15 фактаў пра Алену Скіндар Іваноўскую

Пісьменнік Леанід Лаўрэш адмыслова да 25 сакавіка распавядае малавядомыя цікавосткі пра сястру Вацлава Іваноўскага.
Алена Іваноўская

Алена Іваноўская

1. Нарадзілася ў 1885 годзе ў Лябёдцы Лідскага павета і была чацвёртым дзіцём у сям’і. пасля братоў Юрыя, Вацлава і Тадаса Іваноўскіх.

2. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Кембрыджы, дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Алены Ганна Карнецкая пісала: «Я мела цётку, сястру майго бацькі, незвычайную жанчыну, якая нас маладых у пэўным сэнсе натхняла. Перад Першай сусветнай вайной яна атрымала вышэйшую адукацыю па сельскай гаспадарцы ў Кембрыджы і спецыялізавалася на гадоўлі коней. … Сама вырашыла, на каго і дзе хоча вучыцца, і была накіраваная бацькамі на вучобу пад наглядам уласнай цёткі, маёй стрыечнай бабулі Хэлены. Потым аказалася, што студэнткі жывуць у кантралюемых інтэрнатах свайго каледжа і апека над імі не патрэбна. Былі гэта іншыя часы».

3. Пісала артыкулы ў беларускую газету “Саха”. За 1912–1913 гады ў першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў і ўсе яны напісаны на вельмі добрай, сапраўды жывой беларускай мове.

4. У Кембрыджы пераважна з англійскай арыстакратыі і пры яе ўдзеле склаўся гурток студэнтаў, які даследчык Гай Пікарда назваў «Кембрыджскай хеўрай». Удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклорам. З 1914 да 1924 года Алена Іваноўская разам з Гуі Онславам апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Публікацыі беларускага фальклору суправаджаліся вялікімі ўступнымі тэкстамі, якія знаёмілі брытанскіх чытачоў з Беларуссю. Алена Іваноўская – першая перакладчыца з беларускай на англійскую мовы.

Сям’я Іваноўскіх: Станіслаў, Тодар, Алена, Вацлаў і Ежы

Сям’я Іваноўскіх: Станіслаў, Тодар, Алена, Вацлаў і Ежы

5. З канца 1914 года ў Лідскім павеце Алена Іваноўская з’яўлялася прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны, кіраўніком арганізацыі быў яе брат Вацлаў Іваноўскі.

6. Алена Іваноўская — першая вядомая нам беларуская настаўніца на Лідчыне, ужо ў лістападзе 1915 года ў мястэчку Васілішкі Лідскага павета Алена Іваноўская адкрыла беларускую пачатковую школу.

7. Добра ведала Антона Луцкевіча, 24 студзеня 1919 г., падчас знаходжання ў Гродна, Луцкевіч занатаваў: “Сустрэў п. Гэлену Іваноўскую: толькі што прыехала з-пад Васілішак. Кажа, што ў дарозе даведалася аб наступленні двох палкоў бальшавікоў у ваколіцах Жалудка, дзе апэраваў бандыцкі польскі атрад Дамброўскага”.

8. Суседзі Іваноўскіх успаміналі, адзін з суседзяў пісаў, што Алена незалежна ад надвор’я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця.

9. Займалася конным спортам і нават да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала разам з мужам і гасцямі конна і ў брыджах. Пляменнік Казімір Іваноўскі так апісвае вяселле сваёй цёткі: «У касцёле Старых Васілішак брала шлюб цётка Алена Іваноўская. Яна вельмі любіла коней і хартоў і была дастаткова эксцэнтрычнай жанчынай. Пастанавіла прыступіць да шлюбу ў касцюме амазонкі. Калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю і яны па свежаму следу кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся». У Лябёдцы Алена Скіндар мела вялікую стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак яе гаспадаркі, галоўная крыніца даходу.

10. Па справах конскай вупражы ў Лябёдку са Старых Васілішак рэгулярна запрашалі рымара па прозвішчы Выдрыцкі — бацьку знакамітага музыкі Чэслава Немана.

11. Вельмі любіла і ўсе жыццё гадавала сабак-хартоў, уладальнік Малога Мажэйкава Андрэй Брахоцкі успамінаў: «Хартоў была поўная хата (у Лябёдцы – Л. Л.), і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя крэслы і рыкалі на таго, хто хацеў іх з крэсла сагнаць».

12. Пісьменнікі прысвячалі ёй свае кнігі, напрыклад з прысвячэннем Алене Іваноўскай у 1934 годзе выйшла кніга прозы Ежы Стрэмя Яноўскага.

13. Летам 1939 года ў Алены гасцяваў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі. Пікантнасць знаходжання Пясецкага ў Лябёдцы была ў тым, што менавіта за ўзброены рабунак вагона вузкакалейкі (платформы з дошак на чыгуначных колах, якую па рэйках цягнуў конь, — так званай «лоркі»), які курсіраваў паміж Скрыбаўцамі і Васілішкамі — практычна ў ваколіцах Лябёдкі, Сяргей Пясецкі ў 1927 годзе Лідскім судом быў прыгавораны да смяротнага пакарання, якое потым было заменена на пятнаццаць гадоў турмы. Як толькі Сяргей Пясецкі з’явіўся ў Лябёдцы, зайздросныя суседзі празвалі яго «Каханкам старой мядзведзіцы».

14. Менавіта Сяргей Пясецкі ў 1939 г. таемна, праз савецка-літоўскую мяжу вывеў у Вільню Алену Іваноўскую, дачку Вацлава Іваноўскага Ганну і яго першую жонку Сабіну.

15. Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні ў Мінск, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку (і гэтак уратаваць іх жыцці) дзвюх жанчын–яўрэек — Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд. Сям’я Альтбергаў — старыя знаёмыя Іваноўскіх. 22 кастрычніка 2001 года за ўратаванне яўрэйскай сям’і званне «праведнікаў свету» было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх і Ганне Карнецкай з Іваноўскіх.

Першакрыніца: Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8.

budzma.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: