Алесь Краўцэвіч: Трэба мяняць не назву, а ўладу

Як фізкультурнік стаў гісторыкам, чаму не варта вяртаць гістарычную назву «Літва» і што трэба рабіць мужчынам, каб заставацца ў добрай фізічнай форме.
Падчас сустрэчы ў Мінску з нагоды свайго 60-годдзя доктар гістарычных навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, аўтар шматлікіх кніг і тэлевядоўца Алесь Краўцэвіч распавёў пра свой шлях да гісторыі і адказаў на пытанні слухачоў. «Новы Час» занатаваў асноўныя моманты з выступлення гісторыка.

Няма ніякай «Чорнай Русі»

«Літвін з Беларусі» — менавіта такі назоў для сустрэчы абраў прафесар Краўцэвіч, і пачаў сваю прэзентацыю з выяваў гістарычных межаў старадаўняй Літвы.
«Гэта не выдумка і не нейкая блукаючая назва, як, напрыклад, «Чорная Русь». Я ніколі не выкарыстоўваю гэты тэрмін, бо ён прыдуманы ў XVIII стагоддзі як гістарыяграфічны».

Па яго словах, паводле этнаграфічных даследванняў XIX–XX стагоддзяў вельмі выразна прасочваецца раянаванне нашай краіны, сыходзячы з меркаванняў яе жыхароў. Напрыклад, дакладная мяжа паміж Палессем і Літвой пралягае паміж Пружанамі (яшчэ Палессе) і Ружанамі (ужо Літва).

Дыктатар як «прадукт» традыцыйнай маралі

Аляксандр Краўцэвіч паходзіць з сям’і селяніна і настаўніцы.
«Самае каштоўнае для мяне як гісторыка – тое, што я заспеў парэшткі традыцыйнага грамдства ў заходнебеларускай вёсцы. Я родам з Мастоўскага раёна, там людзі яшчэ памяталі сваю зямлю. Там толькі ў 48-50-я гады ствараліся калгасы, з людзей яшчэ не была выбітая працавітасць і любоў да зямлі».

Алесь Краўцэвіч згадвае, што яшчэ ў 1960-х заспеў тыя чыстыя адносіны паміж людзьмі, дзе ўсё было навідавоку. Вясковая мараль традыцыйнага грамадства вельмі жорсткая, і чалавек, які выходзіць за яе межы, становіцца маргіналам. Напрыклад, нельга было ўкрасці ў суседа нават грушку праз плот. Але пасля да гэтага дадалося, што можна ўкрасці ў калгаса — і гэта не лічылася крадзяжом.

«У пэўным сэнсе прадуктам гэтай жорсткай традыцыйнай маралі з’яўляецца наш дыктатар, таму што пазашлюбнае дзіця было найвялікшай ганьбай у вёсцы, і чалавек за гэтую дзіцячую ганьбу помсціць усёй краіне ўжо больш як чвэрць стагоддзя».

Беларусь і Расія — розныя цывілізацыі

«Бог даў мне добрых настаўнікаў. Я трапіў пад уплыў тады яшчэ археолагаў, а не палітыкаў Алега Трусава, Зянона Пазьняка. І яшчэ ў студэнцкія часы было прышчэплена памкненне знаходзіцца як мага далей ад бягучай палітыкі партыі. Цяпер рыхтуецца да друку зборнік навуковых артыкулаў, напісаных пачынаючы з 1980-х гадоў, і мне там нічога не трэба змяняць ідэалагічна. У маёй кандыдацкай манаграфіі 1983-84 гадоў няма ніводнай спасылкі на Леніна. Адзінае, што я тады не мог наўпрост напісаць, што па матэрыяльнай культуры Беларусь належыць да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а не да ўсходнеславянскага арэалу і Расіі».
Мы — іншая цывілізацыя, а культура Масквы — не наша, яна фармавалася пад татарскім уплывам, даводзіць гісторык. І прыводзіць прыклад: у Празе пачалі чаканіць «грошы», якія на два стагоддзі сталі грашовай адзінкай у Вялікім Княстве Літоўскім, а ў Расіі былі «дзеньгі», ад татарскай манеты «дзеньга».

