Замежныя СМІ пра Беларусь: 1–8 студзеня

У эканоміцы ў 2015 годзе працягнулася падзенне. Крэдыты МВФ і антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Мінск пакуль не атрымаў. Даходы насельніцтва працягваюць зніжацца: у канцы 2014 года сярэдняя зарплата складала 575 долараў, праз год — ужо каля 380 долараў. Але рэформы, пра якія кажуць, застаюцца для ўрада перспектывай на самы крайні выпадак.
RFI (Францыя)



Фота nnm_me.jpg


Падобна на тое, што прэзідэнт Беларусі мае намер захаваць за сабой міратворчы імідж, які адкрывае для яго перспектывы матэрыяльнай падтрымкі з Захаду і Усходу. Сапраўдная ж мэта метамарфозы Лукашэнкі — жаданне нічога не мяняць у палітыцы ўнутранай. Нягледзячы на крах эканамічнай палітыкі Мінска, якая паставіла ўсю краіну на мяжу выжывання, рэформы з’яўляюцца сур’ёзнай пагрозай для беларускага рэжыму. Зрэшты, у адказ на любыя выклікі, што пагражаюць асабістай уладзе, яму нічога не варта зрабіць усяго адзін крок у адваротны бок — ад міратворца да дыктатара. 
 
«Deutsche Welle» (Германія)
 
 
 
У расійскіх і некаторых іншых СМІ ўсё часцей сталі папракаць беларускага саюзніка ў палітыцы «сядзення на двух крэслах». Яе яшчэ прынята называць прагматычнай і шматвектарнай. Дык вось, у гэтых СМІ прадракаюць, што такая палітыка можа даць збой ва ўмовах сур’ёзнага крызісу, які перажываюць Турцыя і еўразійскія партнёры Расіі. Як бы хто ні марыў, але Пуцін будзе патрабаваць дакладна вызначыцца, хто на чыім баку. Назіральнікі лічаць, што Крэмль усё больш схіляецца да рэзкага павароту ў адносінах не толькі з Турцыяй.
 
DELVI (Літва)
 
 
 
Рэформы па ўзоры Польшчы, якія беларускія апазіцыянеры лічаць вартымі пераймання, прывядуць брацкую рэспубліку да катастрофы: так, у 2008 годзе збанкрутаваў польскі аналаг МАЗа — вытворца грузавікоў і аўтобусаў «Jelcz», следам «вылецела ў трубу» іншая аўтобусная фабрыка — «Autosan», а ў 2011-м прыйшла чарга і польскага завода FSO. Значна больш прывабным выглядае выпадак Чэхіі. Зразумела, і там не абышлося без стратаў — у 2003 годзе быў ліквідаваны добра вядомы ў СССР сваімі грузавікамі LIAZ, затое яго аналаг TATRA ацалеў. А «Skoda» наогул стала сімвалам поспеху чэшскіх рэформаў. Зараз гэта падраздзяленне «Volkswagen» не толькі павялічыла вытворчасць і пашырыла мадэльны шэраг, але і адчыніла свае філіялы ў многіх краінах свету. Таму вельмі перспектыўна было б увасобіць у Беларусі менавіта «чэшскую мадэль». 
 
«Взгляд» (Расія)
 
 
 
У Расіі за апошнія гады з’вілася шмат прэтэнзій да Беларусі. Эксперты лічаць, што ў апошнія гады Беларусь дэманструе «незалежнасць знешнепалітычнага курсу ад расійскага, які становіцца ўсё больш агрэсіўным», і Лукашэнку давялося за гэта адказаць. А ўлічваючы тое, што беларускія ўлады наладжваюць кантакты з Азербайджанам, які з’яўляецца бліжэйшым саюзнікам Турцыі, то чакаць у будучым годзе паляпшэнняў адносін не варта. 
 
«Times» (Арменія)
 
 
 
Працягнецца флірт Беларусі з Захадам. Лукашэнка хоча дамагчыся канчатковага зняцця санкцый, і таму будзе скакаць пад заходнюю дудку. У сувязі з гэтым магчымая некаторая лібералізацыя ўнутранай палітыкі, што мае на ўвазе больш лаяльнае стаўленне да празаходняй апазіцыі. Не выключана, што тая ж Таццяна Караткевіч, якая выконвала ролю апазіцыйнага кандыдата на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, стане сістэмнай празаходняй «апазіцыянеркай», якую будуць прад’яўляць Захаду як доказ таго, што ў Беларусі ёсць дэмакратыя. Тым больш, што ў 2016 годзе ў рэспубліцы пройдуць парламенцкія выбары, і, магчыма, Караткевіч зможа стаць дэпутатам беларускага парламента, які нічога не вырашае. 
 
«Eurasia Daily» (Расія)
 

Каментаваць