Замежныя СМІ пра Беларусь: 18–25 лістапада

Быццам падсмейваючыся з украінцаў, Лукашэнка прапаноўваў арганізаваць выбары на акупаваных тэрыторыях Данбаса, а таксама перакрыць некантраляваную Кіевам частку ўкраінска-расійскай мяжы. (…) 

Фота russian.rt.com

Не будзем падрабязна спыняцца на механізмах правядзення выбараў у самой Беларусі, дзе за 20 гадоў міжнародная супольнасць не прызнала вынікі ніводнай з гэтых кампаній. Ясна, што гэты дзівосны план быў бы выгадны выключна РФ.

«Деловая столица» (Украіна)


Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцый па трох краінах — КНДР, Ірану, Сірыі, а таксама па Крыме, патлумачыўшы гэта «паслядоўным непрыманнем крывадушных падыходаў да тэмы правоў чалавека», а на адрас Мінска пачалі сыпацца абвінавачванні ад украінскіх суседзяў. Новая ўкраінская дыпламатыя не дапускае існавання самастойнай знешняй палітыкі ў краінах, суседніх з Украінай? Так, не дапускае: суседзі проста абавязаны скакаць гапак пад украінскую дудку. А калі гэтага няма, украінскія дзеячы паводзяць сябе так, быццам Беларусь — не суверэнная дзяржава, а вёсачка дзе-небудзь у Палтаўскай вобласці, сельскі галава якой раптам адмовіўся падпарадкавацца цэнтру.

«Фонд стратегической культуры» (Расія)


Меркаванае яшчэ ў 2015 годзе далучэнне Беларусі да расійска-ўкраінскага канфлікту ў якасці своеасаблівага «арбітра» нарэшце адбылося — беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра магчымасць арганізацыі мінскім урадам выбараў на некантралюемай афіцыйным Кіевам тэрыторыі 40-мільённай дзяржавы. Анансаванае «ўступленне ў гульню» афіцыйнага Мінска азначае фактычнае закрыццё яшчэ аднаго спрэчнага пытання — забеспячэння кантролю за ўкраіна-расійскай мяжой у Данецкай і Луганскай абласцях.

«Новый взгляд» (Расія)


Гэта (галасаванне Беларусі па Крыме) не нож у спіну. Проста ў нас могуць быць пэўныя ілюзіі. Здаецца, што за фасадам падзей у Беларусі ўсё проста. Ніхто не думае пра тое, якая колькасць апазіцыянераў там сядзяць у турмах. Рэжым Лукашэнкі нічым не лепш за рэжым Пуціна. Акрамя таго, Беларусь — гэта саюзная з Расійскай Федэрацыяй дзяржава. У іх ёсць сумесныя вайсковыя падраздзяленні і сумесная сістэма СПА. Мы вельмі радаваліся таму, што Лукашэнка адмовіўся размяшаць у Беларусі расійскую авіябрыгаду, але мы забываем пра тое, што замест гэтага ён прапанаваў размясціць там ракеты. Ён успрымае NАТO як варожы блок. У лютым 2014 года Беларусь галасавала супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, хоць нас падтрымалі 110 дзяржаў. Агрэсія з таго боку можа з’явіцца ў любы момант — не толькі таму, што сам Лукашэнка гэтага захоча, але і таму, што ён часткова не кантралюе сітуацыю.

«Громадське» (Украіна)


У кантэксце таго, што палітычны дыялог Беларусі і Украіны на вышэйшым узроўні не развіваецца мінімум з канца 2014 года (пасля апошняга візіту Лукашэнкі ў Кіеў), і ўлічваючы нядаўні непрыемны інцыдэнт з беларускім самалётам, у многіх аспектах блізкія краіны знаходзяцца на недазваляльна нізкім узроўні адносін. Хто ў гэтым вінаваты? Безумоўна, львіная адказнасць у гэтым ляжыць на Кіеве, які не праводзіць актыўную і, што асабліва важна, рознабаковую знешнюю палітыку, а толькі глядзіць на Захад у чаканні то траншу, то «бязвіза», то яшчэ нейкіх плюшак. Але і Беларусь адыграла пэўную ролю ў пагаршэнні міждзяржаўных адносін Кіева і Мінска. Зыходзячы з гэтага, трэба рабіць несуцяшальныя высновы: адносіны Украіны і Беларусі стаяць на мяжы халоднай вайны.

УНІАН (Украіна)



Каментаваць