Зялёнае цунамі

У Калумбіі афіцыйны кандыдат ледзь не прайграў палітыку, які пачаў палітычную кар’еру з таго, што зняў штаны на публіцы.

Напрыканцы лютага ў Калумбіі адбыўся палітычны землятрус. Канстытуцыйны трыбунал заблакаваў праект рэферэндуму, які фактычна адчыняў прэзідэнту Альвара Урыбе дарогу да трэцяй кадэнцыі.

Мала хто сумняваўся, што, у выпадку дазволу яму балатавацца ў трэці раз на пасаду прэзідэнта, Урыбе пераможа. Пасля таго, як Альвара перамог на выбарах 2002 года, яго рэйтынг ніколі не падаў ніжэй за 60 працэнтаў.

У Калумбіі афіцыйны кандыдат ледзь не прайграў палітыку, які пачаў палітычную кар’еру з таго, што зняў штаны на публіцы.

Напрыканцы лютага ў Калумбіі адбыўся палітычны землятрус. Канстытуцыйны трыбунал заблакаваў праект рэферэндуму, які фактычна адчыняў прэзідэнту Альвара Урыбе дарогу да трэцяй кадэнцыі.

Мала хто сумняваўся, што, у выпадку дазволу яму балатавацца ў трэці раз на пасаду прэзідэнта, Урыбе пераможа. Пасля таго, як Альвара перамог на выбарах 2002 года, яго рэйтынг ніколі не падаў ніжэй за 60 працэнтаў.

Усё дзякуючы паслядоўнай пазіцыі ў адносінах да партызанскіх камуністычных груповак FARC (узброеныя народныя сілы Калумбіі) i ELN (Народна-вызвольнае войска), якія з 1960-х гадоў спрабуюць са зброяй у руках стварыць сацыялістычную Калумбію. Дзякуючы тэме барацьбы з тэрарызмам Урыбе хутка знайшоў агульную мову з адміністрацыяй Джорджа Буша-малодшага. Другая прычына сяброўства з Белым домам — мода на левых палітыкаў, якая ахапіла кантынент. Амаль ва ўсіх краінах Лацінскай Амерыкі за апошняе дзесяцігоддзе да ўлады прыйшлі левыя. Адзіным бастыёнам правага лібералізму засталася Калумбія, якая ў падобнай сітуацыі магла разлічваць на дапамогу янкі.

Сапраўды, ЗША пачалі крэдытаваць рэжым Урыбе, пастаўляць яму зброю, адкрылі тут свае базы. Дапамога звонку дазволіла адміністрацыі Урыбе адцясніць партызан у сельву, стварыць імідж бяспечнай краіны (першая ўмова для інвестараў і турыстаў).

Аднак, як бачым, нягледзячы на харызму Урыбе і ўсе поспехі яго рэжыму, канстытуцыю яму перапісаць не далі. Зрэшты, у Калумбіі самая старэйшай дэмакратыя ў Лацінскай Амерыцы.

Навіна пра тое, што Альвара не ідзе на чарговы тэрмін, не выклікала хаосу. У прэзідэнта даўно быў гатовы пераемнік — былы міністр абароны, віцэ-прэзідэнт Хуан Мануэль Сантас. Ён праславіўся перш за ўсё шэрагам атак на фармаванні FARC. У спісе ягоных подзвігаў у тым ліку вызваленне з палону FARC закладніцы Інгрыд Бетанкур (калумбійская і французская грамадзянка), ліквідацыя нацыянальнага тэрарыста нумар два Рауля Рэйеса падчас рэйду калумбійскага спецназу на партызанскую базу на тэрыторыі Эквадору.

Трэба дадаць, што сям’я Сантасаў паходзіць са старой дынастыі выдатных палітыкаў і інтэлектуалаў. Ягоны прадзед быў прэзідэнтам краіны ў 1930-я гады. Сантасы заснавалі самую папулярную ў краіне штотыднёвую газету «El Tiempo».

Адразу пасля таго, як Сантас уступіў у кампанію, яго імя апынулася ў топе кандыдатаў.

І тут пачаліся цуды Майсея. Маем на ўвазе феномен Антанаса Моцкуса — былога прафесара матэматыкі, экс-мэра сталіцы і нашчадка эмігрантаў з Літвы («Моцкус» — па-літоўску «Майсей»).

Пачынаў Моцкус сваю палітычную кар’еру дастаткова экзатычна ў кастрычніку 1993 года. Тады ён — выкладчык Нацыянальнага універсітэта — павінен быў выступіць перад вялікай аўдыторыяй. Студэнты яму не давалі слова сказаць. У адказ прафесар паказаў ім свой зад. Публіка адразу супакоілася.

Пра ўчынак вучонага казала ўся краіна. На гэтым акадэмічная кар’ера Моцкуса закончылася. Затое пачалася палітычная. Праз два гады Антанас без вялікіх грошай перамог на выбарах сталічнага мэра.

На пасадзе кіраўніка гарадской адміністрацыі ён дзейнічаў як навуковец. На думку Моцкуса, праблема калумбійскага грамадства палягала ў тым, што людзі баяцца ўлады. Як следства — закон ім замяняюць традыцыі і звычаёвае права.

Каб вярнуць давер да дзяржавы, бургамістр прыдумаў шэраг акцый: замест паліцэйскіх па вуліцах хадзілі клоуны-мімы. Яны жартавалі з людзей, якія парушалі грамадскі парадак. Сам Моцкус прыдумаў сабе персанаж з серыі супергерояў — «суперабывацель». Суперабывацель збіраў смецце і г.д. Каб людзі маглі каналізаваць негатыўную энергію, паставіў на кожным кроку баксёрскія грушы.

