Зорны шлях

У пракат выходзіць фільм, зняты па самаму папулярнаму ў гісторыі чалавецтва серыялу. Мова, натуральна, пра «Зорны шлях» («Star Trek»).

«Апраменьвай мяне, Скоці!», «Супраціў не мае сэнсу!», «Прывітанне па-вулканску» — гэтыя выразы мала што кажуць нашым людзям, асабліва тым, хто вырас у часы СССР. Між тым, ва ўсім свеце гэта знаёмыя кожнаму афарызмы.



У пракат выходзіць фільм, зняты па самаму папулярнаму ў гісторыі чалавецтва серыялу. Мова, натуральна, пра «Зорны шлях» («Star Trek»).

«Апраменьвай мяне, Скоці!», «Супраціў не мае сэнсу!», «Прывітанне па-вулканску» — гэтыя выразы мала што кажуць нашым людзям, асабліва тым, хто вырас у часы СССР. Між тым, ва ўсім свеце гэта знаёмыя кожнаму афарызмы.

У гэтым кантэксце серыял «Зорны шлях» — не толькі самы вядомы серыял у гісторыі, аднак яшчэ і своеасаблівы помнік «халоднай вайне». Кіраўніцтва СССР не захацела, каб савецкія грамадзяне пазнаёміліся з прыгодамі капітана Джэймса Кірка і экіпажу яго касмічнага карабля. З пункту гледжання тагачаснага палітычнага моманту, гэта, магчыма, было правільна. З пункту гледжання ўдзелу СССР у глабальным культурным і не толькі працэсе — фатальная памылка.

«Star Тrek» паўплываў на шмат галінаў жыцця. Напрыклад, пытанне: «Ці глядзіце вы «Зорны шлях?», некаторыя фірмы ўключылі ў спіс пытанняў для кандыдатаў на працу. Было даказана, што аўдыторыя фільму — людзі з большым творчым патэнцыялам.

Усё пачалося ў 1964 годзе, калі былы ваенны лётчык Юджын Родэнберы напісаў сцэнар навукова-фантастычнага серыялу і прадаў яго каналу NCB. Фабула серыялу вельмі простая: у другой палове XXIII стагоддзя касмічны карабель «Enterprise NCC–1701» пад кіраўніцтвам капітана Джэймса Кірка даследуе новыя сусветы. У кожнай серыі ён сустракаецца з прадстаўніком нейкай іншай цывілізацыі. 

Ідэя Юджына не выклікала асаблівага энтузіязму ў дырэкцыі, аднак невялікія грошы на праект выдалі. Першыя выпускі «Зорнага шляху» мелі нізкі рэйтынг папулярнасці. Ад закрыцця дзецішча Родэнберы выратавалі толькі пратэсты групы моладзі, якой падабаўся жанр навуковай фантастыкі. Было вырашана «Зорны шлях» у эфіры пакінуць, аднак паставіць у сетцы праграм на позні час. У такім фармаце серыял існаваў да 1969 года, калі яго закрылі за нізкі рэйтынг.

Здавалася б, на гэтым усё і закончыцца. Аднак у наступныя гады свет стаў сведкам каласальнага росту цікавасці да прадукту Родэнберы. Узнікла нават цэлая моладзевая субкультура — трэкеры (англ.: trekker).

Натуральна, босы Галівуду не спалі ў шапку. У 1973 годзе выйшаў новы серыял. Пасля «Зорны шлях» у розных варыяцыях з’яўляўся на экранах у 1978, 1987, 1993, 1995 і 2001 гадах. Апошні серыял, які называўся «Enterprise», закончыўся ў 2005 годзе. У рамках серыялаў былі знятыя 716 эпізодаў. Разам яны ішлі 23 сезоны. Паралельна пабачылі свет адзінаццаць асобных фільмаў. У пракаце было таксама сем фільмаў-пародый на «Зорны шлях».

