Жыць па канкардату

6 снежня афіцыйныя агенцтвы паведамілі пра тое, што Беларусь і Ватыкан вось-вось падпішуць канкардат.

«Дакумент падрыхтаваны, і трэба маліцца, каб ён быў хутка падпісаны, але гэта пытанне апостальскай нунцыатуры», — заявіў кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч.



6 снежня афіцыйныя агенцтвы паведамілі пра тое, што Беларусь і Ватыкан вось-вось падпішуць канкардат.

«Дакумент падрыхтаваны, і трэба маліцца, каб ён быў хутка падпісаны, але гэта пытанне апостальскай нунцыатуры», — заявіў кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Дзіўным чынам гэта навіна не выклікала вялікай рэакцыі ў Беларусі. Калі верыць пашукавіку Яндекса, галоўным чынам яе каментуюць расійскія праваслаўныя медыя. Тон тых каментараў вельмі эмацыйны і напружаны, быццам мы напярэдадні нейкай глабальнай катастрофы.

Будзе дастаткова цытаты Кірыла Фралова, аднаго з лідэраў расійскага Саюза праваслаўных грамадзян: «Калі Лукашэнка падпіша гэты канкардат, гэта будзе знакам канчатковай геапалітычнай пераарыентацыі рэжыму Лукашэнкі ад Гістарычнай Русі да Рэчы Паспалітай. Ці ёсць магчымасць гэтага не дапусціць? Вядома, ёсць. У расійскага кіраўніцтва, апроч эканамічных, павінны з’явіцца і царкоўныя прэтэнзіі да Лукашэнкі. ...У наш час у рэспубліцы налічваецца больш за 430 каталіцкіх прыходаў — гэта вельмі мала, гэта не нагода для канкардату, які ў гэтым выпадку стане дэманстрацыі ўлады меншасці над праваслаўнай большасцю».

«Знак канчатковай геапалітычнай пераарыентацыі рэжыму Лукашэнка ад Гістарычнай Русі да Рэчы Паспалітай». Адкуль такая паніка?

Перш за ўсё, што такое канкардат? Канкардат (ад лат. concordatum — дамова) — дамова паміж Папам рымскім як галавою Рымска-каталіцкай царквы і якой-небудзь дзяржавай. Гэтая дамова рэгулюе прававое становішча Рымска-каталіцкай царквы ў дадзенай дзяржаве і адносіны з Ватыканам.

Найбольш часта Ватыкан заключаў канкардаты з Іспаніяй (5 разоў), Францыяй (4 разы), Партугаліяй (3 разы). Так, тры з чатырох канкардатаў Францыя заключыла ў пачатку ХІХ стагоддзя, калі ў краіне за пару гадоў змянілася некалькі рэжымаў. Пасля падзення камунізму ва Усходняй Еўропе канкардаты заключылі ўсе былыя краіны савецкага блоку, дзе каталіцызм адыгрывае важную грамадскую ролю (Польшча, Венгрыя, Літва і г.д.). Апошні раз канкардат быў прыняты ў 2008 годзе. Яго падпісалі з Бразіліяй.

Магчыма, праваслаўных лідэраў Расіі папросту палохае статыстыка. Яна сапраўды цікавая. Канкардаты з Ватыканам падпісвалі няшмат краін. Напрыклад, Аўстрыя, Бразілія, Калумбія, Харватыя, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Італія, Латвія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Святая Рымская Імперыя, Румынія, Расійская Імперыя, Іспанія і Славакія. З былога СССР канкардаты маюць толькі Латвія і Літва.

Аднак на самай справе спіс краін значна меншы. З-за рознага кшталту палітычных фактараў некаторыя краіны выйшлі з канкардатаў. Адны — таму што папросту перасталі існаваць, як Святая Рымская Імперыя. Другія — з-за ідэйных забабонаў ураду. Напрыклад, у часы рэфармацыі Англія аднабакова адмовілася ад выканання пунктаў Лонданскага канкардату 1107 года.

