Зігмар Габрыэль — наступны канцлер ФРГ?

Папулярна думка, што вынікі выбараў у зямельны парламент Берліну 18 верасня сталі прадвеснікам прыходу да ўлады ў Германіі сацыял-дэмакратаў. Называецца і прозвішча будучага канцлера — Зігмар Габрыэль, старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі (SPD), міністр гаспадаркі і энергетыкі ў кааліцыйным урадзе Ангелы Меркель.

Ці можа партыя катастрафічна падаць у рэйтынгах, каб у выніку ўзначаліць урад? Аказваецца, можа. Доказ таму — нямецкія эсдэкі. За апошнія 3–4 гады «ружовыя» пабілі ўсе гістарычныя антырэкорды сваёй папулярнасці, у выніку чаго колькасць немцаў, якія галасуюць за эсдэкаў, скарацілася з 30 працэнтаў да 22–23.

Аднак не ўсё не так кепска, калі ў твайго вядучага канкурэнта справы яшчэ горш. 18 верасня ў Берліне хрысціянскія дэмакраты Ангелы Меркель са свістам прайгралі другія запар рэгіянальныя выбары. Асноўная прычына — фурор правапапулістаў з партыі «Альтэрнатыва для Германіі», якая гуляе на антыэмігранцкіх фобіях.

Эсдэкі ў сталіцы таксама шмат страцілі. Увогуле, гэта самы кепскі вынік для партыі пасля вайны. Але пры ўсіх стратах адносную большасць у Сенаце SPD захавала і, як следства, мае права фармаваць урад. Аднак значна важней іншае. На думку экспертаў, у сталічным парламенце мы назіраем правобраз Бундэстагу наступнага склікання, дзе больш за ўсё шансаў для паўстання кааліцыйнага ўраду левых (эсдэкі, «Зялёныя» і «Левыя»). Як пажартавала амерыканскае выданне «Politico»: «Сардэчна запрашаем у Берлінскую рэспубліку».

Адначасова прэса ўжо пачала асцярожна віншаваць лідара эсдэкаў Зіграма Габрыэля з будучай пасадай канцлера.

Зігмар Габрыэль нарадзіўся ў 1959 годзе ў Ніжняй Саксоніі ў беднай сям’і. Падчас вучобы ва ўніверсітэце на філолага стаў актывістам сацыял-дэмакратычнай моладзі. З 1989 да 1999-га прайшоў шлях ад дэпутата сходу грамады да лідара фракцыі SPD у Бундэстагу, быў прэм’ерам Ніжняй Саксоніі. У 2009 годзе стаў старшынёй партыі. Жыве ў грамадзянскім шлюбе з доктаркай-стаматолагам, з якой разам выхоўвае дачку ад яе першага шлюбу.

Хаця сам Габрыэль яшчэ афіцыйна не заявіў пра свой намер балатавацца ў канцлеры, ужо хапае прагнозаў наконт курсу будучага кабміну. Так, на думку польскага выдання «Gazeta Wyborcza», «Берлін пры ўрадзе эсдэкаў пачне ігнараваць Польшчу, а Украіну аддасць у сферу ўплыву Расіі».

Аднак ужо праз пару дзён «віртуальная кааліцыя пад Габрыэля» пачала разбурацца. Перш за ўсё, аказалася, што не ў захапленні ад кандыдатуры Зігмара ягоныя аднапартыйцы. Паводле сацыялогіі, канцлерам Габрыэля бачыць толькі 35% сяброў SPD. Папулярныя забабоны, што Габрыэль, які вядомы як аматар кампрамісаў, на сімвал пераменаў не пацягне. Не дзіўна, што ўжо з’явіліся новыя прэтэндэнты на пасаду прэм’ера-эсдэка. Называюцца прозвішчы гамбургскага бургамістра Олафа Шольца і прэм’ера зямлі Шлезвіг-Гальштэйн Торстэна Албіга.

Няма кансалідаванай пазіцыі і ў іншых патэнцыйных кааліцыянераў. У «Левых» магчымасць уваходжання ў федэральны ўрад успрымаецца больш-менш пазітыўна. Такая ацэнка зразумелая, калі ўзгадаць, што яны — нашчадкі камуністаў ГДР, і доўгі час лічыліся руканепаціскальнымі былымі агентамі Штазі. Партфелі федэральных міністраў канчаткова рэабілітуюць «Левых» у вачах бюгераў.

