Жанчынам не месца ў масонах

Кіраўніцтва французскай масонскай Ложы Вялікага Усходу прыняла рашэнне не дапускаць у свае шэрагі жанчын.



Кіраўніцтва французскай масонскай Ложы Вялікага Усходу прыняла рашэнне не дапускаць у свае шэрагі жанчын.

У мінулым годзе шэсць жанчын пажадала стаць сябрамі арганізацыі вольных муляраў. Ложа Вялікага Усходу (GO), адна з масонскіх арганізацый Францыі, якая існуе з ХVІІІ стагоддзя, традыцыйна будуецца на прынцыпах канфедэрацыі. Кожная ложа аўтаномная і сама вырашае пытанні сяброўства. Каб стаць «братамі» (менавіта так звяртаюцца масоны адзін да аднаго), кандыдатам патрэбна спачатку атрымаць згоду большасці сяброў ложы. Галасуюць яны, дарэчы, камянямі (чорны — «супраць», белы — «за»)

Аднак гэта не ўсё. Галоўнае — прайсці абрад ініцыяцыі. Кандыдата спачатку вядуць у пакой для роздумаў. Унутры пакою прадметы, якія нагадваюць навічку пра тое, што чалавечае быццё — гэта мітусня. Пасля кандыдат піша свой філасофскі запавет і яшчэ раз прысягае ў тым, што верыць у Бога. Пасля яго з завязанымі вачыма вядуць у храм. Левая частка торсу мае быць аголенай (знак адкрытасці сэрца), на правай назе не павінна быць абутку, а на шыі — вяроўка (сімвал недасканаласці чалавека). Нарэшце, кандыдат дае клятву на Бібліі. Пасля з яго здымаюць маску і апранаюць масонскі фартух. Увесь час гучыць музыка.

Здавалася б, нешта дурное. Між тым, статус Ложы Вялікага Усходу дастаткова выразна акрэслівае катэгорыю людзей, якія могуць прайсці абрад ініцыяцыі — «мужчыны вольных поглядаў і добрых манер». Як бачым, ніякіх жанчын. Не дзіўна, што артадоксы пачалі пратэставаць супраць рашэння некаторых ложаў папоўніць свае шэрагі за кошт слабага полу.

Каб знайсці выйсце, давялося збіраць генеральную асамблею прадстаўнікоў усіх ложаў. На сустрэчы, якая адбылася на мінулым тыдні ў Ліёне, прысутнічалі дэлегаты ад 1200 секцый. Каб усё было дэмакратычна, кіраўніцтва вольных муляраў папросту паставіла «жаночае пытанне» на агульнае галасаванне. У выніку 56 працэнтаў прысутных прагаласавалі «супраць».

На першы погляд, нічога страшнага не адбылося. Хаця канон — жанчын у масоны не пускаць — быў парушаны ў далёкім 1882 годзе. Тады парыжская журналістка Мары Дэрэзм стала масонкай. Яе, праўда, з Ложы Вялікага Усходу выключылі. І тады яна заснавала сваю — Ложу правоў чалавека — куды маглі ўступаць прадстаўнікі абодвух полаў. У выніку сёння ў Францыі з 4-х буйных лож усё, акрамя Вялікага Усходу, прызнаюць права жанчын на сяброўства.

Аднак менавіта GO лічыцца самай прэстыжнай масонскай арганізацыяй у краіне. Гісторыкі лічаць, што яна вядзе свой пачатак ад рыцараў легендарнага Ордэну Тампліераў, якія пасля расправы з боку французскай дзяржавы збеглі ў Шатландыю. Там яны стварылі новую арганізацыю «масоны».

Сябрамі і лідэрамі Ложы Вялікага Усходу на розных этапах былі арыстакраты, прынцы, імператары. Чуткі прыпісваюць ім вялікую ролю ў гісторыі. Усім вядома, што дэвіз ложы GO «Братэрства! Роўнасць! Свабода» стаў дэвізам рэспубліканскай Францыі. Ложы прыпісваюць антыклерыкальныя рэформы напрыканцы ХІХ стагоддзя. Вялікі Усход, калі верыць некаторым гісторыкам, дабіўся стварэння пасля першай сусветнай вайны Лігі нацый — правобраза цяперашняй ААН.

Цікава, што ў часы акупацыі Францыі фашысты актыўна шукалі архівы і каштоўнасці ложы. Аднак яе сябры змаглі схаваць свае тайны ў падполлі да прыходу саюзнікаў.

Сёння, па афіцыйных крыніцах, сябры ложы (іх прыкладна 42 тысячы чалавек) займаюцца вывучэннем філасофіі і папросту дапамагаюць адзін аднаму. На жаль, казаць пра сапраўдны ўплыў масонаў на грамадства вельмі цяжка. Хаця, натуральна, іх след часта бачаць у шмат-якіх важных грамадскіх падзеях.

Так ці інакш, гістарычна масонскі рух быў звязаны з аматарамі прагрэсу. На думку некаторых масонаў, рашэнне не дапускаць жанчын у ложу азначае парушэнне прынцыпаў масонства. Што ўжо казаць: у 1774 годзе Вялікім майстрам Францыі была абраная жанчына, герцагіня Бургундская.

Ложы, якія ўжо прынялі да сябе жанчын, не збіраюцца адступаць. Яны правялі рытуалы ініцыяцыі без згоды цэнтру, нават нягледзячы на пагрозы выключыць парушальнікаў. Такое ўжо, дарэчы, здаралася. У 1999 годзе кіраўнікі ложы, якая правяла рытуал прыёму жанчын, паплаціліся за гэта сваім сяброўствам у Вялікім Усходзе.

Аднак на гэты раз прыхільнікі правоў жанчын не збіраюцца здавацца так проста. Яны заявілі пра намер звярнуцца ў суд. Паводзіны кіраўніцтва Ложы Вялікага Усходу — ні што іншае, як палавая дыскрымінацыя, забароненая законам, лічаць яны.

У сваю чаргу, Вялікі майстар ложы Жан-Мішэль Кілардэ кажа, што не ўсё так проста. Па яго словах, ёсць рэчы, якія нельга казаць на публіцы.

Цікавай была рэакцыя грамадскасці на падобныя заявы. Калі меркаваць па каментарах на інтэрнэт-форумах, большасць французаў лічаць, што існуе толькі адзін сакрэт, які не дазваляе жанчынам быць сябрамі Вялікага Усходу. Гэты сакрэт у тым, што Вялікі майстар і яго атачэнне — гомасексуалісты.

Менш схільныя да эмоцый аглядальнікі кажуць, што па сутнасці пытанне з’яўлення сёстраў-масонаў амаль вырашанае. Штогод у арганізацыі праводзяцца апытанні на гэты конт. Вось дынаміка настрояў: у 2002 годзе супраць прыёму жанчын выступала 78 працэнтаў сяброў ложы, у 2007 годзе — 58 працэнтаў, у 2008-м — 51. Тэндэнцыя відавочная.

Каментаваць