У чыіх гульнях удзельнічае Саўчанка?

Ужо відавочна, што Надзея Саўчанка перафарматоўвае ўкраінскую палітыку напярэдадні новага палітычнага сезону. Пытанне — ці не стаіць за гэтым Масква?


«Ва Украіну вярнулася надзея», — такой напышлівай фразай напрыканцы мая вітаў прэзідэнт Пётр Парашэнка вяртанне Саўчанка на радзіму з расійскай турмы. Сёння значная частка ўкраінскага палітыкуму схільная лічыць, што пад выглядам гераіні Пуцін падсунуў украінцам, як піша адзін з крытыкаў Саўчанка, «траянскую кабылу».

Надзея Саўчанка ўжо прыкладна праз тыдзень пасля вызвалення пачала рабіць учынкі і заявы, якія супярэчаць пастулатам палітычнай культуры ўкраінскай эліты. Дастаткова ўзгадаць тое, як яна зняла абутак пад час сесіі ў Вярхоўнай Радзе або выказала жаданне стаць прэзідэнтам і абвясціць ва Украіне дыктатуру. Першым сур’ёзным званочкам быў заклік да дыялогу з непрызнанымі рэспублікамі Данбасу па пытанні палонных. Пасля яна казала, што сярод сепаратыстаў хапае нармальных людзей. Нават гэтага было дастаткова, каб у патрыятычнай прэсе з’явіліся заклікі пазбавіць яе ўзнагароды Героя Украіны.

Аднак ужо 2 жніўня ў межах сваёй чарговай прэс-канферэнцыі Саўчанка без усялякіх эківокаў у адкрытую атакавала каманду Парашэнкі на мяжы ўжывання ненарматыўнай лексікі. Прагучала заява пра тое, што Майдан і Антымайдан па-сутнасці мелі адну пратэстную антыалігархічную прыроду. І, нарэшце, кульмінацыя выступу — абвяшчэнне галадоўкі супраць пасіўнасці ўлады ў пытанні вяртання палонных.

Натуральна, падобныя выказванні, мякка кажучы, не спадабаліся майданаўскаму палітыкуму. Некаторыя з іх у вельмі бруднай форме спісалі заявы Надзеі на праблемы ў асабістым жыцці (вядома, што Саўчанка пакуль не мае сям’і і нават грамадзянскага мужа). Антон Герашчанка — дарадца кіраўніка МУС — нават пажадаў, каб Надзея паслядоўна давяла сваю галадоўку да лятальнага фіналу.

Іншыя патрыёты спрабуюць шукаць у тым, што робіць Саўчанка, прыкметы крамлёўскай канспіралогіі. І варта адзначыць, падстаў для гэтага хапае. Шмат палітолагаў, якія раней адкрыта смяяліся з правакатыўнага стылю Саўчанка, паступова змянілі меркаванне. Яны звяртаюць увагу на тое, што праблематыка, якой цікавіцца экс-вязень, дзіўная для сферы інтарэсаў простага жаўнера. У логіцы аргументацыі Надзеі гучаць вельмі цікавыя пасажы, вартыя пяра добрага спічрайтэра. На днях пабачылі свет мемуары Надзеі, якія сапраўды пакідаюць думку, што іх пісаў авантурыст, хуліган, аматар прыгод і андрэналінавы наркаман.



І раптам той хуліган падчас прэс-канферэнцыі 2 жніўня выказвае нечаканы інтарэс да дзяржаўнага права і прапануе канстытуцыйную рэформу. Паводле яе, неабходна тэрмінова сабраць сто чалавек, якія напішуць новую Канстытуцыю дзяржавы. Новая рэдакцыя Асноўнага закона, на думку Надзеі, павінна прадугледжваць падзел Украіны на аўтаномныя адміністратыўныя адзінкі.

Экскурсы Надзеі ў сферу дзяржаўнага права далі падставу для падазрэнняў у тым, што за лётчыцай нехта стаіць. Ёсць думка, што так званыя «цемнікі» (ва ўкраінскім палітжаргоне — метадычка па зместу публічных прамоў) ёй складае асабіста Віктар Медведчук. Апошні, як кум Пуціна, безумоўна, мае сталыя каналы камунікацыі з Крамлём.

Дадайце да гэтага шматлікія публікацыі ў расійскай прэсе, аўтары якіх сцвярджалі, што «аперацыя Саўчанка» — шматхадоўка ФСБ. На самай справе, маўляў, Саўчанка даўно завербавалі і медыйна раскручвалі з мэтай зрабіць агента Лубянкі кумірам Майдану.

Не праходзяць патрыёты і міма пазітыўнай рэакцыі лідараў ДНР/ЛНР на мірныя ініцыятывы Саўчанка. Платніцкі — правадыр «Луганскай народнай рэспублікі» — нават патрабаваў стварэння пры сваёй адміністрацыі камсіі па перамовах з лётчыцай.

З іншага боку, нават у асяроддзі нацыяналістаў хапае аматараў версіі, што драйвер выхадак Саўчанка знаходзіцца ў нетрах яе псіхічнага космасу.
«Ствараецца ўражанне, што Саўчанка ў сваіх інтэрв’ю робіць неакцэнтаваныя заявы па розных пытаннях, адказваючы на вострыя правакатыўныя пытанні, шукаючы нейкія аргументы. У сваім жаданні быць арыгінальнай і мужнай, незаангажыванай, яна выкарыстоўвае яшчэ недадуманыя, не сфармуліраваныя блокі асабістай логікі», — піша «Украінская праўда».

Якімі б ні былі матывы для дэмаршаў Саўчанка, яна сваімі скандальнымі ўчынкамі стварае новую канфігурацыю ва ўкраінскай палітыцы. Па ўсіх сацыялагічных апытаннях яна сёння — лідар палітычных сімпатый, на галаву абыходзиць Парашэнку і нават галоўнага апазіцыянера Юлію Цімашэнка. Увогуле, гэта адзіны ўкраінскі палітык, да якога большасць рэспандэнтаў ставіцца пазітыўна. Яе адкрытая франтальная канфрантацыя з Банкавай (кіеўская вуліца, дзе знаходзяцца ўрадавыя будынкі і рэзідэнцыя Парашэнкі), робяць яе патэнцыйнай месіяй сацыяльных пратэстных рухаў, якія, як прагназуюць эксперты, здольныя выбухнуць увосень.

Праўда, да восені Саўчанка яшчэ трэба, як ні сумна гэта канстатаваць, дажыць фізічна. Як сведчыць нядаўні замах на Шарамета і былое забойства пісьменніка Бузіны, якому папярэднічала адпаведная піяр-кампанія, у цяперашняй Украіне, на жаль, магчымыя любыя гвалтоўныя эксцэсы. Варта ўзгадаць, што падчас нядаўняга візіту ў Адэсу, некаторыя мясцовыя патрыёты спрабавалі закідаць Надзею яйкамі.



Каментаваць