10 фактаў пра Міколу Улашчыка — гісторыка, якога не зламала камуністычная сістэма

Сёння 90 гадоў з дня творчага нараджэння Міколы Улашчыка — беларускага гісторыка, даследчыка Вялікага Княства Літоўскага, які адным з першых адкрываў праўду пра мінулае Беларусі, нагадвае «Свабода».
У аснове матэрыялу — кніга «Мікалай Улашчык. Даць народу гісторыю» Міхася Скоблы. На фота — фрагмент вокладкі

У аснове матэрыялу — кніга «Мікалай Улашчык. Даць народу гісторыю» Міхася Скоблы. На фота — фрагмент вокладкі

 

Сталінскі вязень, якога не змагла зламаць сістэма, ён у самых неспрыяльных умовах нястомна даказваў, што Беларусь і да кастрычніцкага перавароту была шляхетнай, высокакультурнай еўрапейскай краінай.

У канцы жніўня 1929 года, 90 год таму, пабачыла свет яго першая навуковая праца — «Беларускі друк у 1927−1928 гадах».

1. У дзяцінстве ледзь не забіў уласнага сабаку з падараванай стрэльбы

«...бацька прывёз мне стрэльбу і падараваў дзве кулі: адну — з вострым канцом, а другую — з тупым, растлумачыўшы, што востраю куляю страляюць у лоб, а тупою — у жывот. ...Назаўтра... я, схапіўшы стрэльбу, быў на дварэ, шукаючы абʼекта, у які можна было б запусціць кулю. Такім аказаўся сабака Мунік, і я, злажыўшыся, стрэліў. Мунік ніяк не адрэагаваў на мой стрэл, а куля загінула ў снезе. Усе старанні знайсці кулю не далі вынікаў. ...Ахвота страляць... адпала». 

2. Школа была для яго пеклам

«Асноўны фон — шэры, нудны. У варожым абкружэнні, сярод вялікіх хлапцоў, якія ўсё меркавалі, каб даць па патыліцы, ці дражнілі немаведама чаму шведзікам. Гэтае асяроддзе з’ядала, душыла смех і радасць, застаўляла перажываць увесь час крыўду. Местачковыя бугаі не давалі літаральна праходу, расказваючы мне такія рэчы пра адносіны гаспадыні з яе кватарантам, якія я або не разумеў, або дзіка саромеўся. Усе, здаецца, былі ворагі адзін другому, усе стараліся адзін другога задзець, а на чале гэтае бурсы стаяў чалавек, які няшчадна біў і маленькіх дзяцей, і хлопцаў...» 

3. Першым творам, які крануў да глыбіні душы, была «Новая зямля»

«"Новая зямля" — гэта было найбольш сваё, што даводзілася мне чытаць у жыцці. Людзі, прырода, характар, падзеі, паводзіны — усё было сваё, усё знаёмае, без кпін і насмешак і без ідэалізацыі... Было апісана наша жыццё, апісана ўмела, цяжкаватым, старамодным вершам... З такой кнігаю нельга было ўрымсціцца. Трэба было бегаць да ўсіх, усім чытаць урыўкі. Успрынята “Новая зямля” была ўсімі добра». 

4. Сварыўся з сямейнікамі, якія не прымалі ягонай беларускасці

«Я не разумеў, чаму людзі... кпяць з беларускага... Я гатоў быў з усімі сварыцца, біцца... Дома, прыехаўшы, я сказаў, што гаварыць па-расейску не буду... На мяне пачалі сварыцца, я ўпёрся... найчасцейшым апанентам быў бацька». 

5. Лічыў, што ў 20-я гады Беларусь была самастойнай

Арсень Ліс успамінаў: «У часе адной з размоваў з Мікалаем Мікалаевічам, калі ён казаў пра некаторыя рэаліі з жыцця Савецкай Беларусі 20-х гадоў і заакцэнтаваў на нейкім факце суверэннасць рашэнняў беларускага савецкага ўраду, я незнарок усміхнуўся. Суразмоўца рэзка перапыніў мяне: “Не ўсміхайцеся, малады чалавек, у 20-я гады мы мелі сваю дзяржаву. Так, так, мелі ўласную дзяржаву”, — паўтарыў ён цвёрда». 

6. У «амерыканцы» яму было няёмка за калегаў, што супрацоўнічалі са следствам

«...варочаючыся... ён [Іван Цвікевіч] казаў, што вось сёння напісаў, як было сярод эмігрантаў, якая гэта была дрэнь, як яны сварыліся. ...я, слухаючы, адчуваў нейкую няёмкасць — надта ўжо і без “дапамогі” арыштаваных была выдумана фантастычная арганізацыя, і дадаваць палкоўнікам новых матэрыялаў не было патрэбы... у 1937 г. Цвікевіч быў расстраляны. Можна думаць, што матэрыялы для абвінавачвання ён даў сам сваімі запісамі ў 1930 годзе». 

7. У савецкія часы даказваў, што беларусы да кастрычніцкага перавароту не былі адсталай нацыяй

«Звыкла папікаюць нас (беларусаў) цемнатой. Такія ўжо былі забітыя, адсталыя — не вытрымаць. Ды і нашыя вучоныя пастараліся тут, як ніхто: адзін перад адным шчыравалі — хто лепш няграматную Беларусь (дакастрычніцкую) пакажа. Я спецыяльна заняўся пытаннем і даказаў: не менш 40% насельніцтва краю было граматным...» 

8. Кпіў з расейскага фальклору, бо ў ім абагаўлялі цара

«Наколькі я ведаю фальклор беларускі, там царэвіч і цар выступаюць надта рэдка. У рускіх абагаўленне цара і царэвіча — норма. У нас цароў не было і, адпаведна, пакланення не было».

 

Падчас сустрэчы з гісторыкам Міколам Улашчыкам

 

9. Быў раззлаваны на раман-эсэ Алега Лойкі «Як агонь, як вада», прысвечаны Янку Купалу

«Гэта ж трэба — такое паскудства растыражаваць тысячамі экземпляраў! І паўсюдна — у Менску, у Маскве. Урэшце даведаліся, хто галоўныя душыцелі Купалавага таленту. Усё тыя ж “нацыяналісты” — Луцкевічы, Ластоўскі. Перад Кірпоціным аўтар гатовы капялюш зняць, а Луцкевіча, на чыіх сухотных плячах ці не ўся газета трымалася, з гразёй мяшае. Што ўжо казаць пра дробязі — адно невуцтва, хоць і напышлівае... Як бы ўзрадаваўся Бэндэ, калі б быў жывы!» 

10. Яго абурала, што чужыя цары засланілі беларусам сваю гісторыю

«Але ж басякі, папрывыкалі: як што якое, дык скрозь ад Пятра І ці ад Кацярыны. Так ім, бачыце, цары чужыя засланілі сваю гісторыю. Нейкі цікаўны напісаў у газету “Вячэрні Мінск”: калі ў Беларусі пачалі ўпарадкоўваць лясную гаспадарку? І што, думаеце, адказалі? — “При Петре І”. Вось вам і гісторыя. А ёсць дакладная дата апісання лясоў Вялікага Княства Літоўскага — 1559 год».

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!