ЗША пасябруюць з Кубай

17 красавіка на востраве Трынідад і Табага пачаўся саміт Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Напярэдадні Барак Абама прыняў сенсацыйнае рашэнне: упершыню за 50 гадоў Штаты паслабілі рэжым эканамічнай ізаляцыі Кубы. Прапануем вашай увазе агляд міжнароднай прэсы з нагоды гістарычнай падзеі.



17 красавіка на востраве Трынідад і Табага пачаўся саміт Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Напярэдадні Барак Абама прыняў сенсацыйнае рашэнне: упершыню за 50 гадоў Штаты паслабілі рэжым эканамічнай ізаляцыі Кубы. Прапануем вашай увазе агляд міжнароднай прэсы з нагоды гістарычнай падзеі.

Эмбарга яшчэ цалкам не адмянілі, аднак «Los Angeles Times» (ЗША) ужо пралічыла, колькі Куба можа зарабляць на турызме. Па падліках журналістаў, востраў будзе здольны штогод прымаць каля 3 мільёнаў турыстаў. Акрамя таго, 1,5 мільёна грамадзян ЗША маюць родзічаў на Кубе, што таксама важны фактар для развіцця турыстычнай інфраструктуры і інвестыцый. Па дадзеных выдання, рашэнне Абамы выклікала ажыўленне ў турыстычных кампаніях. Так, Travel Services запускае ў ліпені спецыяльны рэйс з Лос-Анжэлеса ў Гавану.

Іспанская «La Vanguardia» ўпэўненая, што палітыка адкрытасці Злучаных Штатаў накіравана на тое, каб прарваць плаціну ізаляцыі хаця б у адным месцы. У такім выпадку рухне ўся канструкцыя. Грошы, якія амерыканскія родзічы дасылаюць сваякам, цяпер можна будзе атрымліваць прасцей. Пашырэнне гэтай практыкі ставіць Гавану ў эканамічную залежнасць ад паўночнага суседа: ужо цяпер пераводы з ЗША — трэцяя крыніца даходаў кубінскай гаспадаркі.

Ужо згаданая «L.A. Times» прысвячае асобны артыкул такому чынніку пераменаў на востраве, як тэлекамунікацыі. Калі Куба дазволіць амерыканцам кубінскага паходжання дасылаць сваім родным мабільнікі і камунікаваць з імі, гэта пашырыць светапогляд людзей, зменіць іх ментальнасць, каштоўнасці. На цяперашні момант сектар тэлекамунікацыі вельмі абмежаваны. Толькі 11 працэнтаў кубінцаў маюць дома тэлефоны. Толькі два працэнта грамадзян Кубы карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі.

З «L.A. Times» згодная нямецкая «Tageszeitung»: «За кошт развіцця тэлекамунікацый і павялічэння колькасці візітаў амерыканцаў на Кубу, Абама імкнецца стварыць прамы кантакт паміж людзьмі на Кубе і ЗША».

«Washington Post» лічыць, што амерыканцы фактычна ўжо зараз пачалі падрыхтоўку для змены рэжыму. Рауль Кастра — вельмі стары чалавек, і яго сыход з палітычнай сцэны чакаецца ў бліжэйшыя гады. Пры ўмове стварэння адпаведнай грамадскай атмасферы, яго сыход можа даць старт рэформам. Варта адзначыць, што падчас сваёй выбарчай кампаніі Абама не казаў пра тое, што ў выпадку перамогі абавязкова знішчыць рэжым Кастра. Ён сцвярджае, што задача на гэты час — «паменшыць залежнасць кубінцаў ад Кастра».

Перадавы артыкул іспанскай «El Paіs» аддае належнае амерыканскай дыпламатыі. Рашэнне пра перагляд рэжыму эмбарга было прынята напярэдадні адкрыцця саміту Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў на востраве Трынідад і Табага. Пасля рэформаў Абамы Куба апынулася ў стане даўжніка, прычым таксама ў вачах усёй Амерыкі. Яна павінна неяк рэагаваць.

