Засланыя кандыдаты

3 красавіка Казахстан пераабірае Назарбаева. Галоўнай асаблівасцю кампаніі стала адсутнасць у выбарчых спісах дэмакратаў, якіх замянілі абсалютна лаяльнымі палітыкамі. Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.

— Як можна ахарактарызаваць сітуацыю, што склалася напярэдадні выбараў?



3 красавіка Казахстан пераабірае Назарбаева. Галоўнай асаблівасцю кампаніі стала адсутнасць у выбарчых спісах дэмакратаў, якіх замянілі абсалютна лаяльнымі палітыкамі. Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.

— Як можна ахарактарызаваць сітуацыю, што склалася напярэдадні выбараў?

— Сітуацыя гратэскная. Ёсць дзейны прэзідэнт, які ідзе на выбары, загадзя ведаючы пра перамогу з 95 працэнтамі галасоў выбаршчыкаў, і яшчэ тры кандыдаты, якія на самай першай фазе кампаніі заявілі пра сваю лаяльнасць да дзейнага прэзідэнта. Гэта кіраўнік Партыі патрыётаў Казахстана сенатар Гані Касымаў, камуніст Жамбыл Ахметбекаў і эколаг Мэлс Елеўсізаў. Шукаць інтрыгу вельмі цяжка. Нават самі афіцыйныя СМІ прэзентуюць выбары як рэферэндум па прэзідэнцкай праграме “Казахстан–2020. Гэта дакумент прадугледжвае стварэнне ў краіне ўласнай таварнай вытворчасці, канкурэнтаздольнай эканомікі. Можа, ідэя і нядрэнная, аднак нашто яе прыймаць у фармаце выбараў прэзідэнта?

— Ці былі раней выпадкі выкарыстання на выбарах ліпавых апазіцыянераў?

— Рэжым рэкрутаваў падобных палітыкаў у патрэбныя яму моманты. Каб бясконца абірацца прэзідэнтам у Казахстане, Назарбаеў заўсёды паказваў, што ў краіне няма мудрых людзей, палітыкаў, бізнэсмэнаў. Можна шмат каго прыгадаць. Думаю, з усіх гэтых прозвішчаў вам можа нешта сказаць выключна імя Гані Касымава. Ён балатаваўся ў 1999 годзе і нарабіў шуму сваім ролікам на тэлебачанні. Там ён далонню сціскае і ламае шклянку ў знак сур’ёзнасці сваіх намераў.

Аднак палітыкі такога калібру выкарыстоўваліся, каб імітаваць дэмакратычнасць і плюралізм выбараў. Таксама заўсёды на выбары пускалі 1–2 апазіцыянераў. Гэтыя выбары нонсенс.

— Чаму апазіцыя не ўдзельнічае ў выбарах?

— Улады, натуральна, кажуць, што яны папросту баяцца на роўных канкураваць з Назарбаевым. Аднак, думаю, галоўны фактар — фармат выбараў. Пасля крытыкі з боку Захаду ідэі правядзення рэферэндуму пра працягненне прэзідэнцкага тэрміну, яе вырашылі перагуляць у датэрміновыя выбары. А вось у плане палітычнай тэхналогіі адбыўся збой сістэмы. Улады, з аднаго боку, не прадумалі версію, што апазіцыя можа абвесціць байкот. Мяркую, калі б у адміністрацыі было больш часу, яны б выклікалі ў апазіцыі штучны раскол па гэтаму пытанню і дабіліся балатавання якога-небудзь дэмакрата. З другога боку, назіралася вялікая плынь жадаючых стаць прэзідэнтам. Фільтраваць яе пачалі вельмі позна.

— Нашто траім апазіцыйным кандыдатам удзельнічаць у гэтых выбарах?


— Вядома, што існуюць самыя розныя матывы запісацца ў кандыдаты. Напрыклад, каб пасля важна сябе называць экс-кандыдатам. Самі яны кажуць, што змагаюцца за другое месца, якое дасць ім права лічыцца лідарам апазіцыі. Аднак усе з тых, хто ўваходзіць у фінальную пульку, з’яўляюцца людзьмі сістэмы, якія гуляюць па інструкцыях. Не сакрэт, што ўсе высокія чыноўнікі і заўважныя палітыкі з’яўляюцца аб’ектам распрацовак КНБ (Камітэт нацыянальнай бяспекі). Тут варта працытаваць прэзідэнта, які казаў пра тое, што ён хоць зараз кожнага палітыка можа за руку ўзяць і адвесці ў суд.

— Ці маюць кандыдаты роўныя магчымасці?

— Мяркуючы па замерах, колькасць згадванняў трох альтэрнатыўных Назарбаеву кандыдатаў у прэсе практычна дасягнула паказчыкаў узгадвання Лідара Нацыі. Праўладная прэса гасцінна расчыніла свае абдымкі для Касымава, Елеўсізава і Ахметбекава. Аднак слабасць як палітыкаў трох падстаўных кандыдатаў і іх марыянетачнасць настолькі відавочная, што так званая “канкурэнцыя нагадвае імітацыю, прычым жудасна дрэннай якасці. Выхад кандыдатаў сітуацыю не выратаваў.

— Як ставіцца да ўсяго гэтага грамадства?

— Па-рознаму. Некаторыя намагаюцца атрымаць ад усяго гэтага задавальненне. Некаторыя, каб шакаваць людзей, абвяшчаюць сябе фанатамі Касымава або Ахметбекава. Узнік нават тэрмін “засланыя кандыдаты. Іншым сорамна. Яны бачаць ва ўсім гэтым здзек з нацыі, якой на поўным сур’ёзе спрабуюць падсунуць відавочную туфту пад выглядам выбараў. У гэтым плане выбары хутчэй дыскрэдытавалі рэжым. Ходзіць папулярны анекдот пра тое, што гэтыя выбары проста ганебны правал, свядомая падрыхтаваная правакацыя групы паліттэхнолагаў у адмііністрацыі. Яны вырашылі падставіць Назарбаева і падсунулі яму ідэю датэрміновых выбараў. Ніякага інтарэсу да прэзідэнцкай кампаніі электарат не праяўляе. Кампанія прайшла вельмі пасіўна. Думаю, што яўка 3 красавіка будзе вельмі нізкай.

— З аднаго боку, улада сябе дыскрэдытавала, а з іншага — аспрэчыць вынікі галасавання 3 красавіка народ не здольны. Ці ёсць пагроза, што цяпер усе выбары будуць праходзіць па падобнай мадэлі?

— Думаю, што гэта няправільны прагноз. Усё ж тут галоўную ролю згуляў цэйтнот, у якім апынулася Астана. У дадатак — адсутнасць крэатыву і немагчымасць зразумелых палітычных манеўраў. Акрамя таго, міжнародная супольнасць стоадсоткава падвергне гэтая выбары крытыцы. І ніякімі байкамі пра фармальна роўныя магчымасці з дэманстратыўным падкрэсленнем празрыстасці выбараў нікога ўжо не падмануць. Відавочна, што падобных праколаў улады будуць намагацца не дапускаць. Аднак, па якой мадэлі пройдуць наступныя выбары, казаць цяжка. Вельмі шмат будзе залежаць ад перастановак у кабінеце — па канстытуцыі, пасля выбараў стары ўрад адразу сыходзіць у адстаўку.

Каментаваць