Зноў так, спадар міністр

На экраны вяртаецца, напэўна, самы славуты серыял «Так, спадар прэм’ер-міністр» зняты ў жанры палітычнай сатыры.
 

Чаму прэм’ер-міністр павінен быць зацікаўлены ў тым, каб яго тэлефоны праслухоўваліся? Як прызначыць на пасаду галавы англіканскай царквы атэіста? Што павінен рабіць кіраўнік брытанскага ўраду, заступнік якога працуе на КДБ?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна даведацца з серыялаў «Так, спадар міністр» і «Так, спадар прэм’ер-міністр» (аўтары сцэна Джонатан Лін і Энтані Джэй). Абодва серыялы пабачылі свет у 1980–1988 гадах у Англіі і прынеслі іх аўтарам сусветную славу. Па апытаннях кінакрытыкаў, «Так, спадар міністр» увахо­дзіць у дзясятку самых смешных серыялаў у гісторыі. У 1981, 1982 і 1983 гадах «Так, спадар міністр» прызнаваўся лепшай камедыяй у Вялікабрытаніі. Серыял выклікаў мноства клонаў. Свае версіі «Так, спадар міністр» на мясцовых рэаліях былі знятыя ў Партугаліі, Індыі, Ізраілі, Нідэрландах. У 1986 годзе нават з’явілася аднайменная кампутарная гульня. У 2010-м была напісана п’еса «Так, спадар міністр». На хвалі інтарэсу ВВС зрабіла адаптацыі тэлевізійных сцэнараў для радыёпраграм. Адначасова сцэнары адаптавалі да кніг, якія таксама сталі бестселерамі.

Серыял распавядае пра працу і асабістае жыццё міністра выдуманага Дэпартамента адміністрацыйных спраў Вялікабрытаніі Джэймса Хакера. Сам Хакер — дастаткова мяккі чалавек, якім лёгка маніпуляваць. Менавіта гэтым і карыстаецца яго атачэнне, і перш за ўсё сакратар сэр Хамфры Эплбі. Ён працаваў на Даўнінг-стрыт, 10 да прыходу туды Хакера і цудоўна ведае, як уладкавана дзяржаўная машына. Персанаж сэра Хамфры — тэхнакрат да мозгу касцей — безумоўна, галоўная знаходка стваральнікаў серыялу. Ён нават размаўляе спецыяльным жаргонам, які не дазваляе разумець яго адназначна.

Трэці герой серыялу — сакратар Бернард Вулі, які намагаецца балансаваць паміж рознымі полюсамі ўлады, каб захаваць цёплае места. Часам гэта ставіць яго ў камічныя сітуацыі.

Сюжэт серыялу і большасць жартаў выкарыстоўваюць тэму маніпулявання міністрам яго намеснікамі і ўласнай жонкай. Іншая тэма, якая праходзіць праз серыял, — віртуозная дэмагогія і ашуканства замест рэальнай працы адміністрацыйнага апарата ўрада.

Як не дзіўна, найбольш серыял пра прыгоды Джэймса Хакера спадабаўся палітыкам, якіх ён быццам высмейвае. Маргарэт Тэтчэр, па яе словах, не прапусціла ніводнай серыі. У 1984-м, калі акторы і аўтары атрымлівалі нейкую дзяжурную прэмію, яна асабіста ўручыла прыз і нават выканала з імі невялікі скетч. Дарэчы, сімпатыі Жалезнай Лэдзі да серыялу ледзь не пасварылі тандэм стваральнікаў. Джонатан Лін быў прыхільнікам курсу Тэтчэр, а яго сябра, аўтар Энтані Джэй — чалавек левых поглядаў і цураўся ўвагі прэм’ера.

Наступнае пакаленне брытанскай палітычнай эліты таксама любіць «Так, спадар міністр». Сярод фанатаў творчасці Ліна і Джэя цяперашні лідар лейбарыстаў Эд Мілібэнд і кансерватыўны мэр Лондану Барыс Джонсан.

Тое, што палітыкам падабаецца Джэймс Хакер, сэр Хамфры і Бернард Вулі, не дзіўна. Гэта серыял пра іх саміх. Аўтары сцэнару падчас напісання тэкстаў карысталіся парадамі двух былых супрацоўнікаў апарату лейбарысцкіх прэм’ераў Гаральда Вілсана і Джэймса Калігана. Лін і Джэй пазней прызнавалі, што, напісаўшы балванку сцэнара, абавязкова давалі яго прачытаць сваім знаёмым з апарату прэм’ера, якія, у сваю чаргу, падкідвалі ім нейкі эксклюзіў на гэтую тэму.

