Журналісты з усяго свету дапамагаюць Charlie Hebdo

У пятніцу пачаўся збор ахвяраванняў для падтрымання працы Charlie Hebdo. Пра гатоўнасць аказаць фінансавую дапамогу камандзе часопіса, якая страціла 10 чалавек, ужо заявіў шэраг буйных выданняў, прычым не толькі французскіх.



У прыватнасці, ахвяраванні паступаюць ад медыяхолдынга Canal Plus, газеты Le Monde. Брытанская The Guardian гатовая выдзеліць  французскаму часопісу 100 тысяч фунтаў (каля 130 тысяч еўра), яшчэ 250 тысяч еўра паступяць ад няўрадавага фонду «Прэса і плюралізм». Пра рашэнне выдзеліць французскаму штотыднёвіку 300 тысяч долараў (каля 250 тысяч еўра) абвясціў таксама фонд The Digital Innovation Press Fund, які фінансуецца амерыканскай карпарацыяй Google.
 
 
Магчымасць прадастаўлення фінансавай дапамогі разглядае і ўрад Францыі. Як паведаміла міністр культуры рэспублікі Флёр Пельрен, гаворка можа ісці пра адзін мільён еўра, якія павінны быць выдзеленыя «ў тэрміновым парадку». Для гэтага, аднак, спатрэбіцца ўнесці праўкі ў шэраг нарматыўных дакументаў, якія на дадзены момант не дапускаюць магчымасці дзяржаўнага фінансавання сатырычных выданняў.
 
 
Газета Libération, са свайго боку, дала калектыву Charlie Hebdo свае рэдакцыйныя памяшканні для працы над новым нумарам іх часопіса. Як абяцаюць журналісты, выпуск выйдзе ў наступную сераду і стане «нумарам тых, хто выжыў». Пры гэтым ён будзе ў два разы карацей — восем старонак замест 16, але нацыянальны наклад складзе адзін мільён асобнікаў замест прыкладна 60 тысячаў. Мяркуецца, што ладная частка выручкі ад яго продажу будзе пералічаная сем'ям загінуўшых і пацярпелых.
 
 
Яшчэ адзін дабрачынны жэст зрабіла фірма Presstalis, якая займаецца ў Францыі распаўсюджваннем друкаваных выданняў. У выключным парадку яна не будзе браць ніякіх камісійных збораў і развязе часопіс па газетных кіёсках бясплатна.
 
 
Разам з тым на рынку рэзка падскочыла цана ужо выпушчанага нумара Charlie Hebdo. Так, на інтэрнэт-аўкцыёне eBay цана часопіса ад 7 студзеня — у дзень, калі быў здзейснены напад на рэдакцыю выдання, — дасягае 75 тысяч еўра.

Каментаваць