Асобным з’яўляецца выпадак Германіі. Канкардат падпісваў у ліпні 1933 года прадстаўнік нацысцкага ўраду. Пасля вайны Бон адмовіўся ад яго выканання. Справа дайшла да Канстытуцыйнага суда. Прадстаўнік Ватыкану змог давесці тэзіс пра тое, што пагадненне заключалася не персанальна з Гітлерам, а з нямецкай дзяржавай, якая «была і будзе». Паколькі ФРГ афіцыйна прызнавала сябе нашчадкам Веймарскай рэспублікі, суд стаў на бок Святога Рыму. Германія дасюль кіруецца пунктамі канкардату 1933 года, хаця існуюць асобныя дамовы Ватыкану з урадамі нямецкіх зямель.

Калі ўжо зайшла гаворка пра супярэчлівы канкардат з Гітлерам, трэба згадаць, што гэта не адзіны пакт, які крытыкуецца з боку прагрэсіўнай грамадскасці. Дастаецца Ватыкану за дамовы з Мусаліні (1929), гаіцянскім дыктатарам Франсуа Дзювалье (1966), яго дамініканскім калегай Трухільё (1954) і г.д.

У краінах, якія маюць канкардаты, часам існуюць цэлыя грамадска-палітычныя рухі, якія патрабуюць адмены канкардатаў або рэвізіі іх зместу. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Падчас нядаўняга візіту Папы рымскага ў Іспанію, левыя патрабавалі ад ураду адмовіцца ад канкардату 1977 года, які называцца Чатыры пагадненні.

Працэдура прыняцця канкардату прадугледжвае два этапы: падпісанне прадстаўнікамі бакоў і ратыфікацыя. Пры гэтым часта дакумент падпісваўся кіраўніком краіны без папярэдняга грамадзянскага абмеркавання. Атэісты сцвярджаюць, што так было ў Польшчы (1993), Партугаліі (2004).

Ёсць яшчэ ратыфікацыя парламентам. Аднак, як вядома, не ўсе парламенты дэмакратычна абраныя і могуць ісці супраць волі кіраўніка дзяржавы. Парламент можа або прыняць канкардат цалкам, або цалкам адмовіць. Папраўкі не дазваляюцца. Таксама не дазваляюцца змены ў канкардат новым абраным парламентам.

Гэта ставіць дзяржавы ў прававую пастку. Папросту парадаксальная сітуацыя склалася ў Перу ў 1980 годзе. Тут да ўлады прыйшлі дэмакраты, якія адразу прапанавалі краіне новую канстытуцыю. Адзін з яе пунктаў прызнаваў роўнасць усіх рэлігійных канфесій у краіне. Гэта супярэчыла тэксту канкардату, які прыняла раней кіруючая ў краіне хунта. Прычым яна паспела падпісаць дакумент за два дні да краху дыктатуры. Адзін з параграфаў дамовы з Ватыканам яўна супярэчыў духу новай канстытуцыі, паколькі надаваў каталіцкай царкве бенефіцыі ў пытанні падаткаў, адукацыі і г.д.

У некаторых канкардатах (Італія, Партугалія), заключаных у сярэдзіне мінулага стагоддзя, забараняліся грамадзянскія шлюбы і разводы. Усё гэта відавочна супярэчыць Еўрапейскім Канвенцыям правоў чалавека і вымушае Ватыкан і ЕС шукаць нейкія кампрамісы.

Нарэшце, канкардаты, на думку шмат каго, парушаюць канстытуцыйны прынцып аддзялення дзяржавы ад царквы (хаця наколькі гэтая норма працуе ў краінах СНД, можна паспрачацца). У некаторых краінах канкардаты даюць аўтаномію каталіцкім вучэбных ведамствам. Так, у Славакіі дзякуючы канкардату вучні каталіцкіх школ вызваленыя ад прадмету «Сексалогія і асновы сямейнага жыцця». Тыя ж школы і іншыя інстытуты Касцёлу ў Славакіі не абкладаюцца падаткамі.

Усе пералічаныя аргументы супраць канкардатаў — аргументы еўрапейскіх атэістаў і левых. З улікам асаблівасці беларускай сітуацыі, думаецца, што ў нас наўрад ці грамадства зверне асаблівую ўвагу на аспекты прававой працэдуры прыняцця канкардату або яго адпаведнасці дзеючай Канстытуцыі. Той фармат палемікі, якую навязваюць праваслаўныя арганізацыі, ставіць у цэнтр дэбатаў геапалітыку, пытанне цывілізацыйнага выбару беларусаў.
 

Каментаваць