Замежныя СМІ пра Беларусь: 20-26 лістапада

З Беларуссю трэба мець адносіны, улічваючы досвед Іспаніі ў апошнія гады жыцця Франка. Палітычныя змены малаверагодныя, але эканамічная мадэль асуджана на смерць. Як у Іспаніі пры Франка, беларуская эканоміка зменіцца раней, чым Лукашэнка, стварыўшы базу для хуткага развіцця пасля яго сыходу.

«The Guardian» (Вялікабрытанія)

З Беларуссю трэба мець адносіны, улічваючы досвед Іспаніі ў апошнія гады жыцця Франка. Палітычныя змены малаверагодныя, але эканамічная мадэль асуджана на смерць. Як у Іспаніі пры Франка, беларуская эканоміка зменіцца раней, чым Лукашэнка, стварыўшы базу для хуткага развіцця пасля яго сыходу.

«The Guardian» (Вялікабрытанія)


Нягледзячы на справаздачы ўрадаў пра поспехі ў падрыхтоўцы дакументаў па фармаванні АЭП (Адзінай эканамічнай прасторы), мясцовыя назіральнікі лічаць, што з новага года ніякіх змен не будзе. Мяркуючы па дзеяннях афіцыйнага Мінска, там таксама не вельмі вераць у хуткае стварэнне АЭП. У пятніцу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымаў у сябе прэзідэнта Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджану. Пры гэтым беларускі лідэр заявіў пра гатоўнасць разглядаць «любыя варыянты супрацоўніцтва па вуглевадароднай сыравіне». Працягваючы думку Лукашэнкі, можна выказаць здагадку, што ад АЭП ён у любы момант можа адмовіцца.

«Независимая газета» (Расія)


Тое, як расце роля іншых дзяржаў у рэгіёне (Ірана і Турцыі, але, у першую чаргу, Кітаю), надае мясцовым лідэрам шмат прасторы для манеўру. Асабліва таму, што, як сказаў падчас свайго візіту ў Пекін у традыцыйна бестурботнай манеры Лукашэнка, «інвестыцыі Кітаю не звязаны ніякімі палітычнымі ўмовамі».

«Project Syndicate» (ЗША)


Цяперашняе пагаршэнне адносін паміж Крамлём і афіцыйным Мінскам ужо не здольна неяк істотна паўплываць на лёс беларускай мовы — час фармавання нацыі і стварэння новай, беларускай постсавецкай ідэнтычнасці прапушчаны. Акрамя таго, сам Лукашэнка дрэнна размаўляе на мове Купалы, Коласа і Багдановіча. Хаця аптымісты ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі думаюць інакш: маўляў, перажылі паланізацыю, перажылі русіфікацыю, перажывём і дэбілізацыю апошніх дзесяцігоддзяў.

УНІАН (Украіна)


Шматгадовая ізаляцыя Мінску не прынесла ніякіх вынікаў, і Захад вырашыў звярнуцца да іншай палітыкі, выкарыстоўваючы «Усходняе партнёрства» як сродак «уцягвання» ўсходняга суседа Польшчы ў еўрапейскія працэсы інтэграцыі. Стымулам для больш адкрытай падтрымкі «апошняга дыктатара Еўропы» стала таксама адсутнасць аб’яднанай апазіцыі. Збліжэння Лукашэнкі з Бруселем асцерагаецца Расія. За гэты час Лукашэнка з «цацкі» Крамля ператварыўся ў галоўнага абаронцу незалежнасці Беларусі. Лукашэнка папросту спрабуе ўтрымаць уладу любым коштам.

«Wirtualna Polska» (Польшча)


Рашэнне беларускага лідэра праігнараваць візіт кіраўніка МЗС РФ — відавочна дэманстратыўны жэст, паколькі дагэтуль прэзідэнт Беларусі заўсёды сустракаўся нават з расійскімі губернатарамі. Не дапамагло і тое, што Сяргей Лаўроў яшчэ да прыезду ў Мінск абвясціў, што, у адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, з лідэрамі беларускай апазіцыі сустракацца не будзе. Эксперты мяркуюць, што падобная лінія паводзін Мінску ў дачыненні да Масквы звязана з нядаўнімі візітамі ў Беларусь кіраўнікоў МЗС Германіі і Польшчы, а таксама прэзідэнта Літвы. Еўрапейскія міністры паабяцалі Мінску фінансавую дапамогу ў памеры 3 мільярдаў долараў у выпадку правядзення сумленных прэзідэнцкіх выбараў, а прэзідэнт Літвы заявіла, што працяг кіравання спадара Лукашэнкі з’яўляецца гарантыяй стабільнасці Беларусі, а таксама таго, што гэта краіна «не ператворыцца ў Расію». Натхнёны такімі жэстамі прэзідэнт Беларусі палічыў, здаецца, што момант для ўзмацнення жорсткасці падыходу да Расіі як ніколі спрыяльны.

«Коммерсантъ» (Расія)

Каментаваць