Адмовіўся займацца навуковым камунізмам

У юнацтве Алесь Краўцэвіч захапіўся кар’ерай марака, і адпачатку будучы гісторык стаў… фізкультурнікам: тры гады правучыўся ў фізкультурным тэхнікуме, каб загартавацца. Вучыў азбуку Морзэ, сігналы сцяжкамі, марскія тэрміны. Але, прызнаецца, пачуваўся «белай варонай», бо быў выдатнікам сярод двоечнікаў і гаварыў па-беларуску. Паступова зразумеў, што флот – «не самая рамантычная арганізацыя». Таму пайшоў на гістфак.

 «Я добра вучыўся на гістфаку, быў спартоўцам. Мяне ўцягвалі ў камсамольскія і партыйныя структуры, але ў 18–20 гадоў у мяне была цяга да праўды, а я бачыў, што камсамол — гэта арганізацыя фальшывая, дзе трэба прымаць правілы гульні, з якімі ты не згодны. Каі мы з маім аднагрупнікам і цяпер выбітным гісторыкам Станіславам Рудовічам заканчвалі гістфак, нас прапанавалі пакінуць пры кафедры, але пры гэтым каб мы займаліся навуковым камунізмам. Мы адмовіліся».

Паспеў будучы прафесар і папрацаваць на будаўніцтве БАМа. Кажа, што ездзілі туды не па рамантыку (хаця яна таксама была), а па грошы, бо зараблялі там па 1000 і больш рублёў — у 1979-80 гадах гэта была амаль гадавая зарплата настаўніка.

Як Лукашэнка спляжыў «беларуска-літоўскую дзяржаву»

«Я прыйшоў да высновы, што ніякага заваявання нашых земляў летувісамі не было і выпрацаваў канцэпцыю бі-этнічнай дзяржавы. Летувісы далі ёй дынастыю, частку арыстакратыі. Мы далі большасць насельніцтва, мову, юрыдычную культуру і традыцыйную сістэму права. Ніхто не развіваў пісьмовую летувіскую мову – яны бралі мову гатовую, так званую рускую (старабеларускую)».

Цікава, што летувісы гатовыя былі прыняць гэтую канцэпцыю напачатку 1990-х, калі мы здабылі незалежнасць. У Мінску і Гервятах нават адбыліся дзве сустрэчы беларускіх і летувіскіх гісторыкаў з гэтай нагоды.

«Было дамоўлена, што дзяржава гэтая была агульная і належала выкарыстоўваць тэрміны «літоўска-беларуская» або «беларуска-літоўская дзяржава». Але тут прыйшоў Аляксандр Рыгоравіч, вярнуў савецкую канцэпцыю, што злыя летувісы нас зваявалі, а добрыя рускія вызвалілі, і летувісы адмовіліся ад супрацы».

Чаму не трэба вяртаць «Літву»

Калі прыйшоў час задаваць пытанні, вядомы фронтавец яшчэ старой загартоўкі Ян Грыб выказаў пераканне, што беларусам трэба вярнуць сваю гістарычную назву «Літва».

Аднак Алесь Краўцэвіч не лічыць гэта мэтазгодным. Бо як летувісам удалося стварыць сваю дзяржаўную традыцыю, так і нам удалося стварыць яе ў Беларусі. У якасці прыкладу гісторык прывёў Францыю – вялікую краіну, якая мае нямецкую назву, а не называецца Галіяй.

«Гэта тое самае, што калі змяніць назву лодкі, яна стане фрэгатам. Не важна назва, а важна напаўненне зместам. Тое, што мы назавемся Літвой і адразу станем свабоднымі – гэта наіўнасць. Літва — гэта гістарычны этап беларускай дзяржаўнасці, як і Полацкае княства. Таму трэба працаваць не на тое, каб мяняць назву краіны, а на тое, каб мяняць яе ўладу», — адказаў прафесар, і зала падтрымала яго воплескамі.
А адзін са слухачоў заўважыў, што гісторык добра выглядае на свае гады.

