ЗША. У Кангрэсе прапануюць расследаваць кібератакі як тэракты 11 верасня

Для расследавання кібератак кангрэсмены-дэмакраты прапануюць стварыць камісію, аналагічную той, што займалася расследаваннем тэрактаў 11 верасня 2001 года.

 Капітолій

 Капітолій


Чальцы Кангрэсу ЗША ад Дэмакратычнай партыі прапанавалі стварыць незалежную камісію для расследавання кібератак і магчымых спроб Расіі паўплываць на выбары амерыканскага прэзідэнта, паведамляе www.dw.com.

Кангрэсмены прапануюць стварыць яе паводле ўзору камісіі, якая расследавала тэракты ў ЗША 11 верасня 2001 года. Камісія будзе складацца з 12 чалавек, якія пры гэтым не павінны ўваходзіць у Кангрэс. Для яе фарміравання дэмакраты хочуць ўнесці на разгляд "Акт аб абароне дэмакратыі".

29 снежня 2016 года ўлады ЗША абвясцілі аб увядзенні новых санкцый супраць Расіі ў сувязі з расійскімі хакерскімі нападамі падчас выбараў амерыканскага прэзідэнта. Амерыканскія спецслужбы падазраюць расійскіх хакераў у датычнасці да кібернападаў. На думку Вашынгтона, арганізаваць кампанію па ўмяшанню ў выбары прэзідэнта ЗША распарадзіўся асабіста Уладзімір Пуцін.

Нагадаем, учора, 9 студзеня, абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп згадзіўся з заключэннем выведвальнай супольнасці ЗША аб тым, што Расія займалася кібер-нападамі, накіраванымі на зрыў прэзідэнцкіх выбараў і можа прыняць захады ў адказ.


Каментаваць