Акрамя сталай прысутнасці на тэлебачанні, «Зорны шлях» атакуе кніжны рынак. З 1969 года выдадзена  300 літаратурных твораў, героямі якіх сталі астранаўты «Enterprise NCC–1701». І гэта не ўлічваючы коміксаў. Паступова дайшла чарга і да кампутарных  гульняў. Ужо выйшла сорак гульняў, якія будуюцца на сюжэце «Star Тrek». Увогуле, продаж сувеніраў, кніг, коміксаў прыносіць уладальнікам 4 мільярда долараў штогод.

Жыхары горада Рыверсайд у штаце Айова заявілі, што Джэймс Кірк нарадзіўся менавіта тут. Яны нават штогод праводзяць фестываль у гонар свайго земляка. У Лас-Вегасе адкрыты  парк атракцыёнаў, прысвечаны персанажам «Зорнага шляху».

Застаецца спытаць, чаму менавіта «Зорны шлях»? У чым сакрэт такога поспеху? Возьмем пад увагу таксама той факт, што бюджэт у першага серыяла быў катастрафічна малы. Ніякіх спецэфектаў у фільме няма. Іншапланецяне выглядаюць знешне падобнымі на звычайных людзей, толькі апранутыя яны вельмі экзатычна.

Праўда, трэба адзначыць цудоўна прадуманыя сюжэты, які нават сёння ўражваюць смеласцю думкі. Дарэчы, героі «Зорнага шляху» маюць мабільныя тэлефоны — ніводны фантаст да Родэнберы не дадумаўся да таго, што тэлефонам могуць быць не патрэбныя дроты.

Таксама аўтарам удалося выбудаваць цікавы псіхалагічны трохкутнік: капітан Кірк і яго памочнік Містэр Споук канфліктуюць, а МакКой (яшчэ адзін персанаж) іранічна каментуе ход спрэчкі.

Большасць навукоўцаў, аналізуючы падтэкст серыялу, лічаць, што «Зорны шлях» дзіўным чынам рэфлектаваў над грамадска-палітычнымі працэсамі канца 1960–70-х. Мова пра моладзевую рэвалюцыю, якая змяніла культурныя, маральныя, этычныя  ўстаноўкі. Родэнберы папросту агучыў лозунгі контркультуры. Стаўленне да праблем сексу, расізму, гвалту, нацыяналізму ў герояў вельмі прагрэсіўнае ў праекцыі на тыя часы.

Лічыцца, што менавіта ў «Зорным шляху» быў упершыню ў ЗША зняты пацалунак паміж прадстаўнікамі чорнай і белай расаў. Ухура, чарнаскурая гераіня, пацалавалася з белым астранаўтам (пазней, дарэчы, гэты эпізод NASA выкарыстоўвала ў рэкламным роліку, які заклікае чарнаскурых дзяўчат ісці ў касманаўтыку). Акрамя таго, тагачасных амерыканцаў вельмі шакіраваў факт, што Ухура займае пасаду афіцэра. Гэта была відавочная правакацыя супраць стэрэатыпаў аб грамадскіх функцыях жанчыны. Вупі Голдберг — славутая актрыса Галівуду, былая актывістка трэкераў, — кажа, што менавіта вобраз Ухуры прымусіў яе ставіць больш значныя задачы ў жыцці і дабівацца іх.

Цікавая гісторыя атрымалася з Паўлам Чэхавым — яшчэ адным персанажам «Зорнага шляху». Родэнберы, які ўвёў яго ў карціну, быццам смяяўся з тагачаснай антысавецкай прапаганды на Захадзе, якая малявала ўсіх савецкіх каварнымі і прымітыўнымі варварамі.

Не дзіўна, што славуты змагар за грамадзянскія правы Марцін Лютэр Кінг дазваляў сваім дзецям глядзець выключна гэты серыял. Аматарамі фільму былі Айзік Азімаў, Фрэнк Сінатра. Цяперашні прэзідэнт ЗША Барак Абама таксама заўзяты фанат філасофіі фільму.
 

Каментаваць