ЗША таемна выплацілі Ірану 400 мільёнаў долараў

Паводле інфармацыі «The Wall Street Journal», Вашынгтон таемна выплаціў Тэгерану 400 мільёнаў долараў неўзабаве пасля вызвалення чатырох грамадзян ЗША. Наяўныя былі дастаўлены ў Іран у кантэйнерах на борце грузавога самалёта.


Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Барака Абамы таемна перакінула Ірану 400 мільёнаў долараў неўзабаве пасля вызвалення ў студзені чатырох амерыканскіх грамадзян, якіх утрымліваў Тэгеран, паведамляе Deutsche Welle 

Пра гэта ў сераду, 3 жніўня, паведаміла на сваім сайце амерыканская газета “The Wall Street Journal” са спасылкай на шэраг амерыканскіх і еўрапейскіх афіцыйных асоб і чальцоў Кангрэса, з якімі быў праведзены брыфінг па выніках аперацыі.

Гэтыя грошы, паводле “The Wall Street Journal”, сталі першым плацяжом у рамках ўрэгулявання спрэчкі, што доўжылася з 1979 года, калі ў выніку перамогі ісламскай рэвалюцыі ў Іране ЗША не ажыццявілі абяцаныя ранейшым уладам пастаўкі зброі ў гэтую краіну і не вярнулі Тэгерану выплачаныя за ўзбраення сродкі.

Драўляныя кантэйнеры з еўра і швейцарскімі франкамі былі дастаўлены ў Іран на борце грузавога самалёта без апазнавальных знакаў. Наяўныя былі атрыманы Вашынгтонам з банкаў Нідэрландаў і Швейцарыі, адзначае выданне. Доларавыя транзакцыі з Іранам, у адпаведнасці з амерыканскімі законамі, забароненыя. Па гэтай прычыне выплата праводзілася ў іншых замежных валютах. Таксама з-за санкцый доступ Тэгерана да міжнародных фінансавых інстытутаў быў абмежаваны, у сувязі з гэтым перакідванне сродкаў ажыццяўлялася паветраным шляхам.

Афіцыйна Вашынгтон адмовіўся прызнаць, што існуе сувязь паміж перакідваннем згаданых сродкаў і вызваленнем амерыканцаў. Тым не менш, пасля меркаванай аперацыі іранская выведка пры Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі арыштавала яшчэ некалькі чалавек з падвойным грамадзянствам — з пашпартамі Ірана, а таксама ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і Францыі.



Каментаваць