«60 гадоў — гэта цудоўны ўзрост, бо ёсць жыццёвы досвед, ёсць трохі здароўя і няма ваганняў, чым займацца, – зазначыў Алесь Краўцэвіч. – Я па першай адукацыі фізкультурнік, займаўся спартыўнай хадой, каратэ, джыу-джыцу, 20 гадоў хадзіў у баскетбольны клуб, цяпер рэгулярна бегаю кросы, жыву ў вёсцы і фізічна працую штодня. Другое — ва ўсім патрэбная мера. А самае галоўнае – займацца любімай справай. Асабліва гэта важна для мужчын, бо іх псіхіка слабейшая за жаночую. Я ведаю шмат мужчын-беларусаў, якія вымушаны займацца любой працай, каб пракарміць сям’ю. І калі яны гэтую працу не палюбяць, у адзін момант гэта вылезе ім бокам, яны зламаюцца. Таму вялікае шчасце, калі чалавек займаецца любімай справай і атрымлівае за гэта грошы — у мяне хіба так яно і ёсць».

Фота аўтаркі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Андрей
  • 2018-09-28 15:48:02
Подитожу:
История Литвы - наша
Вернуть Погоню - да
Литвины - мы
Вернуть Литву - кто за возвращение - ВРАГИ Кравцевича и агенты ФСБ

У Кравцевича с логикой проблемы, зачем возвращать свою историю и Погоню, но при этом называть врагами тех, кто на этом не останавливается и хочет возвращения названия Литва?
Почему он за возвращение Погони людей врагами не называет?
  • Аляксандр Краўцэвіч
  • 2018-10-01 16:47:04
Ведаеце, не ўсё што было ў ВКЛ можна і трэба вяртаць. Напрыклад, прыгоннае права, ці знакаміты Літоўскі статут. Гісторыя - гэта працэс.
  • Андрусь Кароль
  • 2018-09-28 23:18:46
Нешта я не памятаю ні воднага жамойтаў, які кіраваў бы Літвою. Як кажа спадар Алесь, што яны нібыта далі нам нейкую дынастыю.
  • А. б
  • 2018-09-29 20:54:50
" Летувісы далі ёй(нашай дзяржаве) дынастыю, частку арыстакратыі." і сапраўды нешта спадар Краўцэвіч у сваё канцэпцыі наблытаў
  • Зьміцер з Магілёва
  • 2018-09-29 08:23:00
Рэдакцыя! "ЛіЦвін (ліцьвін) з Беларусі", а ня "ліТвін". Трэба карыстацца правіламі беларускага правапісу афіцыйнага і альтэрнатыўнага клясічнага. Праз "Т" пішуць і гавораць палякі, украінцы ды расейцы, а беларусы (ліцьвіны) праз "ЦЬ".
  • Андрей
  • 2018-09-30 13:09:25
только вы в источниках не найдете с "ц", даже написанных на территории Княжества. Филёлях)
  • Уладзімір
  • 2018-10-03 09:50:22
Мо' паблыталі вымаўленне з напісаннем, энтузіяст Вы наш.
Такі так - вымаўляецца "праскі, рыскі", а як пішацца?
  • айцец АКАЛОВІЧ ЛЕАНІД з Менску Літоўскага ліцьвін
  • 2018-10-02 17:45:08
Дзіўна разважае праф. Краўцэвіч: аднаму А.Лукашэнку можна адмяняць і замяняць назвы і нават канцэпцыі, і беларусаў называць чыстымі рускімі, а тысячы беларусаў-ліцвінаў ня маюць права вярнуць сабесваё першае найбольш значнае гістарычнае імя сваёй дяржавы Літва і найменне ліцьвін! Гэта мы, беларусы -- продкі ліцьвінаў, былі тады ліцьвінамі ў Вялікім Літоўскім (Беларускім), Рускім (Украінскім) і Жамойцкім 9Летувіскім) Княстве! У гэтым трохнародным Вялікім Княстве ўкраінцы больш зваліся русінамі, а сённяшнія (з 1918 г) летувісы былі жамойтамі, жмуддзю, самагітамі...
Радуе, што , здаецца, шаноўны прафесар Алесь Краўцэвіч нарэўце такі і сябе назваў літвінам з Беларусі пад час сустрэчы ў Менску Літоўскім, бо дагэтуль толькі пра ліцвінаўу ВЛК як беларусаў ён казаў смела на Белсаце ў рэдактара Пелясы.
Час прымусіць праф. Краўцэвіча зразумець,што сучасныя ліцьвіны ў Беларусі ёсць тыя самыя беларусы ад БНР, БССР і РБ, але яны пры перапісе 2019 году запішуцца ліцьвінамі,
  • вадзім сугойдзь
  • 2018-10-03 22:28:10
Тут хутка ўся хата(краіна) згарэць можа, а "айцец АКАЛОВІЧ ЛЕАНІД з Менску Літоўскага ліцьвін" ды іншыя шляхетныя людзі пра назву хвалююцца... Краўцэвіч жа сказаў: " трэба працаваць не на тое, каб мяняць назву краіны, а на тое, каб мяняць яе ўладу".
  • степан
  • 2018-10-05 19:54:37
Полная бурда
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-05 21:46:24
Чалавека не памятаю. Але бачу, што прафесар мой калега - я ж таксама МОРЗЕ вывучаў, бо ў Савецкай Арміі быў радыстам.

