Засакрэчванне ваенных страт у Расіі прызналі законным

Ваенныя страты ў мірны перыяд у Расіі будуць засакрэчаныя. Скаргу адхілілі, паколькі "агучванне падобнай інфармацыі можа пагражаць дзяржбяспецы краіны".



Фота: Reuters


У чацвер Вярхоўны суд Расіі пачаў разглядаць калектыўны іск да Уладзіміра Пуціна з боку адваката, старшыні фонду "Свабода інфармацыі" Івана Паўлава, расійскіх журналістаў і актывістаў. Яны патрабавалі прызнаць незаконным указ прэзідэнта ад 28 мая, якім ён засакрэціў страты асабовага складу расійскіх ваенных "ў мірны час у перыяд правядзення спецыяльных аперацый".

Вярхоўны суд Расіі адхіліў іск праваабаронцаў, юрыстаў і журналістаў, якія выступілі супраць указа прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб засакрэчванні страт у ходзе спецаперацый у мірны час, паведамляе РБК.

Суд прызнаў, што ўказ цалкам адпавядае расійскаму заканадаўству.

У ходзе пасяджэння ў ВС прадстаўнік прэзідэнта Расіі папрасіла Вярхоўны суд адхіліць скаргу на засакрэчванне страт Узброеных сіл, бо "агучванне падобнай інфармацыі можа пагражаць дзяржбяспецы краіны".

Толькі адзін чалавек і ўсяго адзін раз за прыкладна за сем гадзін судовага пасяджэння сказаў прама, пра што на самай справе ідзе спрэчка, паведамляе ВВС. У заключнай рэпліцы Святлана Давыдава, якую абвінавачвалі ў разгалошванні таямніцы — звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай часткі (мяркуецца, на тэрыторыю Украіны) сказала: "Я лічу, што гэты ўказ выдадзены з мэтай засакрэчвання незаконнага выкарыстання грамадзян Расіі ў незаконных так званых "спецыяльных аперацыях" у так званых адпачынках ва Украіну... Як бы мы іх ні называлі, які б статус ні прысвойвалі — вайсковец, салдат тэрміновай службы, кантрактнік, "зялёны чалавечак", "ветлівыя людзі", апалчэнцы — гэта грамадзяне Расіі. І грамадства павінна ведаць пра страты, якія нясе Расія, каб прадухіліць у будучыні гэтыя страты".

Усе астатнія — і заяўнікі, і юрысты, якія прадстаўлялі прэзідэнта, — старанна пазбягалі згадкі Украіны. Нават дэпутат Пскоўскага абласнога заканадаўчага сходу ад "Яблока" Леў Шлосберг, які першым у Расіі мінулым летам апублікаваў звесткі пра пахаванні расійскіх вайскоўцаў, што загінулі, мяркуючы па ўскосных дадзеных, на Украіне (афіцыйныя асобы гэта адмаўляюць), у сваіх выступах ні разу не вымавіў слова "Украіна".

Таксама падчас судовага пасяджэння высветлілася, што ініцыятыва засакрэціць страты вайскоўцаў у мірны час паступіла ад прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, паведамляе korrespondent.net

Іван Паўлаў, кіраўнік фонду свабоды інфармацыі «Каманда 29» адзначыў: "Больш за ўсё ў судовым пасяджэнні мяне ўразіла тое, з якой лёгкасцю нашы апаненты заявілі, што гібель вайскоўца ў мірны час не з'яўляецца надзвычайным здарэннем, а значыць, гэта можна засакрэціць. Ну, ведаеце, калі гібель салдата ў арміі не лічыць надзвычайным здарэннем, то нашы справы зусім дрэнныя. Вядома, мы будзем гэта рашэнне абскардзіць далей: спачатку ў прэзідыуме Вярхоўнага суда, потым, калі спатрэбіцца, ў Канстытуцыйным судзе. Не хацелася б з гэтай нагоды звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, таму што нам час ужо дома навучыцца такія спрэчкі вырашаць».

Рэпарцёр «Новай газеты» Павел Каныгін сказаў «Газеце.Ru», што яны не чакалі адмовы на першым жа пасяджэнні і рыхтаваліся да пераносу пасяджэння. «Мы асцерагаемся, што па новым заканадаўстве будуць саджаць і журналістаў, і сваякоў загінулых», — адзначыў Каныгін.

Каментаваць