Адзін з адвакатаў Кацярыны Барысевіч з’ехаў з Беларусі

Адвакат Міхаіл Баднарчук напісаў заяву з просьбай выключыць яго са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Фота заявы, датаванай 27 красавіка, ён апублікаваў на днях Facebook. У ім ён просіць выключыць яго з калегіі з 30 красавіка.

Адвакаты Кацярыны Барысевіч Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук


Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на «Нашу Ніву», Баднарчук з’ехаў з Беларусі ў Кіеў.

«Я вырашыў паставіць на паўзу адвакацкую дзейнасць, паколькі ёй ужо немагчыма займацца так, як я рабіў гэта раней. Па-першае, майго адвакацкага бюро, дзе я працаваў, ужо фактычна няма: адзін партнёр пазбаўлены ліцэнзіі, а ў іншага пэўныя асабістыя праблемы. Па-другое, на момант майго сыходу ўжо было зразумела, што будуць прынятыя змены ў закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, згодна з якім можна будзе працаваць толькі ў рамках юрыдычных кансультацый і пад яшчэ большым кантролем (а фактычна — кіраўніцтвам) Мінюста, што мяне не задавальняе», — прыводзіць выданне яго словы.

Ён паведаміў, што наконт вяртання ў яго няма адназначнага адказу, але падкрэсліў, што ад’езд часовы. Таксама, па яго словах, у яго пакуль няма канкрэтных планаў па далейшай дзейнасці.

«Будзем лічыць гэта бестэрміновым творчым адпачынкам», — дадаў ён.

Міхаіл Баднарчук абараняў інтарэсы шэрагу зняволеных па палітычных матывах, у тым ліку асуджанай па справе аб «нулі праміле» журналісткі Кацярыны Барысевіч і гукарэжысёраў Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава, вядомых як «дыджэі пераменаў».

Нагадаем, раней Беларусь пакінуў абаронца Кацярыны Андрэевай, адвакат Сяргей Зікрацкі. Ён з’ехаў у Вільню і далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай. Зікрацкі будзе працаваць над рэформай механізмаў абароны правоў беларусаў, а таксама каардынаваць працу па ўніверсальнай юрысдыкцыі і ўзаемадзеянне з міжнароднай платформай па адказнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: