Замежныя СМІ пра Беларусь: 26 верасня — 1 кастрычніка

Аўтарытарны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка за 20 гадоў знаходжання ва ўладзе зрабіў сабе рэпутацыю гульца на супярэчнасцях паміж Масквой і Брусэлем, які ўвесь час атрымлівае фінансавую дапамогу і палітычнае прыкрыццё. Аднак пасля рашэння Расіі пабудаваць авіябазу ў Беларусі дні яго лавіравання паміж Расіяй і Захадам і атрымання выгады ад абодвух бакоў могуць скончыцца. 
«Foreign Policy» (ЗША)



 
Аўтарытарны тон Лукашэнкі — «апошняга дыктатара ў Еўропе», па словах былога дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, — не бянтэжыць грамадзян Беларусі. Па дадзеных «World Happiness Report 2015» — даследавання, якое бярэ пад увагу працягласць жыцця, ВУП на душу насельніцтва, узровень карупцыі, успрыманне свабоды і доступу да сацыяльных паслугаў — Беларусь займае 59-е месца з 158 у рэйтынгу краін, жыхары якіх задаволеныя сваім жыццём. Аднак спакой Лукашэнкі ўсё ж аказаўся парушаны ў апошнія час. Віной таму — Расія. Лёс беларускай эканомікі шмат у чым залежыць ад Расіі. Усё гэта не дазволіла беларускай эканоміцы выпрацаваць імунітэт да наступстваў пагаршэнняў адносін паміж Расіяй і заходнімі краінамі. Экспарт паваліўся, і валютны крызіс расійскага рубля таксама аказаў уплыў на суседа. 
 
«Il Caffegeopolitico» (Італія)
 
 
У Беларусі на фоне перадвыбарнай гонкі, вынік якой сёння вядомы ўсім, працягвае павялічвацца плынь прапаганды, галоўнай мэтай якой з’яўляецца спроба супакоіць насельніцтва краіны. Пры гэтым мясцовыя ўлады, не ў прыклад усім мінулым выбарам, сёння абсалютна не хаваюць, што народу трэба забыцца аб усіх ранейшых абяцаннях і жыць днём сённяшнім. Вядома, цяперашняму электарату, якому вось ужо больш за год тлумачаць, што трэба здавольвацца тым, што ёсць, і маліць Бога, што на яго зямлі не ідуць ваенныя дзеянні, сапраўды можа здацца, што сітуацыя ў краіне яшчэ больш-менш, у параўнанні з суседняй Украінай. Аднак нельга не адзначыць, што насельніцтва працягвае жыць у ілюзіях і не хоча бачыць таго, што ўсе словы беларускіх уладаў з’яўляюцца толькі простым падманам, якім прыкрываецца катастрафічная рэчаіснасць. 
 
«REGNUM» (Расія)
 
 
Пэўныя групы ў Еўрасаюзе разлічваюць праз нармалізацыю адносін з Мінскам апасродкавана паўплываць на яго знешнюю палітыку... Дадзеная канцэпцыя, хоць і глыбока прадуманая, але разам з тым не ўлічвае адну праблему — яна не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю, а толькі спрабуе выдаць жаданае за сапраўднае. Перадумовы для магчымага правалу «перазагрузкі» адносінаў з Мінскам утрымліваюцца ў тым, што Беларусь не з’яўляецца нейтральнай краінай, яна застаецца верным саюзнікам Расіі з высокай ступенню залежнасці ад Масквы. Фундаментальнай жа прычынай застаецца недавер элітаў у Маскве і Мінску да Захаду, якія падазраюць яго ў імкненні змяніць рэжым. Рашэнне ЕС нармалізаваць адносіны з Беларуссю на ўмовах Мінска толькі легалізуе рэжым Лукашэнкі і будзе азначаць адступленне ад прынцыпаў еўрапейскай дэмакратыі.
 
«Біржавы лідар» (Украіна—Расія)
 
 
 
Насельніцтва Беларусі ў дваістым становішчы. З аднаго боку, узмацнілася цяга да ідэі незалежнасці як такой. Сама ўлада сёе-тое зрабіла, каб умацаваць гэтыя ідэі ў рамках гульняў з Масквой. Лукашэнка актыўна выкарыстоўваў гістарычныя сюжэты з Вялікім княствам Літоўскім і інш. У наяўнасці імкненне беларусаў, асабліва маладых, да аховы сваёй дзяржаўнасці. З іншага боку, яны бачаць прыклад Украіны, і многія палохаюцца таго, што там адбываецца. Людзі не хочуць грамадзянскага канфлікту. Улада мае магчымасці падаць сітуацыю так: калі вы галасуеце за нас, вы галасуеце за стабільнасць. На гэтых выбарах Лукашэнка застаецца электаральным фаварытам, але паступова сітуацыя для яго і для краіны ўскладняецца, і прастора для манеўру скарачаецца. Можна выказаць здагадку, што, нягледзячы на перамогу з сур’ёзным вынікам, сітуацыя досыць складаная. Наступны яго тэрмін у гэтых умовах будзе найбольш складаным для яго і рэспублікі ў цэлым. 
 
«Политком» (Расія)
 

Каментаваць