Звод InformNapalm: аналіз мажлівых дзеянняў баявікоў на Данецкім і Арцёмаўскім напрамках

Першы раз за мінулыя паўгода саджуся пісаць аналітычны агляд дзеянняў на франтах АТА. Зараз зрабіць гэта вельмі складана, таму што ў інфармацыі, якая паступае ад інсайда, шмат блытаніны.



Думаў падрыхтаваць мапу, але інфармацыяй наконт слушнай канфігурацыі лініі судакранання інфармацыяй не валодае нават Генеральны Штаб. Тое ці іншае падраздзяленне, з абодвух бакоў, займаюць населеныя пункты і пануючыя вышыні, якія потым пакідаюць. Пачалася масавая асіміляцыя баявікоў і спроба выезду на вызваленую тэрыторыю, таму ўжо невядома, якія пункты можна лічыць падкантрольнымі ўкраінскім уладам, а якія — толькі выглядаюць на такія. Таму быў абраны найбольш аптымальны варыянт: выкарыстоўвалася мапа, лінія размежавання на якой адпавядае стану рэчаў на чэрвень 2015 году, калі быў апублікаваны астатні звод.

Што мы маем на сёння. Пасля серыі тэрактаў у краінах Еўропы, якія прэзыдэнт РФ пастараўся спісаць на дзеянні ІДІЛ, з'явілася верагоднасць аднаўлення баявых дзеянняў на Усходзе Украіны.

Спярша разгледзім тыя напрамкі, дзе інсайдары міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm даюць найбольшую колькасць інфармацыі.

Данецк. У Данецку зафіксаванае прыбыццё да 600 чалавек асабовага складу каўказскіх падраздзяленняў. Апроч гэтага, адбылося змяненне ў кіраўніцтве брыгады “Восток” (рас.), дзе на змену мясцовым баявікам прыйшлі адпускнікі з РФ. Паводле інфармацыі, якая патрабуе дадатковай праверкі, у раёне шахты «Лідзіеўка» разгорнуты дывізіён РСЗВ «Ураган». Інсайдары назіраюць перасоўванне тэхнікі і асабовага складу па вул.Пятроўскага ў напрамку населенага пункта Мар’інка.

Такім чынам, можна зрабіць здагадку, што на заходніх ускрайках Данецку ідзе назапашванне сілаў для ўдару па Мар’інцы і Краснагораўцы. Што гэта дае баявікам? Выхад да населенага пункту Курахава і кантроль над Курахаўскай ТЭЦ, як рычаг ціску на Р. Ахметава.

Дадатковым доказам падрыхтоўкі баявікоў да магчымага наступу на заходнім напрамку з'яўляецца заход у Данецк вялікае колькасці камандна-штабных машынаў і апаратных РЭБ. Яшчэ адна групоўка фармуецца ў раёне Данецкага аэрапорту. Паводле інфармацыі ад інсайдара: «4 апаратных + кшм + урал з асабістым складам па вул.Універсітэцкай у бок Аэрапорта». Цалкам мажліва, такія сілы назапашваюцца не для штурму Пяскоў, але для пачатку наступу з мэтай захапіць населены пункт Аўдзееўка. Але перад гэтым тэрарысты паспрабуюць выціснуць сілы АТА з шахты «Бутаўская». У пацверджанне да гэтых словаў можна дадаць наступную інфармацыю: «40 фураў у бок Данецка праз Макееўскае кальцо. Не гуманітарны. + 2 УРАЛАа з людзьмі. УСЕ з РАС. нумарамі», «З Харцызска ў Макееўку толькі што заехала нейкая гусенічная тэхніка (але не танкі). Едзе вельмі павольна ў бок цэнтра гораду». 14 лістапада таксама выяўленая качэўная спецтэхніка акупацыйных войскаў РФ.

Такім чынам, у Данецку створаныя 2 ударныя групоўкі. І мы ўжо можам назіраць пачатак праверкі абароны сілавікоў на трываласць. Гэтак, у ноч з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю, у раёнах, якія пазначаныя, як асноўныя напрамкі ўдараў, было вельмі шумна.

Другім пунктам, на якім мы акцэнтуем увагу, будзе — Горлаўка, якую два дні таму наведалі Гіві, Матарола і адзін з расійскіх генералаў. Пры гэтым гучэлі запэўніванні, што неўзабаве Арцёмаўск вернецца пад кантроль ДНР. Хвалявацца пакуль не варта, але мяне бянтэжыць факт разгортвання на ўсход ад населенага пункту Горлаўка (раён н.п. Булавінскае) брыгаднае артылерыйскае групы і вялікай колькасці асабовага складу з тэхнікай. Праўда, у тым раёне тэрарысты маюць адзін з навучальных цэнтраў, што можа сведчыць проста пра падрыхтоўку чарговых вышкалаў, але ў той жа час гэта можа сведчыць і пра магчымы наступ з глыбіні. Пры гэтым варта ўлічыць, што  пазначаныя палявыя камандзіры і куратар акцэнтавалі ўвагу на Калінінскім раёне Горлаўкі, які разам з пасёлкам Гольмаўскі ёсць пагрозай для сілавікоў, якія занялі абарону ў населеным пункце Зайцава. Апроч гэтага, 14.11.2015 г. было зафіксаванае перасоўванне танкаў, БТР і БМП у напрамку н.п. Зайцава.

Такім чынам, ствараецца ўражанне пра магчымасць сустрэчных удараў з мэтай атачэння сілавікоў, якія займаюць абарону ў Зайцаве, атрымання кантролю над трасай Т0513 з далейшым высоўваннем у напрамку населенага пункта Арцёмаўск. І менавіта ў той момант, калі падраздзяленні сілаў АТА будуць спрабаваць спыніць прасоўванне супраціўніку ў  пазначаным напрамку і будзе здзейснены ўдар з глыбіні, з боку Булавінскага. Мэтай удару будзе прыбраць выступ у раёне населенага пункту Міронаўскі, завалодаць ім, атрымаць кантроль над трасай М03 і выйсці да Арцёмаўска з поўдня.

Страціўшы надзею ўзяць населены пункт Дзяржынск з боку Горлаўкі, баявікі пачалі нарошчваць сілы ў раёне Шырокай Балкі (У раёне Шырокай Балкі як мінімум 5 БМП зайшлі на гэтым тыдні.) І ў напрамку на Верхнетарэцкае (у пятніцу яны ўжо паспрабавалі прамацаць блокпост у Верхнетарэцкім). Захоп населенага пункту Верхнетарэцкае, забяспечвае баявікам выхад да Аўдзееўкі з поўначы і стварае кацёл вакол гораду. Варта таксама памятаць пра праблемныя пытанні з заводам у самым населеным пункце Аўдзееўка, адказы на якія не атрыманыя дагэтуль.

У выпадку нападу на Аўдзееўку, тэрарысты атрымліваюць кантроль над трасай Н20, што дае магчымасць развіць наступ у бок Канстантынаўкі.

У гэтым матэрыяле разгледжаныя толькі тыя раёны, пра якія было дастаткова інфармацыі для больш-менш якаснага аналізу. У далейшым мы паспрабуем здзейсніць удакладненне інфармацыі, а таксама прааналізаваць сітуацыю і на іншых участках фронту.

Аналіз падрыхтаваў: вайсковы аналітык міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm Арцём Васіленка.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын

informnapalm.org

Каментаваць