Такія спектаклі, як ні дзіўна, выклікалі рост грамадзянскага сумлення, самарэфлексіі. Дзякуючы адначасовай кампаніі супраць карупцыі і скарачэння падаткаў на ўтрыманне паліцыі, папулярнасць Моцкуса вырасла. Калі Моцкус сыходзіў пасля дзвюх кадэнцыі з пасады мэра Багаты, яму было чым ганарыцца. Хаця б тым, што колькасць забойстваў у традыцыйна вельмі крыміналізаванай калумбійскай сталіцы скарацілася ў чатыры разы. Таксама на парадак зменшылася ўжыванне наркотыкаў. Узнікла сетка хуткага гарадскога транспарту. Давер да мэрыі быў такі высокі, што 63 тысячы жыхароў нават пагадзілася заплаціць у гарадскую казну суму, большую за звычайны падатак.

Яшчэ падчас знаходжання на пасадзе мэра Багаты Моцкус двойчы спрабаваў ісці ў прэзідэнты. Аднак кожны раз збіраў толькі пару працэнтаў. Ён нават умудрыўся перамагчы ў масавым апытанні «палітык, які, хутчэй за ўсё, ніколі не будзе прэзідэнтам».

Аднак былы выкладчык не здаўся. Год таму ён заснаваў Партыю Зялёных, якая здолела на выбарах прайсці ў парламент. Адразу пасля выбараў Моцкус зноў заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. На старце кампаніі Моцкуса бачылі на пасадзе лідэра краіны толькі некалькі працэнтаў выбаршчыкаў. Бум пачаўся пасля таго, як яго кандыдатуру нечакана падтрымаў былы мэр горада Медэлін. Дарэчы, ён таксама былы прафесар матэматыкі. Тандэм прыдумаў незвычайны лозунг сваёй кампаніі: «Матэматыкі, якія дадавалі, пачынаюць памнажаць».

Чамусьці навіна пра саюз двух матэматыкаў выклікала ажыятаж. На Facebook у Моцкуса было больш сяброў, чым у Барака Абамы ў час, калі ён змагаўся за Белы дом. Увогуле, гэта пяты па папулярнасці палітык у інтэрнэце.

Так ці інакш, рэйтынг Моцкуса пачаў расці вялікімі тэмпамі. У прэсе нават з’явіўся выраз «зялёнае цунамі».

Нельга казаць, што Моцкус быў чыстым папулістам. Фішкамі ягонай кампаніі былі барацьба з карупцыяй і паліцэйскім гвалтам, дыялог з суседнімі дзяржавамі.

Сваю ролю адыгралі і негатыўныя рысы афіцыйнага кандыдата. Калісьці Сантас здрадзіў роднай партыі лібералаў. На пасадзе міністра абароны неаднаразова быў вымушаны адказваць журналістам за забойства падпарадкаванымі яму людзьмі грамадзянскага насельніцтва падчас антыпартызанскіх аперацый.

У выніку за тыдзень да выбараў рэйтынгі Хуана Сантаса і Антанаса Моцкуса зраўняліся. Абодва мелі па 30 працэнтаў.

Надышло 30 мая — дзень галасавання, які падараваў новую сенсацыю. Моцкус атрымаў значна менш, чым чакалі, — толькі 21 працэнт. У той жа час Сантас, насуперак усякім прагнозам, узяў планку ў 41 працэнт.

Эксперты адразу пачалі шукаць прычыны канфузу Зялёных. Безумоўна, сваю ролю адыграў подкуп уладамі галасоў выбаршчыкаў — папулярная практыка на калумбійскіх выбарах, асабліва ў правінцыі.

Аднак у Моцкуса хапала хібаў. Кажуць, што ён дарэмна крытыкаваў паслядоўную лінію Сантаса адносна інсургентаў. І дарэмна праявіў сябе як заўзяты інтэлектуал: ён адмовіўся адказаць на пытанне, ці верыць ён у Бога (Калумбія — каталіцкая краіна).

Аднак найбольшым правалам была ягоная заява пра гатоўнасць выдаць Урыбе эквадорскім уладам, калі іх суд прызнае прэзідэнта адказным за згаданую вышэй атаку спецназу Калумбіі на базы FARC у Эквадоры. Такое стаўленне патэнцыйна будучага прэзідэнта да папярэдніка шмат хто палічыў не вельмі этычным.

Мядзведжую паслугу зрабіў кандыдату Зялёных напярэдадні другога туру Уга Чавес. Ён прыгразіў замарозіць гандаль паміж Калумбіяй і Венесуэлай, калі калумбійцы абяруць на пасаду прэзідэнта Сантаса. Гэта выклікала сярод электарату выбух патрыятызму, ахвярай якога стаў Моцкус.

Другі тур 20 чэрвеня быў абсалютна фармальным. Сантас — 63 працэнты. Моцкус — 35 працэнтаў.

Ці значыць, што на гэтым кар’ера 58-гадовага Антанаса Моцкуса закончылася? Нельга сказаць, пакуль мы не зразумеем, што ўяўляе сабою прэзідэнт Сантас.

У Моцкуса ёсць прастора для развіцця. Шмат хто з мясцовых каментатараў назваў дуэль Моцкуса і Сантаса дуэллю інтэрнэту і тэлебачання. Праціўнік лідэра Зялёных аддаваў перавагу не рознага кшталту «Одноклассникам», а выступам на вядучых папулярных каналах. Калі Зялёныя змогуць захапіць ініцыятыву ў інтэрнэце, колькасць карыстальнікаў якога расце, шансы на будучае ў іх вельмі добрыя.

Каментаваць