Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

ЗША могуць закрыць свае пасольства на Кубе

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэй Тылерсан не выключыў, што Злучаныя Штаты хутка закрыюць сваё пасольства на Кубе

Заява цікавая не тым, што адносіны паміж Гаванай і Вашынгтонам зноў нагадваюць часы «халоднай вайны». Гэтай заяве папярэднічала амаль містычная гісторыя.

Улетку 21 супрацоўнік пасольства паскардзіўся на праблемы са здароўем. Асноўнымі сімптомамі сталі млоснасць, галаўны боль і страта слыху. Пры гэтым пацярпелыя адзначалі, што па начах чулі дзіўныя гукі, якія нагадваюць скрыгат металу. Гэтая інфармацыя дала падставу казаць пра прымяненне да дыпламатаў невядомай аўдыёзброі.

Аднак ніякіх доказаў віны Кубы не знойдзена. Ва ўрадзе Рауля Кастра, вядома, ёсць групоўка праціўнікаў нармалізацыі адносінаў з ЗША, але наўрад ці тыя людзі маюць такія тэхналагічна складаныя прылады.

Сапсаваць жыццё амерыканскаму дыпламатычнаму корпусу можна значна прасцейшымі метадамі. Дапускаецца, што кубінцы праслухоўвалі амерыканцаў, але з-за слабай прафесійнай кваліфікацыі націснулі не на тую кнопку. Аднак падобная апаратура грунтуецца якраз на прынцыпе слабасці сігналу, інакш «жучок» лёгка выявіць.

Адным словам, гісторыя вельмі цёмная, аднак яна можа мець самыя непрадказальныя палітычныя наступствы.


Каментаваць