Замежныя СМІ пра Беларусь: 17–23 жніўня

Што ж даў Мытны Саюз беларусам? Плюсы ад удзелу ў ім з’яўляюцца хутчэй хрэстаматыйнымі, і больш чуюцца з вуснаў чыноўнікаў. А вось мінусы можа назваць кожны жыхар краіны. З уступленнем у МС кошты ў крамах Беларусі ўвесь час растуць, самыя каштоўныя беларускія актывы скупляюць расійскія канцэрны, бензін увесь час даражэе, а беларускім прадуктам на расійскім рынку канкураваць усё цяжэй.

«Dni» (Украіна)



Няма адзінства адносна будучай АЭС і ў беларускім грамадстве. Грамадскія актывісты і апазіцыя звязваюць небяспеку аб’екта, які будуецца, з асаблівасцямі цяперашняй улады. Ва ўладзе — непрафесіяналы, якім абыякава ўсё, акрамя ўласнага дабрабыту. Ад улады, якая культывуе фармалізм і дылетантызм, складана чакаць выканання гарантый бяспекі, нават калі яны сапраўды закладзены ў самім праекце. У апошні час у якасці прыкладу прыводзяць сітуацыю з «афрыканскай чумой» свіней. Калі б улада сапраўды клапацілася пра народ, яго здароўе і пра дабрабыт, а не пра выкананне планаў па вытворчасці і экспарту свініны, то ўсе неабходныя меры засцярогі былі б прыняты пры першым жа факце з’яўлення чумы. Тады далейшы распаўсюд яшчэ можна было б спыніць і пазбегнуць пагалоўнай ліквідацыі жывёл у асабістых гаспадарках. Але ўлада доўгі час рабіла выгляд, што АЧС няма. Такой уладзе нельга даваць у рукі мірны атам, сцвярджаюць апаненты прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

«Независимая газета» (Расія)

У доўгатэрміновай перспектыве кошты на ўгнаенні, вядома, будуць змяншацца. Але ў беларускага кіраўніцтва пры такім росце аб’ёмаў паставак будзе магчымасць у найбліжэйшыя год-два атрымаць рэкордны прыбытак. А там, глядзіш, і арабы зразумеюць, што бізнэс ім блізкі, і купяць у Лукашэнкі буйны пакет акцый «Беларуськалія». Беларусь жа выкарыстоўвае выгандлеваныя грошы для таго, каб яшчэ некалькі гадоў падтрымліваць павольны, але ўстойлівы рост заробкаў у дзяржсектары і пенсій. Лукашэнка дзякуючы гэтаму выйграе чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца ў 2015 годзе. А што потым, калі грошы будуць праедзеныя, а планавыя папаўненні бюджэту праваляцца? А пра гэта пакуль не думаюць. У Беларусі прызвычаіліся жыць пяцігодкамі і будаваць планы толькі на гэты тэрмін. Потым вынаходлівы Лукашэнка зноў што-небудзь прыдумае.

«SLON» (Расія)

На жаль, даводзіцца адзначаць, што мінскі афіцыёз вельмі паслядоўны ў сваім непрыманні ўласнага абавязку саюзніка. У дзень 5-й гадавіны паўднёваасецінскай трагедыі ў беларускіх дзяржаўных СМІ і з вуснаў афіцыйных асобаў не было сказана ні слова пра вайну «08.08.08» (…) Больш за тое, складаецца ўражанне, што беларускія ўлады ўсяляк агароджваюць грамадзян Беларусі ад любой інфармацыі пра тую вайну. Нават фільмы пра тыя падзеі (дакументальны і мастацкі) былі паказаны па беларускім тэлебачанні глыбокай ноччу, затое напярэдадні па тэлеканалах цынічна і мэтанакіравана транслявалі надакучлівую рэкламу грузінскай мінеральнай вады «Баржомі» і чарнаморскіх курортаў у Батумі. Да каўказскай вайны 2008 года афіцыйны Мінск займае не проста двухсэнсоўную пазіцыю. Беларускае кіраўніцтва, па сутнасці, прыняло варожы Расіі бок, і пакуль гэта будзе працягвацца, яго нельга адносіць да ліку надзейных саюзнікаў. Гэта непрыемна ўсведамляць, але такая сумная рэчаіснасць.

«Мaterik» (Расія)

У Беларусі плануецца перавесці непрыватызаванае жыллё ў разрад камерцыйнага. Эксперты адзначаюць, што навіна можа стварыць праблемы для малазабяспечаных пластоў насельніцтва. Падганяць людзей указамі прыватызаваць жыллё і тым самым дадаткова папаўняць бюджэт — занятак бесперспектыўнае. Тыя людзі, якія дагэтуль не прыватызавалі жыллё, як правіла, самі маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, і ціснуць на іх няма сэнсу. Выганяць кватэраздымшчыкаў з непрыватызаваных кватэр таксама ніхто не будзе. У выніку новы ўказ прынясе больш хаосу і неразумення, чым карысці.

«Deutsche welle» (Германія)

Каментаваць