Аксана Колб: Для нас важна, каб тое, што мы друкуем, прымусіла думаць

Пра што вы ніколі не прачытаеце ў «Новым Часе», у чым нашая прынцыповая пазіцыя і якая ў нас місія — распавяла галоўная рэдактарка «НЧ» Аксана Колб. Сустрэча з ёй прайшла падчас выставы «СМІ ў Беларусі» на стэндзе Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Для тых, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, публікуем некаторыя выказванні нашай рэдактаркі.

«Новы Час» — адзінае на сёння цалкам беларускамоўнае незалежнае выданне, у якім працуюць таленавітыя журналісты. Нашая прынцыповая пазіцыя — каб і газета, і сайт былі па-беларуску, таму што рускамоўнага і так хапае. Калі артыкул цікавы, яго прачытаюць і па-беларуску. У мяне ёсць замежныя сябры, у тым ліку з Расіі, якія капіруюць матэрыялы ў гугл-транслэйт і чытаюць.

Кожны месяц колькасць падпісчыкаў на папяровую версію газеты расце на адзін працэнт. Хаця для таго, каб яна была паспяховай, гэтага не проста недастаткова — гэтага катастрафічна мала.

Апошнім часам у нас адбылося некалькі судоў. Спадзяемся, больш не будзе, хаця ў нашай краіне нельга загадваць. Адметна, што змянілася кола тых, каму «Новы Час» не падабаецца. Калі спачатку гэта былі пэўныя бізнесоўцы, то цяпер — так званыя «рускаміраўцы». Гэта выдаткі папулярнасці: чым больш чытачоў у нас становіцца, тым больш з’яўляецца тых, хто намі незадаволены. Але перажылі іншыя часы — думаю, перажывем і гэтыя.

Цяпер мы праводзім трэці Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля, прычым для ўдзелу ў ім не абавязкова мець журналісцкую адукацыю. Для ўсіх, каму ёсць, што сказаць, мы даем пляцоўку і магчымасць надрукаваць артыкул, зрабіць відэа, фотарэпартаж. 29 траўня, у Дзень народзінаў нашага былога рэдактара Аляксея Караля, мы падвядзем вынікі конкурсу. Дарэчы, менавіта дзякуючы яму год ад году ў нашую рэдакцыю прыходзіць таленавітая моладзь — гэта вельмі цешыць.

Я вельмі ўдзячная нашым чытачам, асабліва тым, хто падтрымліваў нас падчас судоў і дапамог са сплатай іска. Была вельмі шчырая падтрымка, многія дзякавалі, прыходзілі на пасяджэнні. Калі мы пабачылі, хто і колькі ахвяраваў на сплату іска, гэта было вельмі кранальна, таму што многія пералічвалі па 5, 10, 15 рублёў. Відавочна, што гэта былі для іх не лішнія грошы, але яны палічылі патрэбным падтрымаць выданне.

Нашая рэдакцыя адрозніваецца тым, што кожны працуе так, як яму хочацца і робіць тое, што падабаецца. А мы, рэдактары, стараемся сумясціць інтарэсы ўсіх. Ці лёгка кіраваць гэтым працэсам? Мне здаецца — лёгка. Я калісьці казала, што «Новы Час» — гэта такая своеасаблівая рэдакцыя будучыні. Мне здаецца, што ў будучыні ўсе будуць так працаваць: рабіць тое, што падабаецца, так, як падабаецца, там, дзе камфортна, і пры гэтым выпускаць супольны праект. Без прымусу, без абавязковага знаходжання ў офісе. Гэта маё ўяўленне, як будуць працаваць не толькі СМІ, але і многія арганізацыі.

Нас вельмі шмат. Алег Новікаў ужо доўгі час радуе ўсіх міжнароднымі навінамі. Нашая стыль-рэдактарка Святлана Цітова з намі таксама недзе з канца 1990-х. Сяргей Пульша ўжо 7 гадоў у «Новым Часе», хаця і дагэтуль супрацоўнічаў з газетай. Яшчэ з «зуброў» — такія аўтары, як Аляксандр Тамковіч, Валер Карбалевіч, Уладзімір Арлоў, Ігар Мельнікаў, Таццяна Процька, Аляксандр Кур’яновіч… Гэта тыя людзі, якія вырашылі, што ім цікава пісаць для «Новага Часу», і мы радыя, што яны ў нас ёсць. Ну і, канешне, моладзь.

На жаль, многія аўтары ад нас ужо адышлі. Гэта Арсень Ліс, успаміны якога мы друкавалі, і, спадзяюся, знойдзем магчымасць выдаць іх асобнай кнігай. Вельмі шмат супрацоўнічаў з намі Анатоль Мяльгуй — я лічу, найлепшы музычны крытык у Беларусі.

Мы ніколі не будзем пісаць «свецкую хроніку» — хто з кім ажаніўся, пакахаўся, куды паехаў і г.д. Я лічу, што гэта не наш фармат, ёсць іншыя выданні, якія пра гэта пішуць. Нашая асноўная мэта — гэта асветніцтва, фармаванне беларусацэнтрычнага асяродка, які б у будучыні стаў стрыжнем аднаўлення незалежнасці Беларусі. І артыкулы, якія мы друкуем, так ці інакш адпавядаюць гэтай звышмэце.

Я лічу, што нельга спрашчаць кантэнт дзеля павелічэння колькасці чытачоў, бо такім чынам праз пару гадоў аўдыторыя не зможа прачытаць больш за два сказы. Мы павінны яе ўзрошчваць.

Я спадзяюся, што мы не ідзем супраць трэндаў, а фармуем іх. Бо навіны цяпер можна пачытаць і ў сацсетках. А вось добрую аналітыку амаль нідзе не пачытаеш. Часам хочацца сесці ранкам з кавай і пачытаць нешта грунтоўнае — не важна, у інтэрнэце ці на паперы (хаця ў Еўропе зараз вяртаецца традыцыя чытання на паперы). Таму я думаю, што будучыня — за аналітыкай, а ўсё іншае пяройдзе ў сацсеткі.

Для нас важна, каб тое, што мы друкуем, пайшло ў людзі, атрымала рэакцыю, засела ў галовах і прымусіла думаць, аналізаваць, крытычна адносіцца да рэчаіснасці і фармаваць грамадзянскую прастору. Таму мы не плануем уводзіць платны кантэнт. Магчыма, з часам, калі не будзе дзяржаўнай манаполіі, калі мы ўсе будзем у роўных умовах і зможам канкураваць, мы пра гэта падумаем. Але не цяпер. Пакуль тая купка незалежных выданняў, якія засталіся, не павінна канкураваць. Мы павінны працаваць на адну мэту, супрацоўнічаць і давяраць адзін аднаму.

Я хачу, каб мы ўсе дажылі да сапраўды незалежнай краіны, у якой можна будзе свабодна выказваць свае думкі, размаўляць па-беларуску і будаваць планы на будучыню.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!