А вось лонданская «Times» дастаткова крытычна ставіцца да ініцыятыў новай адміністрацыі ЗША, паколькі яны не тычацца такой важнай праблемы, як правы чалавека. Выданне заклікае не ставіць эканоміку на першы план за кошт пытання грамадзянскіх правоў.

Французская «Le Monde» лічыць, што галоўная праблема Абамы зараз не Куба, а ідэйны разрыў паміж Поўначчу і Поўднем Амерыкі — прадукт палітыкі Джорджа Буша. Апошнія гады мы былі сведкамі параду перамог у Лацінскай Амерыцы левых палітыкаў. Рыторыка апошніх таксама будавалася на нянавісці да грынга. «Для Абамы зараз галоўнае, — адзначае выданне, — аднавіць дыялог і пачаць кааперацыю са сваімі амерыканскімі суседзямі. Прэамбула да такой праграмы — закончыць канфлікт з Кубай, які расцягнуўся на паўстагоддзя».

Цікавая рэакцыя рэспубліканскага лагеру на заявы Абамы. Рычард Лугар, вядомы рэспубліканец, прызнаў, што рэжым эмбарга сябе вычарпаў, аднак у той жа час, на яго думку, кубінская палітыка Абамы няправільная, паколькі дазволіць за кошт грашовых пераводаў з-за мяжы палепшыць фінансавую сітуацыю.

Застаецца згадаць рэакцыю афіцыйнай Гаваны. Дзяржаўнае тэлебачанне Кубы вельмі аператыўна агучыла навіну з Вашынгтону (гэта здзівіла шмат каго). Фідэль Кастра ў сваёй калонцы на старонках газеты «Гранма» напісаў, што «Куба як чыніла супраціў, так і будзе яго чыніць».

Прадстаўнік кубінскай апазіцыі сацыял-дэмакрат Мануэль Куэста заявіў, што ініцыятыва Абамы «не зможа растапіць лёд паміж двума ўрадамі». На яго думку, эмбарга дапамагае кубінцам лепш зразумець жудасную рэальнасць, у якой яны жывуць па волі камуністаў.



Даведка

1959 год — партызаны Кастра ўваходзяць у Гавану. Дыктатар Батыста, якога падтрымлівалі ЗША, бяжыць.
1960 год — Фідэль Кастра нацыяналізуе ўласнасць амерыканскіх прадпрымальнікаў пасля таго, як ЗША адмовіліся ад экспарту кубінскіх прадуктаў.
1961 год — ЗША дапамагаюць эмігрантам, праціўнікам Кастра, арганізаваць дэсант на Кубе. Аднак аперацыя заканчваецца правалам.
1962 год — ЗША ўводзяць забарону гандлю з Кубай.
1962 год — Карыбскі крызіс.
1977 год — прэзідэнт Джымі Картэр абмяжоўвае права грамадзян ЗША наведваць Кубу.
1980 год — Кастра высылае з краіны 125 тысяч кубінцаў.
1982 год — прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган робіць працэдуру наведвання Кубы для амерыканцаў яшчэ больш складанай.
1991 год — Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая крытыкуе Вашынгтон за палітыку эмбарга ў адносінах да Кубы.
2004 год — Джордж Буш кардынальна ўскладніў правілы візітаў на Кубу і перасылку туды грошай (амерыканец можа наведваць краіну раз на тры гады, заставацца там толькі на працягу 12 дзён, пераслаць родным не больш ста долараў на месяц).
13 красавіка 2009 года — Барак Абама дазваляе амерыканцам, якія маюць родзічаў на Кубе, вольна наведваць востраў, перасылаць грошы. Таксама прапануе план стварэння спецыяльнага спадарожніка, праз які кубінцы змогуць размаўляць са сваімі родзічамі ў Злучаных Штатах праз мабільныя тэлефоны. Па словах Дэна Рэстрэпа, сябра Савета нацыянальнай бяспекі ЗША, «прэзідэнт абяцаў зрабіць крокі, якія пашыраць ступень свабоды на Кубе, і ён гэта зрабіў». Адпаведна апытанням, 70 працэнтаў амерыканцаў выступаюць за нармалізацыю адносін.

 

Каментаваць