Дарэчы, некаторыя эпізоды ў серыяле былі заснаваныя на рэальных выпадках. Так, у адным з эпізодаў распавядаецца пра скандал, звязаны з пастаўкамі алкаголю ў адну фундаменталісцкую ісламскую краіну праз каналы брытанскага МЗС. Аказваецца, такі скандал сапраўды меў месца ў 1970-я гады падчас міністэрства Джэймса Калігана. Увогуле, першыя тры эпізоды серыялу былі знятыя яшчэ ў 1979 годзе. Аднак кіраўніцтва ВВС, якое традыцыйна сімпатызуе лейбарыстам, пабаялася пускаць іх у эфір, каб яны негатыўна не паўплывалі на рэйтынг лейбарыстаў падчас прызначаных на той год парламенцкіх выбараў. Як мы ведаем, гэта лейбарыстам не дапамагло. Яны прайгралі кансерватарам, і серыял смела пусцілі ў эфір.

Хаця Хакер больш падобны на тыповага лейбарысцкага палітыка разліву 1970-х гадоў, нельга сказаць, што гумар у серыяле накіраваны супраць лейбарыстаў. Сам Джэймс Хакер ніколі не кажа, што ён лейбарыст. А ў серыяле высмейваюцца забабоны як левых, так і правых. Напрыклад, у адной з серый распавядаецца пра план ураду пабудаваць шпіталь, у якім не будзе ніводнага доктара, аднак цэлых пяць адміністратараў. Гэты жарт яўна накіраваны супраць росту бюракратыі, якая была вельмі моцнай у Англіі ў часы лейбарысцкіх міністэрстваў. З іншага боку, дастаецца і торы. Так, у адным з выпускаў апісваецца няўдалая спроба скараціць чыноўнікаў, што нагадвае адпаведныя рэформы Маргарэт Тэтчэр.

Акрамя таго, у будучыні Хакер пачне хутчэй нагадваць міністра-кансерватара. Менавіта такім бачаць яго цяпер Джонатан Лін і Энтані Джэй, якія маюць намер адрадзіць серыял. Першы эпізод новай версіі выйдзе на экраны напрыканцы сакавіка наступнага года. Плануецца, што ў 2013-м усяго будзе знята 7 серый. Паводле першых інтэрв’ю стваральнікаў вядома, што Хакер, сэр Хамфры і Бернард Вулі будуць працаваць у цяперашнім кааліцыйным кабінеце кансерватараў і лібералаў. Праўда, у ролях будуць новыя акцёры.

Аўтары абяцаюць, што галоўнымі тэмам для жартаў стануць еўрапейская інтэграцыя, падаткаў і міжпартыйная барацьба. Як прызнаюць самі аўтары, яны былі вельмі здзіўленыя тым, што палітычная павестка дня амаль не змянілася за 30 гадоў. Праўда, з’явяцца новыя тэмы. Вядома, што адзін з эпізодаў будзе прысвечаны прызначанаму на 2014 год рэферэндуму пра выхад Шатландыі са складу Вялікабрытаніі.

Змены закрануць і сюжэтную лінію. Сюжэт будзе будавацца не толькі на складаных адносінах сэра Хамфры і Джэймса Хакера, аднак таксама на супрацьстаянні Хамфры (рэтраград-кансерватар) з сакратаркай прэм’ера, якая ўвасабляе фемінісцкую партыю.

Напрыканцы варта адзначыць, што ад серыялу чакаюць не толькі рэакцыі з боку публікі. Магчыма, ён паўплывае на курс ураду, як ужо было калісьці. Як піша лонданскі «The Telegraph», калі ў 1997 годзе лейбарысты вярнуліся да ўлады, яны былі вельмі напалоханыя перспектывай таго, каб паўтарыць шлях Джэймса Хакера — ператварыцца ў цацкі старых адміністратараў. Таму яны папросту звольнілі ўсіх старых чыноўнікаў. Магчыма, дзякуючы серыялу «Так, спадар міністр» лейбарысцкі прэм’ер Тоні Блэр рашыўся тады, у 1997 годзе, на дастаткова радыкальныя рэформы, якія сапраўды змянілі краіну.
 

Каментаваць