Адвакат Гашынскі зламаў сістэму: атрымаў статус адваката ў Расіі і можа абараняць грамадзян Расіі ў Беларусі

Антон Гашынскі, які быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі ў Беларусі, атрымаў статус адваката ў Расіі. Цяпер ён законна зможа быць абаронцам грамадзян Расіі — напрыклад, Ягора Дуднікава альбо Соф’і Сапегі.


«Я пра гэта спачатку нават не ведаў, выпадкова даведаўся, што некаторыя беларускія адвакаты ўступаюць у расійскую калегію, каб працаваць у Расіі. Адрозненне ў тым, што ў Беларусі адвакацкая ліцэнзія выдаецца толькі грамадзянам рэспублікі, а ў РФ не абавязкова быць грамадзянінам Расіі, галоўнае пастаянна ці часова пражываць на тэрыторыі», — распавёў «Нашай Ніве» пра свой «лайфхак» Антон Гашынскі.

«Не патрэбны нават від на жыхарства, дастаткова часовай рэгістрацыі, — кажа Гашынскі. —Нюансы ў тым, што хоць у нас і Саюзная дзяржава, але падыход да адвакатуры ў Беларусі і Расіі зусім розны.

У Расіі ўвайсці ў прафесію прасцей, там няма дзяржаўнай ліцэнзіі. Так і павінна быць, я лічу, прафесія мусіць быць адкрытай. Каб стаць адвакатам у Расіі трэба здаць кваліфікацыйны экзамен, які складаецца з дзвюх частак. Гэта няпросты тэст на камп’ютары і вусны экзамен, дзе ў білетах тры пытанні і практычнае заданне. На падрыхтоўку даецца 45 хвілін, нельга рабіць ніводнай памылкі.

Гэтыя экзамены я ўжо здаў, цяпер прыняў прысягу. Гэта ўрачыстая працэдура, правую руку прыкладваеш да сэрца, зачытваеш, што будзеш служыць у імя правоў, кіруючыся Канстытуцыяй і законам аб адвакатуры.

Пасля прысягі ўручаюць значок адваката і рашэнне аб прысваенні статуса. Затым фармальная працэдура — падача дакументаў у Мінюст. І цягам трох месяцаў адвакат мусіць вызначыцца дзе і як ён будзе працаваць: у калегіі, бюро, юркансультацыі».

Па словах Антона Гашынскага, статус расійскага адваката дазваляе яму працу ў Беларусі:

«Сёння існуе шмат пагадненняў паміж РФ і Беларуссю: пра роўныя правы грамадзян і пра допуск на рынак гаспадарчых суб’ектаў. Адпаведна, ўжо былі прэцэдэнты працы расійскіх адвакатаў у Беларусі.

Увогуле, цяперашняя ліцэнзія дае працаваць з расіянамі, якія знаходзяцца тут у зняволенні уі пад следствам, удзельнічаць у справах аб экстрадыцыі. Бо расійскія адвакаты не заходзяць на беларускі рынак увогуле проста таму, што не ўспрымаюць яго як рынак. Беларусь надта маленькая і надта ганарыстая краіна, скажам так.

Так, могуць ў некаторых момантах і адмовіць у працы адваката з расійскай ліцэнзіяй, не пускаць у СІЗА ці не дапускаць удзельнічаць у судовых пасяджэннях, тут у Беларусі прымяняецца чыста індывідуальны падыход. Будуць адмаўляць — будзем абскарджваць, не бачу праблем.

Ну і плюс цяпер для мяне адкрыты расійскі рынак працы, планую актыўна працаваць і на тэрыторыі РФ.

Цяпер шмат хто з беларускіх калег даведваецца пра такую магчымасць і звяртаецца да мяне з пытаннямі. Я з радасцю дапамагаю.

І яшчэ такі момант — атрыманне статусу адваката ў Расіі гэта ж магчымасць працягваць працу не толькі для беларускіх адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі. Гэта магчымасць працы і для былых суддзяў, работнікаў праваахоўных органаў, магчымасць стаць прафесійнымі юрыстамі.

Акрамя таго я планую атрымаць статус адваката і ва Украіне. Гэта дазволіць мне працаваць там легальна, у тым ліку і абараняць беларусаў, якіх цяпер там шмат. Акрамя таго, калі Украіна будзе працягваць еўраінтэграцыю, то пасля статус украінскага адваката можа даць магчымасць абсалютна легальнай працы і ў Еўропе».

Гашынскі ўжо гаварыў з маці грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава, якога будуць судзіць за агучку ролікаў для тэлеграм-канала «ОГСБ». «Яна з задавальненнем гатовая наняць мяне для працягу сумеснай працы. Гаварыў і з бацькамі Сафіі Сапегі, яны таксама не супраць», — кажа адвакат.

Варта зазначыць, што да пазбаўлення ліцэнзіі ў Беларусі Гашынскі таксама быў адвакатам Сафіі Сапегі.

Гашынскі не баіцца, што ў Расіі яго таксама пазбавяць ліцэнзіі за ўдзел «не ў тых» справах.

«У Расіі зусім іншая сітуацыя. Там выключэнне з Палаты адвакатаў залежыць не ад дзяржавы а толькі ад камісіі самой Палаты. Мінюст можа напісаць туды прадстаўленне, але ў Палаце Мінюсту ў гэтым могуць адмовіць. То-бок, Палата адвакатаў дастаткова незалежная ад дзяржавы ў параўнанні з Беларуссю. Як і мусіць быць, бо інакш адвакатура страчвае свае прынцыпы, галоўны з якіх незалежнасць», — кажа Гашынскі.

«І сёння ў Расіі існуе вельмі вялікая салідарнасць сярод адвакатаў. Іх там больш за 50 тысяч — гэта ўжо маленькая армія. І яны шчыльна абараняюць адно аднаго, каб не ствараць прэцэдэнт. Бываюць справы, напрыклад, калі на адваката заводзяць крыміналку, за разгалошванне таямніцы следства, дапусцім.

І ў адным з такіх выпадкаў у Расіі адваката абаранялі аж 23 яго калегі, прычым абсалютна бясплатна. І дабіваліся апраўдальных прысудаў. Бо яны разумеюць, што без салідарнасці адвакатура проста знікне».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: