Замежныя СМІ пра Беларусь: 5—12 чэрвеня

"...Нам усім Лукашэнка ўяўляецца байцом і патрыётам рускага свету. Яго антыамерыканізм і сяброўства з памерлым Чавесам ствараюць у шмат каго ілюзію, што ён нібыта з намі. У рускім акопе."



Беларускія аналітыкі звязваюць фактычнае вяртанне краіны на міжнародны ўзровень з тым, што Еўропе сёння на фоне актыўнасці Расіі значна больш зразумелая «балотная» і ціхая Беларусь, прадказальная і затарможаная. І сёння, лічаць яны, на фоне ўкраінскіх падзей у Лукашэнкі ёсць рэальны шанец палепшыць адносіны і з ЗША, і з ЕС. Адным словам, «апошняму дыктатару» нават не трэба было праводзіць лібералізацыю, усё зрабіла геапалітычная кан’юнктура. І сваім шанцам Лукашэнка не прамінуў скарыстацца. Зараз і ён, як большасць лідараў постсавецкай прасторы, спрабуе сесці на два крэслы, падлашчваючыся да Масквы і да Захаду. Таму ён і дазволіў сабе некаторыя адважныя выказванні тыпу «Украіна павінна быць адзінай цэласнай дзяржавай», неабходнасці змагацца з тэрарыстамі на паўднёвым усходзе Украіны. І яшчэ новаму прэзідэнту Украіны даў параду — не губляць Крым. 
 
«Блокнот» (Расія)
 
 
Для Украіны вельмі важна ўмацаванне сувязяў з Польшчай, што дасць новыя магчымасці краінам ужо ў сярэднетэрміновай перспектыве, але яшчэ больш важны доўгатэрміновы альянс з Мінскам, які будзе даспяваць да такога фармату па меры таго, як будуць пагаршацца справы ў Расіі. Прыезд Аляксандра Лукашэнкі на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі з’яўляецца знакавым, паколькі дэманструе, што кіраўнік Беларусі гуляе шырока і імкнецца захаваць максімальную прастору для манеўру, нават разыгрываючы еўразійскую партыю. 
 
«Хвиля» (Украіна)
 
 
Што да Лукашэнкі, то зразумела, што сваёй прысутнасцю Бацька жадаў скарыстацца, каб прадэманстраваць Еўропе, што Беларусь — не Расія. Нам усім Лукашэнка ўяўляецца байцом і патрыётам рускага свету. Яго антыамерыканізм і сяброўства з памерлым Чавесам ствараюць у шмат каго ілюзію, што ён нібыта з намі. У рускім акопе. Таму ў шмат каго прысутнасць Лукашэнкі ў гэтыя дні ў Кіеве выклікала, мякка кажучы, здзіўленне. Нават пасыпаліся абвінавачванні ў здрадзе. Але асабіста я не здзіўлены. Проста аўтар гэтых радкоў, быўшы ў 2006 годзе ў складзе дэлегацыі ўкраінскіх журналістаў, сустракаўся з беларускім прэзідэнтам у будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Памятаю, як мяне ўразілі яго хвалебныя оды на адрас Юшчанкі. Яшчэ больш уразіла жаданне Аляксандра Рыгоравіча аб’яднацца з «памаранчавай» Украінай, каб разам у якасці краін, праз якія праходзяць энергетычныя магістралі ў Еўропу, ціснуць на Расію. Кажучы па-простаму, шантажаваць Расію. Калі Лукашэнка збіраўся аб’яднацца з Украінай часоў Юшчанкі, дык што яму замінае гэта зрабіць з Украінай Парашэнкі?
 
«Известия» (Расія)
 
 
«Крымска-данбаскія» поспехі Уладзіміра Пуціна, дасягнутыя ў тым ліку за кошт сілавога рэсурсу, па ўсёй відавочнасці, не толькі не дапамагаюць рэінтэграцыі постсавецкай прасторы, але і выклікаюць сур’ёзныя праблемы для Расіі. Кошт інтэграцыйных праектаў з-за «палітычных асцярог» партнёраў Крамля прыкметна павялічваецца. Разумеючы значнасць «моманту» і вастрыню сітуацыі, прадстаўнікі вызначаных да «аб’яднання» дзяржаў спрабуюць дамагчыся ад Расіі максімальных саступак і прэферэнцый. Найболей красамоўна гэта робіць кіраўніцтва Беларусі. 
 
«News Balt» (Латвія)
 
 
Значна больш верагодным уяўляецца тое, што лёс Лукашэнкі вырашаць звонку два вялікіх цяжкавагавіка, паміж якімі ён увесь час танчыць: Масква і Захад. Калі Захад здолее дапамагчы Украіне падняцца на ногі, гэта можа паказаць жыхарам Беларусі, што магчымае жыццё і пасля Лукашэнкі — іншае жыццё ў іншай арбіце. Калі Масква стоміцца ад балаганнага клоуна ва ўласных межах, які кусае руку, якая яго корміць, то яна можа хутка арганізаваць яму вясёлае жыццё. А пакуль Беларусь рыхтуецца ўрачыста адзначыць чарговы год пад кіраваннем Лукашэнкі.
«The Guardian» (Вялікабрытанія)

Каментаваць