Замежныя СМІ пра Беларусь: 2 - 8 красавіка

Версія пра тое, што кандыдатаў і актывістаў іх штабоў 19 снежня беларускія ўлады захапілі ў якасці закладнікаў, знаходзіць усё больш доказаў. Закладнікаў можна памяняць на прызнанне выбараў, адмену санкцый і, натуральна, грошы. Апошняе Лукашэнку неабходна больш за ўсё. Грошай у Беларусі няма, і атрымаць іх намагаюцца, як заўсёды, з Расіі. А паколькі пытанне з расійскай дапамогай завісла, Бацька, здаецца, згадаў любімы метад — гульню з Еўропай. А Еўропа свае патрабаванні агучыла яшчэ напрыканцы снежня — свабода для апазіцыянераў.

Версія пра тое, што кандыдатаў і актывістаў іх штабоў 19 снежня беларускія ўлады захапілі ў якасці закладнікаў, знаходзіць усё больш доказаў. Закладнікаў можна памяняць на прызнанне выбараў, адмену санкцый і, натуральна, грошы. Апошняе Лукашэнку неабходна больш за ўсё. Грошай у Беларусі няма, і атрымаць іх намагаюцца, як заўсёды, з Расіі. А паколькі пытанне з расійскай дапамогай завісла, Бацька, здаецца, згадаў любімы метад — гульню з Еўропай. А Еўропа свае патрабаванні агучыла яшчэ напрыканцы снежня — свабода для апазіцыянераў. На свабоду сваіх апанентаў Бацька, зразумела, не адпусціць, яны патрэбныя на крайні выпадак. Тэрміны для апазіцыянераў змякчаюць больш малымі порцыямі. 30 сакавіка перагледзелі справы для шасці чалавек. Цяпер знялі з кручка яшчэ чацвярых. Чакаюць, хто першы сігнал падасць: Расія ці Еўропа.

«Московский Комсомолец» (Расія)


У мяне былі меркаванні наконт камуністычнай Чэхаславакіі, але зараз я думаю, наколькі яны адпавядалі рэчаіснасці. Мне здавалася, што ў Чэхаславакіі за людзьмі сачылі, іх пераследавалі, яны маглі страціць працу ці застацца без падвышэння па службе — звычайнае меню таталітарнай сістэмы, — але мне здавалася, што турмы не былі перапоўненыя палітычнымі дысідэнтамі так, як у Беларусі. Нешматлікіх дысідэнтаў сурова каралі, але масавай абуранасці не было. Пры савецкай сістэме не было пазасудовых распраў. Гэта было пытанне ідэалогіі і падпарадкавання ёй. А ў Лукашэнкі няма ідэалогіі, а ёсць бізнэс-план.

«The Observer» (Вялікабрытанія)


У канцы мінулага тыдня сходы акцыянераў двух гродзенскіх прадпрыемстваў — «Гродна-Азот» і «Гродна-Хімвалакно» — прынялі рашэнне пра аб’яднанне. Гэта спарадзіла ў асяроддзі экспертаў чуткі пра будучы продаж гэтага комплексу. Размовы пра продаж «Гродна-Азоту» паўсталі пасля таго, як дырэктарам канцэрну прызначылі расіяніна Ігара Жыліна. Цяпер, калі Нацбанк па сутнасці прызнаецца, што фінансава-эканамічная стабільнасць залежыць ад вонкавых паступленняў, пытанне продажу «фамільнага срэбра» набывае адмысловую актуальнасць. Урад і Нацбанк сцвярджаюць, што неўзабаве атрымаюць крэдыт у 3 мільярда долараў. (1 мільярд — дзяржкрэдыт Расіі і 2 мільярда — з антыкрызіснага фонду ЕЎРАЗЭС). Але эксперты мяркуюць, што крэдытаў без прыватызацыі не будзе.

«Независимая газета» (Расія)



У Беларусі заканчваюцца грошы, і людзі цэлымі днямі стаяць у чэргах, каб абмяняць рублі ў чаканні чарговай дэвальвацыі. Але паколькі Захад адмовіўся мець справы з апошняй дыктатурай Еўропы, Расія можа зараз дыктаваць ёй свае ўмовы ў абмен на фінансавы выратавальны круг. Лукашэнка пачынае разумець, што пляснуўшы дзвярамі ў твар Захаду, ён вырак сябе на ўмовы, якія яму будзе дыктаваць Крэмль. У значнай меры праблема складаецца ў тым, што беларуская эканоміка пры Лукашэнку мала развіваецца, паколькі ўсё 17 гадоў знаходжання ва ўладзе ён кіруе па сутнасці савецкай дзяржавай. Лукашэнка душыць прыватнае прадпрымальніцтва, і каля 80 працэнтаў прамысловасці знаходзіцца ў руках дзяржавы. Ёсць і альтэрнатыва, якая палягае ў дэвальвацыі рубля. Большасць эканамістаў рэкамендуе правесці дэвальвацыю ў межах 40%. Урад на мінулым тыдні зрабіў крок у гэтым кірунку, дазволіўшы банкам гандляваць рублямі на 10% вышэй афіцыйнага курсу. Але любая больш рэзкая змена будзе вельмі непапулярнай, хаця давер да беларускай валюты і без таго валіцца.

«The Washington Times» (ЗША)

Каментаваць