Зімбабве. Мікі Маўс стане Мікі Мугабэ

Сапраўдны шок ва ўсім свеце выклікала рашэнне ўладаў Зімбабве ўкласці 300 мільёнаў долараў у стварэнне ў краіне свайго парка Дыснэйлэнд.



Прычына такой бурнай рэакцыі ў тым, што Зімбабве — адна з самых бедных краінаў на планеце, у якой да таго ж даўно склалася класічная дыктатура (Роберт Мугабэ пераабіраецца прэзідэнтам з пачатку 1980-х гадоў і нядаўна пайшоў на сёмы тэрмін).

Самі ўлады кажуць, што новы аб’ект дазволіць прыцягнуць турыстаў з Еўропы, што выклікае дружны смех на старонках еўрапейскай прэсы.

Усе прыгадваюць, як Мугабэ не так даўно з дапамогай тэрору прымушаў тых жа белых фермераў пакідаць краіну. Дарэчы, сам парк плануецца пабудаваць на 200 гектарах зямлі, канфіскаваных у трох белых фермераў.

Аднак скептыцызм не замінае прэсе спекуляваць наконт таго, якія персанажы можна будзе пабачыць у новым парку. Шмат хто жартуе, што прэзідэнт Мугабэ, вядомы сваім нарцысізмам, не ўтрымаецца і абавязкова пераймянуе Мікі Маўса ў Мікі Мугабэ.

Паводле прэсы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

Каментаваць