Адам Глобус, тайны будыст, маньяк, анарха-вівісектар

Філосаф Ігар Бабкоў на svaboda.org піша да 60-годдзя пісьменніка, мастака і выдаўца Адама Глобуса.

Калі я думаю пра ягоную траекторыю ў мастацтве, заўсёды здзіўляюся: такія дзіўныя павароты — і сувязі — лёсу і паэтыкі, такая неадпаведнасць знешняга вобразу і ўнутранага зместу, спалучэнні неспалучальнага, важная работа, што ідзе навідавоку, і застаецца няўбачанай, нерасшыфраванай.

Ён — самы вядомы, самы скандальны і самы нераспазнаны творца свайго пакалення. Самы адкрыты — і самы ўтоены. Гатовы ўсё пра сябе патлумачыць — і пры гэтым застацца ў цёмных глыбінях. Поўны гісторый і анекдотаў, эратаман і авантурнік, — і адначасова ўважлівы чытач Басё і Сэн-Сэнагон. Персанаж Борхеса і Букоўскага, сябра Чарана і Анаіс Нін. Пясняр Барселоны і Койданава. Тайны будыст, маньяк слова і колеру.

Мы пачыналі ў тутэйшых — з бунту, радыкальнай нязгоды — і далей ішлі паралельна, адной фалангай. (Хочацца дапісаць ў падрадкоўных заўвагах: сядзелі ў адной камеры, адным акопе, і далей разгарнуць містыку і метафізіку пакалення, старонак на сорак, з прыватнымі ўспамінамі і спасылкамі на архівы, адхіленнямі і цытатамі з жывых і мёртвых творцаў.) Для яго гэта быў другі пачатак: калі большасць з нас напрыканцы васьмідзясятых толькі пачынала сплятаць радочкі, у яго была ўжо рассыпаная першая кніга і закрытая выстава. Некаторым такога хапіла б на ўсё жыццё, а ён проста сціснуў зубы і пачаў гульню нанова.

Ён выбраў канструктывізм: і «Парк», і «Адзінота на стадыёне» — перадусім тонкая геаметрыя сэнсу, працяг лініі Стральцова і Багдановіча. Насуперак часу, які патрабаваў зусім ня яснасці, а хтанічнага шаманства ці патрыятычнай графаманіі.

Далей былі дэтэктывы і нарысы, падарожныя нататкі, эксперыменты з тэатрам. У дзевяностыя само ягонае жыццё сталася авантурай, літаратурнай прыгодай: ён паддаўся ўсім магчымым спакусам, усё пераадолеў і пра ўсё напісаў у тэксце. Падарожнічаў. Зарабіў шмат грошай, многа пісаў, выдаваў кнігі, свае і чужыя. Шмат каму дапамагаў і апекаваўся, шмат з кім варагаваў і сварыўся. Такая шчодрасць, гатоўнасць да самарастраты часам здзіўляла і палохала. Пазней стала ясна, што гэта спосаб адасаблення, расплата за метафару (адзінота на стадыёне).
Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў


Усё скончылася фанатычным (ці фантастычным?) рэалізмам. Эцюдамі. Вывучэннем рэальнасці. Кіламетры і кіламетры гісторый. Нататак. Заўвагаў. Яснае, празрыстае пісьмо. Класічныя жанры. Зразумелыя эмоцыі.

Незразумелым было толькі адно — навошта ўсё гэта. Які сэнс у гэтым падваенні рэальнасці, пераводзе ў літаратуру (а значыць, у істотнае) чалавечага, надта чалавечага. І дзе тут месца для асобы аўтара.

Напрыканцы дзевяностых мы разышліся. Тады зрэшты ўсе разышліся, усё пакаленне. Было адчуванне што свята скончылася, тэатр замкнуты, і для ўчорашніх герояў засталася толькі адна місія: ціха ляжаць у сховах і сховішчах з замроеным тварам, прыгадваючы былыя вышыні.

У нулявыя мы сустрэліся яшчэ раз, пасля карнавалу. Гэтым разам сам-насам, без пакалення. За столікамі «Акварыюма». Свет радыкальна гламурызаваўся, учорашнія панкі хацелі быць папулярнымі і культавымі, рокеры складалі графікі канцэртаў і рэцэпты хітоў, палітыкі асвойвалі бюджэты. Фантастычна цікавыя творцы клалі сябе ў дамавіну, прыбівалі цвікамі да мёртвых формаў, імкнуліся адбыцца менавіта там, сярод чужых і неабавязковых словаў, і далей ляжалі, ціхія і пустыя, у чаканні славы і шчасця.

Менавіта тады ён адкрыўся для мяне як загадка: і ў сваіх паверхнях, і ў глыбінях. Як тонкі і рэфлексіўны творца, які адмовіўся быць найс. Так, рэалізм, але рэалізм не звычайны, не наіўны. Ён гуляецца з рэальнасцю ў «небяспечныя гульні». Рэальнасць пранікае ў ягоныя тэксты і знаходзіць сабе там месца: але пры гэтым дзіўным чынам сама сябе вычэрпвае.

А потым адбыўся яшчэ паварот. Змянілася оптыка і спосаб чытання. Самі гісторыі не зніклі, але на першы план выйшла іншае. Вернасць месцу і часу. Абарона свайго. Тонкая работа з аблокамі, з тым, што прамінае.

Раптам з ягоных эцюдаў пачалі прарастаць твары. І сэнсы. Саша Карпейчык і Люда Русава. Анатоль Сыс і Тацяна Сапач. Стральцоў і Караткевіч. Мастакі, літаратары, сваякі і знаёмыя. Персанажы сноў і сны персанажаў.

***

Апісанне метаду:

Не супрацівіцца часу, а наадварот, паверыць яму, дазволіць сабе быць усярэдзіне плыні, супадаючы і не супадаючы, сплываць з кожнай хвілінай, уважліва ўглядаючыся ў краявід унутры і навонкі.

***

Поль Валеры, калі хацеў уявіць персанажа, што збярэ ў адно ўсе праявы эпохі, уявіў Леанарда. Каля захацеў ад яе схавацца, прыдумаў Тэста. Нам не трэба было нічога прыдумваць альбо ўяўляць: у нашага пакалення быў (і ёсць) свой спадар Тэст і свой Леанарда.

— Пра каго ты гаворыш, не вытрымаў аднойчы Францішак, калі я занадта доўга разважаў пра нашу Шэхеразаду. Вядомую, можа нават славутую, і ў той жа час нераспазнаную для большасці.

— Ну як жа. Адам Глобус. Бязлітасны і далікатны. Мастак і паэт. Сябра. Анарха-вівісектар эпохі.


«Новы час» віншуе Адама Глобуса з юбілеем! 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-09-29 15:01:14
Когда я был бурдавенький
С бурдавой головой
Пиликал папе арии
Тудою и сюдой
На скрипочке смычкой.

Я таксама
Віншую Адама.
Некалі з ім мы
Перакінуліся парай радкоў.
Будзь здаровы, Адам.
Будзь здароў.

Каментаваць