ЗША і Канада прыпынілі падрыхтоўку да саміту G8 у Сочы

ЗША і Канада прыпынілі ўдзел у мерапрыемствах па падрыхтоўцы да саміту «Вялікай васьмёркі», які мае прайсці ў Сочы 4-5 чэрвеня.



Пра рашэнне ЗША гаворыцца ў прэс-рэлізе Белага дома па выніках гутаркі прэзідэнта ЗША Барака Абамы з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. У ходзе гутаркі, якая адбылася па ініцыятыве амерыканскага боку і доўжылася паўтары гадзіны, Абама паведаміў Пуціну, што далейшае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з боку Расеі адмоўна адаб'ецца на становішчы краіны ў міжнароднай супольнасці і прывядзе да яшчэ большай палітычнай і эканамічнай ізаляцыі.

Услед за ЗША падрыхтоўку да саміту «Вялікай васьмёркі» ў расійскім Сочы прыпыніла таксама Канада. Акрамя таго, МЗС Канады ў суботу адклікаў канадскага амбасадара з Расеі для кансультацый па сітуацыі вакол Украіны. Аб гэтым паведамляе ў ноч на нядзелю агенцтва Рэйтэр са спасылкай на заяву прэм'ер-міністра Стывена Харпера.

Саміт G8 у Сочы меўся стаць 40-м у гісторыі аб'яднання. Расія ў 2014 годзе старшынюе ў «вялікай васьмёрцы», у якую акрамя ЗША таксама ўваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Канада, Францыя і Японія.

Каментаваць