Застаемся! Застаемся!

На фоне выкліканага Brexit крызісу традыцыйных партый Вялікабрытаніі, сярод праеўрапейскіх брытанцаў набірае папулярнасць ідэя стварэння сваёй «Еўрапейскай партыі».



Шмат каму ў свеце глянулася вокладка апошняга выпуску вядомага часопіса «Economist» — выява брытанскага ўрадавага квартала з подпісам «Anarchy in UK» (англ.: «Анархія ў Аб’яднаным каралеўстве»). «Anarchy in UK» — так у свой час называўся альбом гурта «Sex Pistols», піянераў стылю панк, які, як вядома, прапагандуе анархію, хаос і беспарадак. Менавіта хаос — галоўны маркер атмасферы Брытаніі пасля Brexit.

Справа не толькі ў тым, што пасля 23 чэрвеня рэзка праселі эканамічныя індыкатары і назіраецца прававы ступар праз незразумеласць будучай формулы адносін краіны і Еўрасаюзу. У стане раздраю знаходзіцца і мясцовая партыйная сцэна.

Хаця кіраўніцтва абедзвюх вядучых партый выступала за еўрапейскую прапіску Брытаніі, на выхадзе высветлілася, што партактыў думаў інакш. Прынамсі, кожны трэці лейбарыст і большасць сябраў кансерватараў абралі ў бюлетэні для галасавання пункт «Leave» (англ.: «сысці»).

Не дзіўна, што вынікі галасавання сталі сапраўднай аплявухай па прэстыжу партыйных правадыроў. Пра хуткую адстаўку адразу заявіў лідар торы і прэм’ер краіны Дэвід Кэмеран. Спачатку лічылася, што яго пераемнікам будзе экс-мэр Лондану, палымяны прыхільнік Brexit Борыс Джонсан. Аднак той адмовіўся ад партыйнага лідарства.

На сёння фаварытам лічацца кіраўніца МУС Брытаніі Тэрэза Мэй. У першым туры яна перамагла з відавочнай перавагай, атрымаўшы 165 з 330 галасоў дэпутатаў-кансэрватараў. Міністр энергетыкі Андрэа Лідсам пакуль на другім месцы: яе падтрымалі 66 заканадаўцаў. Трэцяе месца з 48 галасамі засталося за міністрам юстыцыі Майклам Гоўвам, але ён зняў сваю кандыдатуру. Стывен Крэб, міністр працы і пенсій, заняў чацвёртае месца, заручыўшыся падтрымкай усяго 34 дэпутатаў, і таксама вырашыў спыніць барацьбу. Імя пераможцы будзе вядомае 9 верасня.

Дамоклаў меч навіс і над правадыром лейбарыстаў Джэрэмі Корбінам. Апошні, праўда, не вельмі свяціўся ў кампаніі «За ЕС». Аднак унутрыпартыйная правая апазіцыя выкарыстала глабальны катаклізм, каб атакаваць Корбіна, які карыстаецца іміджам радыкальнага левага. Большасць фракцыі ў Палаце абшчынаў прагаласавала за змену лідара. Адначасова ўдзельнікамі партыйнага путчу была прапанаваная кандыдатура новага партыйнага правадыра — Анжэла Ігл.

Пры гэтым ні Корбін, ні Ігл, ні патэнцыйныя лідары партыі торы ў прынцыпе не збіраюцца аспрэчваць вынікі галасавання 23 чэрвеня. У лепшым выпадку гаворка ідзе пра тое, каб захаваць прэферэнцыі для брытанскіх вытворцаў на рынках ЕС і «ўлічыць настроі» еўрафілаў. Зараз дамінуе думка, што Brexit — гэта голас народу, і адваротнага шляху няма.

