты. Не пацягне расійскі бюджэт і цяперашні беларускі ўзровень бюджэтных субсідый мяса-малочнай галіны, неймаверны нават па еўрапейскіх мерках. Гэта будзе азначаць рынкавы шок для гаспадаркі краіны — з немінучым беспрацоўем і падзеннем узроўню жыцця. А да такога сцэнару не гатовыя ні Лукашэнка, ні грамадзяне яго краіны.

«Итоги» (Расія)

Каментаваць