Замежныя СМІ пра Беларусь: 14–20 лістапада

Рэальная стаўка ў гульні Захаду — нейтралітэт Беларусі, а зусім не нейкая размытая дэмакратызацыя. Мінску выразна прапанавана вызначыцца — па сутнасці, нейтралітэт азначае выхад з АДКБ і Саюзнай дзяржавы. Вашынгтон даў ясна зразумець, чаго ён хоча ад Беларусі. Мабыць, такая цана крэдыту ў 3–4 мільярды долараў, які так неабходны беларускай эканоміцы. 
 
RuBaltic.Ru (Расія)
 



Фота nnm.me


Анексія Крыма гарантавала Расіі доступ да базы яе Чарнаморскага флоту, размешчанай у крымскім Севастопалі, і цяпер Пуцін можа захацець паўтарыць гэты поспех з калінінградскім анклавам. Што яшчэ важней, у Калінінградзе размяшчаецца штаб расійскага Балтыйскага флоту. Многія баяцца, што Пуцін паспрабуе забяспечыць сабе транзітны калідор да Калінінграда праз Польшчу ці Літву пры падтрымцы свайго беларускага саюзніка Аляксандра Лукашэнкі. 
 
«The Washington Post» (ЗША)
 
 
 
У Беларусі, як і ў Расіі, дарэчы, тая ж праблема. У пачатку 1990-х гадоў там спрабавалі ўкараніць варыянты «спадар» — «спадарыня», але яны не прыжыліся. Па-першае, па-беларуску ў большасці гарадоў і вёсак размаўляюць мала. Па-другое, шмат каму гэтая фармулёўка проста не спадабалася. А ветэраны, напрыклад, наогул успрынялі яе ў штыкі: такі варыянт ужываўся падчас акупацыі краіны. Словам, нейтральнага звароту не атрымалася. (...) У выніку па вуліцах ходзяць не містэры і міс, не мадам і месье, не гер і фраў, а асобы жаночага і мужчынскага полу. 
 
«Новое время» (Украіна)
 
 
Цяжка сабе нават уявіць, як абвешчаны камандуючым гэтай сістэмай беларускі генерал (камандуючы аб’яднанымі ВПС і войскамі СПА Беларусі) можа аддаваць загады расійскім генералам і афіцэрам. Так што, падобна, усе «ключы» абяцанага механізму ваеннай арганізацыі Саюзнай дзяржавы будуць у адных руках і ў адным кабінеце — крамлёўскім. Там жа і будзе вызначацца, упэўненыя многія маскоўскія і іншыя эксперты, у якім стане (вайна ці мір) і з кім знаходзіцца расійска-беларуская Саюзная дзяржава.
 
«Delfi» (Літва)
 
 
Гібрыдная вайна ў першую чаргу — барацьба за настрой і свядомасць грамадзян дзяржавы ці дзяржаў, якія сталі ахвярай агрэсіі. Гістарычная памяць дапамагае Крамлю раскручваць прапагандысцкі махавік і сутыкаць паміж сабой розныя дзяржавы. Таму ў рыторыцы расійскіх СМІ, якія асвятлялі падзеі на Еўрамайдане і наступную анексію Крыма і канфлікт на Данбасе, пастаянна гучалі словы «фашысты» і «карнікі». Ці можа быць спакойнай у гэтай сітуацыі Беларусь, прэзідэнт якой Аляксандр Лукашэнка паказальна лаяльны Крамлю? Сумняваюся, паколькі логіка вядзення гібрыднай вайны не мае на ўвазе залішняй самастойнасці геапалітычных васалаў, якія знаходзяцца на ўтрыманні ў магутнага сюзерэна. І непатапляльнаму на першы погляд Бацьку варта было б задумацца пра шляхі адыходу з абдымкаў расійскага імперскага мядзведзя.
 
«Экономические известия» (Украіна)
 
 
Імкненне лідараў «беларускай дыяспары» пераняць украінскіх вопыт у справе «захавання нацыянальна-культурных асаблівасцяў» не можа не насцярожваць. Як паказаў скандал з Бібліятэкай украінскай літаратуры ў Маскве, некаторыя прадстаўнікі «ўкраінскай дыяспары» прытрымліваюцца экстрэмісцкіх поглядаў і спрабуюць іх прапаведаваць сярод выхадцаў з Украіны, якія пражываюць у РФ. Як бачым, за шыльдай «беларускай дыяспары» хаваюцца актывісты, дзейнасць якіх зусім не адпавядае інтарэсам Расіі і рускага народа. Па гэтай прычыне актыўнасць «прафесійных беларусаў», з нашага пункту гледжання, павінна стаць аб’ектам пільнай увагі з боку Расійскай дзяржавы і рускай грамадзянскай супольнасці. 
 
«Baltnews» (Расія)

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2015-11-21 04:00:30
Выраз "за шыльдай «беларускай дыяспары» хаваюцца актывісты, дзейнасць якіх зусім не адпавядае інтарэсам Расіі ... актыўнасць «прафесійных беларусаў», з нашага пункту гледжання, павінна стаць
аб’ектам пільнай увагі з боку Расійскай дзяржавы ... «Baltnews» (Расія)" выглядае на наўпроставы заклік да ўціску супраць беларусаў замежжа. Лічы, што беларусафобія (
https://be-tarask.m.wikipedia.org/wiki/Беларусафобія ): "Беларусафобія (стар.-грэц. φόβος — страх) — адмаўленьне, варожасьць і нянавісьць да беларускай мовы, беларускага этнасу і Беларусі.
Адным з асноўных спосабаў ёсьць стварэньне паданьняў для падрыву веры беларусаў ва ўласную жыцьцяздольнасьць і будучыню".

Каментаваць