Аднак хапае і праціўнікаў блоку з эсдэкамі. Ветэраны партыі вельмі баяцца за рэнамэ «Левых», якія робяць сабе імя на крытыцы капіталізму. «Пакуль мы не распрацуем механізм ціску па сацыяльных пытаннях, лепш утрымацца ад удзелу ў кабінеце з эсдэкамі», — лічыць былы старшыня партыі Грэгар Гізі. Недавер да эсдэкаў на левым флангу выклікала свежае рашэнне іх кіраўніцтва прагаласаваць за Дамову пра зону вольнага гандлю з Канадай (CETA), якая, як лічаць прафсаюзы, кепска паўплывае на працоўнае заканадаўства ў краіне.

У сваю чаргу, лідары «Зялёных» кажуць, што мадэль кааліцыі з удзелам эколагаў на ўзроўні адной зямлі не можа быць прыкладам для мадэлі ўрадавай кааліцыі на федэральным узроўні. Асцярожнасць можна растлумачыць тым, што частка эколагаў даўно арыентавалася на блок з кансерватарамі. Акрамя таго фармат супрацоўніцтва з «Левымі» ў адным урадзе дастаткова новы для «Зялёных». Толькі ў адной зямлі ФРГ працуе «чырвона-зялёна-чырвоная» кааліцыя, якая ў дадатак не праводзіць: а) замежнапалітычны курс і б) не адказвае за знешнюю бяспеку.

Агучаныя тэмы стануць, на думку экспертаў, сапраўднымі бомбамі пад магчымую новую кааліцыю. Па некаторых пытаннях у патэнцыйных кааліцыянтаў проста палярныя падыходы. Напрыклад, «Зялёныя» крытыкуюць Пуціна, эсдэкі не супраць шукаць з імі прагматычны дыялог, а «Левыя» ўвогуле лічацца лабістамі інтарэсаў Крамля ў Германіі. Прычым, калі федэральны парламент будзе дубляваць берлінскі, то «Левыя» як другая па колькасці мандатаў партыя сярод партый кааліцыі, атрымаюць пасаду дырэктара нямецкага МЗС. Калі ўзгадаць, што партыя ўвогуле выступае за ліквідацыю NATO, дык міжпартыйныя калізіі падаюцца проста непазбежнымі. І самае галоўнае: у левых партый няма адзінай пазіцыі па праблеме мігрантаў — гэтая тэма на цяперашні дзень займае першае месца ў нямецкай палітычнай павестцы дня.

Усе гэта дазваляе некаторым ужо зараз прагназаваць «хуткі капут» ураду Габрыэля ў выпадку яго фармавання. Вынікам стане вяртанне да цяперашняй мадэлі ўраду: хрысціянскія дэмакраты плюс сацыял-дэмакраты. Нарэшце, нельга выключыць, што кансерватары за той год, што застаўся да выбараў, рэабілітуюцца перад выбаршчыкамі, якія пачалі галасаваць за «Альтэрнатыву для Германіі», і захаваюць першынства на выбарах. Каментуючы берлінскае фіяска, Ангела Меркель прызнала свае памылкі ў пытанні мігрантаў, аднак адмовілася прымаць ультыматум баварскіх кансерватараў. Баварцы дэ-факта прапануюць не чакаць, калі правы цэнтр абрынецца пад хваляй папулізму, а самім пачаць эксплуатаваць антыэмігранцкія лозунгі «Альтэрнатывы для Германіі». Хутчэй за ўсё, гэта канчаткова высветліцца не раней за снежань, калі партыя Меркель правядзе свае партыйныя сходы, на якіх будзе названае прозвішча кандыдата ў канцлеры.

Канстатуючы наяўнасць значнай колькасці невядомых, наўрад ці сёння атрымаецца запісаць формулу вызначэння будучага канцлера. Лепш пагадзіцца з Джэмам Оздземірам, сустаршынёй «Зялёных», які так пракаментаваў спекуляцыі пра магчымы ўрад Зігмара Габрыэля: «Пра тое, што будзе ў 2017 годзе, лепш размаўляць у 2017-м».



Каментаваць