Аднак так не лічаць шматлікія прыхільнікі ЕС. Пачынаючы з 23 чэрвеня ў краіне працягваюцца пратэсты, якія маюць на мэце затармазіць выхад краіны з Еўрасаюза. Тут і петыцыя з заклікам да парламентарыяў абвясціць новы рэферэндум, якую падпісалі каля трох мільёнаў грамадзян. І масавая дэманстрацыя ў цэнтры сталіцы. І ціск выбаршчыкаў на сваіх дэпутатаў з патрабаваннем правесці галасаванне ў парламенце, каб заблакаваць працэс выхаду з ЕС. І калектыўныя заявы-пратэсты бізнесоўцаў і юрыстаў, якія знайшлі ў Brexit безліч парушэнняў заканадаўства.

Актыўнасць тых, хто выступае з пазіцыі «Remain» (англ.: «застацца»), мае КПД. Паводле апытанняў ВВС, зараз 16 працэнтаў брытанцаў вераць у тое, што Brexit вось-вось адменяць. Яшчэ 22 працэнты сумняваюцца ў тым, што Вялікабрытанія сапраўды апынецца па-за межамі ЕС.

Удзельнікамі і часам нават аўтарамі апісаных акцый ёсць сябры вядучых партый, аднак не іх кіраўнікі. Як следства, сярод еўрафілаў паўстае заканамернае пытанне: ці не стварыць сваю партыю, якая будзе патрабаваць вяртання Альбіёну ў Еўропу?

На цяперашні момант рух праціўнікаў Brexit фармуецца вакол шэрагу грамадскіх кампаній, што дзейнічалі падчас падрыхтоўкі да плебісцыту. Таксама існуе шырокі фронт лакальных ініцыятыў, накшталт «студэнты за ЕС» ці «артысты за ЕС» і гэтак далей. Як правіла, менавіта сярод іх актывістаў і агучваецца ідэя стварэння новай партыі. Сваім гуру еўрафілы лічаць Энтані Грэйлінга, оксфардскага прафесара, папулярнага філосафа, паслядоўнага крытыка Brexit.

Хутчэй за ўсё, да з’яўлення новага суб’екта на брытанскай палітсцэне справа не дойдзе. Бо ўжо ёсць даволі раскручаная праеўрапейская структура ў выглядзе партыі ліберал-дэмакратаў. Яе старшыня Нік Клег заклікаў да таго, каб канчатковаму рашэнню парламента пра выхад з ЕС папярэднічалі пазатэрміновыя выбары. Праўда, ліберал-дэмакраты маюць не вельмі пазітыўны імідж сярод шараговых еўраэнтузіястаў, якія памятаюць, як Клег быў міністрам у кабінеце таго самага Дэвіда Кэмерана, які адкрыў скрыню Пандоры — запусціў Brexit у брытанскую палітычную дыскусію.

Не выключаны і варыянт расколу ў шэрагах традыцыйных партый на еўрафобаў і еўрафілаў, да якіх могуць далучыцца цяперашнія праціўнікі Brexit. Найбольш крытычная сітуацыя ў лейбарыстаў. Па-першае, тут ёсць адпаведны прэцэдэнт. Напачатку 1980-х гадоў, калі партыяй кіраваў ідэйны двайнік Корбіна, правая фракцыя паклала партбілеты на стол, каб заснаваць сваю сацыял-дэмакратычную партыю. Па-другое, суполкі лейбарыстаў геаграфічна выразна падзеленыя па прынцыпу «за ЕС» і «супраць ЕС». Правінцыя галасавала «за», а сталіца — наадварот. Пакуль не зразумела, як антаганісты знойдуць кансенсус — асабліва з улікам крызісу кіраўніцтва.

Некаторыя еўрафілы, асабліва маладыя, лічаць, што брытанскі рух за Еўропу — праект абнаўлення краіны, дэмакратызацыі партыйнага жыцця. Цікава, што менавіта з такіх пазіцый часта крытыкуюць ЕС.

Застаецца дадаць, што ў Еўропе, паводле Сяргея Станішава, лідара фракцыі сацыялістаў у Еўрапарламенце, уважліва назіраюць за працэсамі ў Вялікабрытаніі і зацікаўлены ў стварэнні моцнага руху прыхільнікаў адзінай Еўропы.


Каментаваць