Замежныя СМІ пра Беларусь: 7–13 лістапада

Цікавая статыстыка па інвестыцыях ва Украіну. Пачынаючы з 2013 года Беларусь штогод павялічвае прамыя інвестыцыі на 50%. Гэта — стварэнне сумесных прадпрыемстваў (СП). Мэта простая — скарыстацца адкрытай мяжой Украіны з ЕС і такім чынам абыйсці гандлёвыя санкцыі. Таму можна сцвярджаць, што пэўная частка «ўкраінскага» экспарту ў краіны Еўрасаюза мае беларускае паходжанне. На берагах Дняпра толькі біркі памянялі.
«Хвиля» (Украіна)



Фота nnm.me


Любыя інтэграцыйныя працэсы, у якіх хацела б удзельнічаць Беларусь, абавязкова запатрабуюць рэфармавання. Беларуская сістэма прадугледжвае існаванне паміж эканамічнымі цэнтрамі. На жаль, такі перыяд праходзіць. У асяроддзі Аляксандра Лукашэнкі гэта разумеюць. Трэба сказаць, што яго асяроддзе ў асноўным арыентаванае на інтэграцыю з Захадам. 
 
«Коммерсантъ» (Расія)
 
 
 
Цікава яшчэ раз зірнуць на папулярнасць беларускай мары ў Расіі. Сапраўды, 66% апытаных лічаць яе найбольш паспяховай краінай СНД (для параўнання: Казахстан — 45%). Асобныя палітычныя ноў-хаў Лукашэнкі перанятыя і Расіяй. Але Беларусь — усё роўна адлюстраванне Расіі, яе вынік, а не прычына. Беларуская стабільнасць немагчымая без расійскіх датацый і гульні Лукашэнкі на супярэчнасцях паміж Масквой і Захадам, актыўнага выкарыстання шэрых схем гандлю, у тым ліку санкцыйнымі таварамі. Расіянам, якім вельмі падабаецца беларуская мадэль, варта памятаць, што, па-першае, яны самі яе ў значнай ступені аплачваюць. А па-другое, стабільнасць Беларусі вызначаецца яшчэ і тым, што Лукашэнка не ідзе ваяваць у блізкія і далёкія краіны.
 
«Ведомости» (Расія)
 
 
 
Да сённяшняга дня Беларусь мела ярка выражаны інфляцыйны тып эканомікі. Гэта дазваляла неяк падтрымліваць рэальны сектар і сацыяльную сферу. Слабы беларускі рубель таксама адпавядаў інтарэсам вытворцаў, якія экспартуюць свой тавар на знешнія рынкі, у прыватнасці ў Расію. Нацбанкам ужо заяўлена аб планах па зніжэнні інфляцыі, якая па выніках 2015 года можа скласці ў Беларусі 15–18%, да 5% да 2020 года, што само па сабе нядрэнна. Але калі ў дачыненні да новага беларускага рубля будуць ужытыя жорсткія манетарысцкія правілы, і ў выніку ўразання выдаткаў на сацыяльную сферу і дзяржвыдаткаў, а таксама антыінфляцыйных мер Нацбанка будзе ўсталяваны адносна цвёрды курс, то ў несумненнай выгадзе апынуцца імпарцёры, якія пастаўляюць свой тавар на беларускі рынак.
 
«Русская планета» (Расія)
 
 
 
Асноўную стаўку Мінск зрабіў на рынак Расіі. Таму калі ў краіне-саюзніцы, куды паступае больш за 50 працэнтаў беларускага экспарту, грымнуў крызіс з-за падзення кошты нафты, абвалілася і беларуская эканоміка. Але як бы ўладзе ні хацелася зваліць усе праблемы на знешнія фактары, асноўнай з’яўляецца адсутнасць структурных рэформаў. Аб іх неабходнасці адразу пасля выбараў адкрыта заявілі чыноўнікі з эканамічнага блока беларускага ўрада. З рэформаў трэба было пачынаць яшчэ ўчора, але галоўным праціўнікам пераўтварэнняў, як і раней, выступае сам Лукашэнка. 
 
«Deutsche Welle» (Германія)
 
 
 
Беларусь, з аднаго боку, застаецца «еўрапейскай Папялушкай» без перспектыў развіцця дэмакратыі і з залежнасцю ад расійскай фінансавай дапамогі, з другога — для Украіны нармальныя адносіны з гэтай краінай мінімізуюць пагрозу быць узятай у аблогу Расіяй. Думаю, ні для каго не сакрэт, што экспансіянісцкія планы Крамля існуюць. Выбудоўванне эфектыўных адносін з Беларуссю — важны элемент цэнтральнаеўрапейскай ідэнтычнасці, якая становіцца ўсё больш важнай для нашай краіны.
 
УНІАН (Украіна)
 

Каментаваць