100 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

Мікола Ермаловіч — гэта чалавек, які вяртаў беларусам памяць пра іх слаўную гісторыю.
Будынак былога настаўніцкага інстытута ў Маладзечне, дзе выкладаў Мікола Ермаловіч ў 1948-1955 гадах. У гэтым доме на трэцім паверсе справа жыў Мікола Ермаловіч

Будынак былога настаўніцкага інстытута ў Маладзечне, дзе выкладаў Мікола Ермаловіч ў 1948-1955 гадах. У гэтым доме на трэцім паверсе справа жыў Мікола Ермаловіч

Беларускі гісторык, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, пісьменнік Мікола Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі (цяпер Койданаўскі раён). У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута. Там да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў тры курсы.

З прычыны дрэннага зроку вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны, працаваў настаўнікам расійскай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі, што ў Мардовіі.

У 1943 годзе вярнуўся ў Беларусь, амаль два гады працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласці. У 1944-1946 гг. зноў жыў у Койданаве. Пасля аднавіў навучанне ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе, а потым вучыўся ў аспірантуры пры ім.

У 1948-1955 гадах Мікола Ермаловіч працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Загадваў метадычным кабінетам абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, пасля чаго па стане здароўя выйшаў на пенсію.

Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, жыў стала ў Маладзечне, а ў Мінск ездзіў у архівы. Друкаваўся з 1948 года, выступаў ў друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раёнцы, альманаху «Нарач», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 годзе Ермаловіч пачаў выдаваць рукапісны часопіс «Падснежнік».

Вынікам ахвярнай даследчыцкай працы стала напісанне ў 1968 годзе кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выйшла толькі ў 1989-м). Гэтая кніжка стала легендарным выданнем. У 1970 годзе выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990-м — даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994-м — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000-м — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае». Гэтыя кнігі вярнулі беларусам сваю сярэднявечную гісторыю.

Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фарміраванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі. У 1975 годзе Ермаловіч узнавіў выпуск «Падснежніка», але з новай назовай «Гутаркі», да 1976-га выйшла каля 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. Яны выдаваліся пад псеўданімам Сымон Беларус.

У сваім выданні Ермаловіч змяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай скіраванасці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Мінску, друкаваў у Маладзечне, а потым перадаваў Яўгену Куліку для памнажэння. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень. 

Мікола Ермаловіч — гэта чалавек, які вяртаў беларусам памяць пра сярэднявечную гісторыю і спадкаемнасць ад ліцвінаў.

Але ён быў не толькі выдатным навукоўцам-даследчыкам. Калі прыйшла перабудова, актыўна падтрымаў адраджэнцкую дзейнасць. Браў удзел у першым з’ездзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні.

Крыху пазней прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі і стаў адным з трох яе сустаршыняў, быў ідэолагам нацыянальнага руху, пра што амаль нідзе нават не згадваецца.

Памёр Мікола Ермаловіч пасля таго, як трапіў пад машыну ў Мінску 5 сакавіка 2000 года. Пахаваны ў Маладзечне. 

У гэтым горадзе ёсць памятны знак, усталяваны ў 2003 годзе. У 2010 годзе выйшаў збор твораў «Выбранае».

«Беларускае Радыё Рацыя», фота з архіваў Міхася Казлоўскага і Алеся Капуцкага

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: