Замежная прэса: У выніку бамбаванняў Расіі ў Сірыі настае гуманітарная катастрофа

У выніку бамбаванняў Расіі ў Сірыі гіне грамадзянскае насельніцтва, абмяжоўваюцца пастаўкі гуманітарнай дапамогі, мэтамі расійскай авіяцыі становяцца бальніцы, пякарні і склады са збожжам. Замежныя выданні крытыкуюць аперацыю Расіі ў Сірыі, спасылаючыся на супрацоўнікаў гуманітарных міcій.



Нямецкі таблоід Bild наўпрост абвінавачвае расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў ваенных злачынствах, называючы яго адным з найбуйнейшых ваенных злачынцаў у Сірыі.

«Цяжка было паверыць, што і без таго жудасныя ўмовы ў Сірыі могуць яшчэ пагоршыцца. Але яны пагоршыліся», — цытуе выданне Рэя Макграта, рэгіянальнага мэнеджэра гуманітарнай арганізацыі Mercy Corps.

Сярод вайсковых злачынстваў Расіі ў Сірыі, якія пералічвае выданне, — бамбардаванне расійскай авіяцыяй гуманітарных канвояў, якія пачасціліся пасля інцыдэнту са збітым туркамі Су-24. Мэтамі бомбаў становяцца сірыйска-турэцкія памежныя пераходы, галоўныя дарогі, якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі ежы, вады і лекаў.

«Нарастае новы гуманітарны крызіс. Людзі вымушаныя трываць сур’ёзныя пакуты і адчуваць сябе безабароннымі», — кажа Рэй Макграта, чыя арганізацыя з-за авіяўдараў РФ можа ажыццяўляць зараз толькі адну пятую з сваіх звыклых паставак прадуктаў харчавання.

Мэтамі расійскіх авіяналётаў таксама становяцца склады з зернем, млыны, пякарні. Выданне, спасылаючыся на дадзеныя ААН, піша, што ў правінцыі Ідліб пачынаючы з 27 лістапада з-за расійскіх удараў па пякарнях без хлеба засталіся 200 тыс. чалавек. Пры гэтым афіцыйна РФ заяўляе аб нападах на «нафтавыя запасы» «Ісламскай дзяржавы».

Амерыканская The Washington Post піша пра тое, што гуманітарныя арганізацыі прадракаюць пагаршэнне гуманітарнай абстаноўкі ў Сірыі. Прычынай пагаршэння, па інфармацыі амерыканскай газеты, з’яўляецца ўзрослая пасля інцыдэнту са збітым турэцкімі ВПС расійскім бамбавіком інтэнсіўнасць авіяўдараў, якія Расія наносіць пераважна па грамадзянскіх аб’ектах. Расія абвяргае гэтую інфармацыю.

Мэтамі расійскай авіяцыі, як сцвярджаецца ў матэрыяле, становяцца кантрольна-прапускныя пункты паблізу сірыйска-турэцкай мяжы і аўтадарогі, па якіх ажыццяўляецца перавозка прадуктаў харчавання. Шмат каму гуманітарным арганізацыям, згодна з дакладам ААН, ужо давялося спыніць сваю працу.

Таксама ў дакладзе паведамлялася, што з моманту ўзмацнення інтэнсіўнасці расійскіх авіяналётаў ракеты трапілі мінімум у 20 бальніц, 12 з якіх супрацоўнічалі з арганізацыяй «Дактары без межаў». Апошняя, дарэчы, сумняваецца, ці могуць медустановы трапляць у прыцэлы баявых самалётаў выпадкова. «Вядома, мы не можам гаварыць з поўнай упэўненасцю, але бомбы так часта падаюць на бальніцы або зусім побач з імі, што нам сапраўды здаецца, што так, яны цэляць па бальніцах», — заявіў The Washington Post супрацоўнік «Дактароў без межаў» Пабла Марка.

Афіцыйна Расія падкрэслівае, што наносіць авіяўдары па аб'ектах забароненай у РФ тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», аднак амерыканскія ваенныя, супрацоўнікі гуманітарных арганізацый і нават пратаколы расійскіх аперацый сведчаць пра тое, што большая частка бамбаванняў прыпадае на падкантрольныя паўстанцам правінцыі Латакія, Алепа і Ідліб.

Паводле inopressa.ru

Каментаваць