ЗША думаюць пра сілавы адказ на расійскія ўдары па паўстанцам у Сірыі

У Пентагоне вядуцца дыскусіі аб выкарыстанні ваеннай сілы для абароны сірыйскіх паўстанцаў, навучаных ЗША, у выпадку нанясення па іх удараў расійскімі ВПС. Расію абвінавачваюць у бамбардзіроўках праціўнікаў прэзідэнта Асада



Ваеннае кіраўніцтва ЗША разглядае рызыкі выкарыстання сілы ў адказ на бамбардзіроўкі расійскай авіяцыяй сірыйскіх паўстанцаў, якія карыстаюцца амерыканскай падтрымкай, заявілі крыніцы ў Вашынгтоне. Яны казалі на ўмовах ананімнасці, паколькі не былі ўпаўнаважаны публічна абмяркоўваць гэтыя пытанні.

У Пентагоне і Аб'яднаным камітэце начальнікаў штабоў узважваюць магчымыя юрыдычныя і палітычныя наступствы такога кроку. У горшым выпадку спроба амерыканскіх знішчальнікаў арганізаваць паветраны захіст паўстанцаў ад расейскіх бамбаванняў можа прывесці да поўнамаштабнай канфрантацыі з Расіяй, чаго ў Белым доме хацелі б пазбегнуць.

Міністр абароны ЗША Эштан Картэр адмовіўся абмяркоўваць гэтае пытанне, калі яго спыталі пра гэта. Крыніцы пацвердзілі, што сілавы адказ разглядаўся падчас абмеркавання рэакцыі ЗША на тое, што прэс-сакратар Белага дома Джо Эрнэст ахарактарызаваў як «неразборлівыя ваенныя аперацыі супраць сірыйскай апазіцыі» з боку Расеі.

У чацвер, 1 кастрычніка, крыніцы ў вашынгтонскай адміністрацыі распавялі The Wall Street Journal, што пад авіяўдары расійскіх ВПС патрапілі паўстанцы з групоўкі, фінансаванне і навучанне якой ажыццяўляе ЦРУ. ЗША раней у гэтым годзе далі зразумець, што паўстанцы, якія карыстаюцца амерыканскай падтрымкай, будуць забяспечаны паветраным прыкрыццём, у выпадку удараў па іх з боку забароненай у Расіі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» або сірыйскай арміі.

У чацвер расійскія і амерыканскія ваенныя правялі першыя кансультацыі аб тым, як пазбегнуць патэнцыйных канфліктных сітуацый у паветранай прасторы Сірыі. Памочнік міністра абароны ЗША па пытаннях міжнароднай бяспекі Эліса Слоткін выказала заклапочанасць у ходзе відэаканферэнцыі нанясеннем Расіяй удараў па тэрыторыях, дзе ІД не дзейнічае або яго прысутнасць нязначна.

У Вашынгтоне выклікае асцярогу той факт, што расейская авіяцыя ў Сірыі ўзброена сістэмамі для паражэння паветраных мэтаў, пры тым што ў ІД няма авіяцыі, а ў небе над краінай з'яўляюцца альбо самалёты сірыйскага ўрада, альбо антытэрарыстычнай кааліцыі на чале з ЗША.

Прэс-сакратар Пентагона Пітэр Кук распавёў, што ЗША прапанавалі выкарыстоўваць асаблівыя міжнародныя радыёчастоты для ваенных пілотаў у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый у небе над Сірыяй, але ён адмовіўся раскрываць іншыя падрабязнасці перамоваў з расійскімі вайскоўцамі.

«Хоць заўсёды захоўваецца небяспека канфлікту, выпадковага кантакту» паміж расійскімі самалётамі і кааліцыйнай авіяцыяй, аперацыі будуць працягнутыя, заявіў прадстаўнік амерыканскага ваеннага камандавання ў Багдадзе палкоўнік Стыў Уорэн.

Раніцай у пятніцу, 2 кастрычніка, МЗС Турцыі распаўсюдзіў сумесную заяву ад імя сямі краін, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай кааліцыі, з заклікам да Расіі неадкладна спыніць ўдары па сірыйскай апазіцыі і засяродзіцца на барацьбе з баевікамі «Ісламскай дзяржавы». На іх думку, дзеянні Масквы «толькі прывядуць да ўзмацнення экстрэмізму і радыкалізацыі».

Расія не прымае прэтэнзіі Захаду з нагоды выбару мэтаў для удараў у Сірыі. Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў дзяржсакратару Джону Кэры, што «Расія адказвае за ўсе мэты ўдараў» і запатрабаваў прадаставіць доказы таго, што расійскія ваенныя нанеслі ўдары не па пазіцыях ІД.

Паводле: РБК

Каментаваць