"у мяне была цяга да праўды" "мы здабылі незалежнасць"

Калі гэта мы здабылі незалежнасць, прафесар? Тады калі з-за перабудовы Гарбачова яна звалілася нам на карак з рук Расеі ў Белавежжы ў 1991? Гэта і ёсць здабыванне?

"трэба працаваць не на тое, каб мяняць назву краіны, а на тое, каб мяняць яе ўладу», — адказаў прафесар, і зала падтрымала яго воплескамі."

На фіга, прафесар, мяняць уладу? Дзяля піяру? Калі знойдзіце час прачытаць Новы час адкажыце, калі ласка, на маё пытанне: НА ФІГА МЯНЯЦЬ УЛАДУ?

P.S. Там сям на бел форумах часам з'яўляецца беларус і штампуе адны і тыя ж каменты, маляў, трэ мяняць назву БелаРУСЬ з-за вось тых чатырох літар РУСЬ, якія адмоўна дзяўбуць наш моск. Некалі на Свабодзе я адказаў яму прыблізна так:
Давайце памяняем назву быка на карову, а карову на быка. Народзіцца ў іх... Хто? Вядома ж хто - бычок або цёлачка.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-06 12:02:55
Наконт улады Вось змянілася нядаўна ўлада АГП. Пратрымалася аж два месяцы. Зараз ВРИО, потым з'явіцца НЕХТА другі, трэці, пяты, дзясяты І гэта будзе казаць нам аб тым, што трэ вяртаць Лябедзьку? Не Гэта азначае, што ў грамадстве АГП непатрэбная

Беларуская практыка мінулых 24 гадоў паказала і даказала нам, што ўлада на Беларусі БЫЛА і ЁСЦЬ 100 лят з 1 студзеня 1919г. А мо ўсё ж давайце пойдзем па шляху АГП і зменім уладу? Га? Дый дзень змены назавём РЕВОЛЮЦИЕЙ ДОСТОИНСТВА, а не бардаком Бо ніхто слухаць і слухацца НОВУЮ ВЛАСТЬ не будзе. А можа ў Еўропку сходзім? Га? Там нас не хапала. А можа капіталізьмік дзікі заходні зварганім замест дзяржаўнага беларускага капіталізму пры Лукашэнку? Га?
Сапраўды, панове, давайце падзелімся на ПАНОЎ і ХАЛОПАЎ і дэмакратычна зменім уладу?! Як на тым Дзікім Захадзе дзесяцігоддзямі ці стагоддзямі багатыя пры ўладзе, а бедныя галасуюць за іх уладу. А СМІ багатых наз гэта дэмакратыяй. Ну а нашы СМІ змену ўлады бел бальшавікоў наз РЭВАЛЮЦЫЯ ГОДНАСЦІ

Каментаваць