З’езд пераможцаў

У Гановеры адбыўся з’езд правай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якая, паводле апытанняў, цяпер з’яўляецца трэцяй па папулярнасці палітычнай сілай у краіне.



Фота Фота: www.www.cicero.de


Усе каментатары згодныя, што першапачаткова з’езд у Гановеры рыхтавалі для таго, каб даслаць грамадству сігнал, што партыя яшчэ не сканала. Улетку структура прайшла праз паласу ўнутраных канфліктаў. Нават яе былы заснавальнік Бернд Луке паклаў партбілет на стол, каб заснаваць новы праект. Адначасова адвярнуліся ад партыі і былыя спонсары.

Аднак бліжэй да з’езда канцэпцыя змянілася. Працяглы крызіс з імігрантамі ўзмацніў правыя настроі ў нямецкім грамадстве, выклікаў сумневы ў праекце адзінай Еўропы, які не здольны гарантаваць бяспеку на знешніх межах. Бенефіцыярам трэнду стала «Альтэрнатыва для Германіі» — найбольш раскручаная ў мясцовай прэсе партыя еўраскептыкаў.

Прычым рэйтынг AfD не проста ўзняўся, а ўзняўся на парадак — згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, сёння партыю Фраўке Петры гатовы падтрымаць на выбарах кожны дзясяты выбаршчык у ФРГ. У трох землях ФРГ «Альтэрнатыва для Германіі» — другая па папулярнасці партыя. На хвалі росту рэйтынгу партыя нават абвясціла вулічную кампанію «Восеньскі наступ». Адным словам, мерапрыемства ў Гановеры са з’езду няўдачнікаў ператварылася ў з’езд пераможцаў.

Не дзіўна, што атмасфера ў зале з’езду была вельмі наэлектрызаваная, а сярод дэлегатаў панаваў самы баявы настрой. Пра гэта сведчыць радыкальны змест фінальных рэзалюцый. Дастаткова сказаць, што партыя выступае за дэпартацыю з краіны ўсіх імігрантаў, якія прыбылі сюды ў час міграцыйнага крызісу. Іх прапануецца адправіць у тыя краіны, праз якія яны трапілі ў Германію. Таксама дэкларуецца ідэя ўвогуле прыбраць з нямецкіх законаў права іншаземцаў прасіць прытулак у Германіі.

У глабальным вымярэнні рашэнне праблемы бежанцаў бачыцца альтэрнатыўшчыкам праз узмацненне ролі Масквы ў сірыйскім супрацьстаянні. Маўляў, толькі Расія, абапіраючыся на саюзны рэжым Асада, здольная хутка лакалізаваць мясцовых ісламістаў і закончыць вайну, якая прымушае сірыйцаў бегчы ў накірунку Еўропы. Роля Германіі ў такім сцэнары заключаецца ў тым, каб дабівацца зняцця санкцый з Крамля для ўзмацнення яго мілітарнага патэнцыялу.

На дэсерт дэлегаты з’езда яшчэ раз паабяцалі выбаршчыкам вярнуць нямецкую марку, абараніць «нямецкую нацыянальную ідэнтычнасць», паставіць памежнікаў уздоўж кардонаў ФРГ, увесці для балканскіх краін візавы рэжым і, нарэшце, не дапусціць эрозіі сямейных каштоўнасцяў. Рэалізацыя агучаных у Гановеры абяцанняў намечана на 2017 год, калі «Альтэрнатыва для Германіі» плануе стаць сябрам урадавай кааліцыі. Праўда, для гэтага, па словах старшыні, партыя павінна прадэманстраваць добры вынік на выбарах у зямельныя парламенты ў наступным годзе і выйсці на парламенцкія выбары праз два гады, маючы падтрымку мінімум 20 працэнтаў электарату.

Наколькі рэалістычная перспектыва прыходу «Альтэрнатывы для Германіі» да ўлады? Калі цвяроза паглядзець на сітуацыю, то не надта. Пакуль у грамадстве захаваліся сфармаваныя падчас пасляваеннай кампаніі па дэнацыфікацыі моцныя забабоны супраць усялякага праекту, які ў партыйным спектры знаходзіцца правей за кансерватараў. Пра гэта сведчыць, напрыклад, спантанная рэакцыя ўладальнікаў гановерскіх гатэляў, якія адмаўляліся сяліць у сябе альтэрнатыўшчыкаў, каб не губляць рэпутацыю.

Акрамя таго ніводная партыя пакуль не гатовыя ісці ў кааліцыю да AfD. Кіраўніцтву ўрадавых кансерватараў у прынцыпе пакуль удаецца ўтрымаць мясцовы актыў ад кантактаў з партыяй Фрауке Петры. Нарэшце, «Альтэрнатыва для Германіі» разглядаецца часткай эліты як выклік інстытутам нямецкай дэмакратыі. Дырэктар МУС у зямлі Цюрынгія ўвогуле не выключае, што яго ведамства пачне сачыць за сябрамі «Альтэрнатывы для Германіі» як за патэнцыйнымі экстрэмістамі.

Аднак большасць лічыць, што можна абысціся без паліцэйскіх мераў. Каб выклікаць у грамадстве сумнеў адносна «Альтэрнатывы для Германіі», дастаткова давесці папулісцкую прыроду яе маніфестаў. Напрыклад, ідэя адправіць усіх эмігрантаў з ФРГ у адну з балканскіх краін ЕС, праз якія яны трапілі ў Еўрасаюз, супярэчыць цэламу шэрагу міжнародных канвенцый, не кажучы пра тэхнічную складанасць аперацыі.

З іншага боку большасць аналітыкаў прызнаюць, што імунітэт супраць правага папулізму сярод звычайных бюргераў паслаблены з-за няздольнасці ўраду хутка вырашыць праблему імігрантаў і даць адказ на выклік ісламскага тэрарызму. Адной тэмы імігрантаў дастаткова, каб адносна вялікая частка немцаў эмацыйна, па пратэстных матывах галасавала за «Альтэрнатыву для Германіі». Пра эмацыйны складнік у поспеху AfD сведчыць і растучая колькасць гвалту на вулічных акцыя, арганізаваных партыяй.

Каментаваць