Алесь Лагвінец: «Гадаваць сына мне ў асалоду»

У жыцці палітыка Алеся Лагвінца адбыліся значныя падзеі. І справа не ў тым, што прайшоў устаноўчы сход новай ініцыятывы «Дзея». Алесь вырашыў пайсці ў адпачынак па даглядзе за сваім малодшым сынам Уладзімірам. Ужо некалькі дзён Алесь Лагвінец спрабуе сябе як «тата ў дэкрэце».

Фота Дзмітрыя Русака

Фота Дзмітрыя Русака

Для гутаркі мы сустрэліся ў адным са скверыкаў мінскай Малінаўкі — Алесь Лагвінец прыкаціў з сабою вазок, адкуль з цікавасцю паглядае слаўны аднагадовы Валодзька, як яго называюць бацькі. Убачыўшы незнаёмага чалавека, Валодзька ўпэўнена пералазіць тату на рукі, але Алесь Лагвінец спрактыкавана заманьвае яго назад у вазок, даючы пагуляцца са сваім, на дзіва яшчэ не пабітым, смартфонам. 

“Гэта новы досвед — вельмі карысны”

— Усё проста: маёй жонцы першай прапанавалі выгадны кантракт, але на гэтай працы трэба знаходзіцца зранку да вечара, — тлумачыць Алесь Лагвінец, чаму яны з жонкай Веранікай Мазуркевіч вырашылі памяняцца месцамі.  — Так што днём пра сына буду клапаціцца я, а ўвечары і на выходных — мы супольна. Да таго ж у нас будзе дапамога — адна з бабуляў жыве даволі блізка і ўжо на пенсіі.

Мы разам шукалі працу, але ў мяне яшчэ ёсць, так бы мовіць, дысідэнцкая дзейнасць, і не на кожную працу я магу пайсці. Мне цікава займацца тым, чым я займаюся. І мне падаецца, што я змагу знаходзіць час для такой дзейнасці, калі буду з Валодзькам. У нас з жонкай аднолькавыя кваліфікацыі, калі казаць пра пераклады (Алесь Лагвінец і Вераніка Мазуркевіч — перакладаюць з французскай і англійскай моваў — рэд.), але мне было б вельмі складана патрапіць на тое месца працы, куды яе зараз бяруць.

Таму пакуль паспрабуем, каб працавала Вераніка. Але і я не ўломак, я буду таксама працаваць страхавым агентам, займацца перакладамі. Вось пасля сустрэчы мы з Валодзем паедзем у банк здаваць грошы за страхоўкі. Да таго ж праца з такім свабодным графікам дазваляе мне займацца нашай новай ініцыятывай «Дзея». Думаю, што шмат куды па справах буду браць Валодзьку — ён будзе маім маленькім «хвосцікам». Відавочна, я не буду адмаўляцца ад таго, чым я займаюся, я нікуды не дзенуся. Гэта новы досвед — вельмі карысны.


Ці гатовае грамадства да «татаў у дэкрэце»?

Па словах Алеся Лагвінца, сваякі спакойна паставіліся да іх з Веранікай рашэння, не крытыкавалі.

І мае бацькі, і бацькі Веранікі ў прынцыпе ўхвалілі наш выбар. Мае бацькі нават успрынялі  з пэўнай палёгкай, бо нядаўняя гісторыя, калі мяне збілі і далі 10 сутак, іх моцна напружыла, яны перасцерагаюцца за маю дзейнасць. Што тычыцца іншых... Я разумею, што ў нашым кансерватыўным грамадстве гэта можа неадназначна ўспрымацца, але досвед дэкрэта не дадасць мне мінусаў адназначна, калі мысліць, так скажам, у палітычных катэгорыях. Заўчора нам трэба было ісці да хірурга — як правіла да лекараў прыходзіць маці ці бацькі разам. Я вадзіў Уладзіміра сам — успрымалася нармалёва.

Насустрач нам спаткаліся тры мамы з маленькімі дзеткамі, і Лагвінец-малодшы вырашыў вылезці з вазка ды пагуляць з аднагодкамі. Лагвінец-старэйшы таксама час не губляў і прыступіў да апытвання патэнцыйных выбарцаў:

Ці адпусцілі б вы свайго мужа ў дэкрэт? Вось у нас такая сітуацыя: маёй жонцы прапанавалі выгаднейшую працу, а я буду даглядаць за сынам.

Ай які малайчына! — захоплена і трошкі зайздросна ўсклікнулі дзве мамы. — Канешне, мы б адпусцілі.

А я б не адпусціла, — упэўнена гаворыць трэцяя жанчына. — Не, вы не думайце дрэннага. Памперсы муж мяняць умее, пагуляць можа, але я сумняюся, што ён зможа развіваць сына, займацца з ім практыкаваннямі па ўзросце.

Бачыце, грамадства збольшага гатовае да такіх рэчаў, — усміхаецца Алесь Лагвінец, засаджваючы сына назад у вазок. — Да таго ж, падчас шпацыраў можна больш кантактаваць са звычайнымі людзьмі, даведвацца іх меркаванні, погляды, гэта плюс! Новая сітуацыя — гэта новыя магчымасці. Відавочна, што я буду размаўляць з людзьмі, і нават тое, што я буду карыстацца беларускай мовай — гэта таксама ў нечым будзе ўплываць на гэтых людзей. О, бачыце, наперадзе вялікая лесвіца, а пандуса няма — Вераніцы было б вельмі цяжка валачы гэты вазок. Мужчынам у дэкрэце фізічна лягчэй — пасля года дзеці ўжо нямала важаць, і нават на руках жанчынам насіць іх няпроста.

А што тычыцца дзіцячага развіцця, то мы не ўжываем нейкіх адмысловых методык. Канешне, чытаем і ведаем пра іх, але каб гадаваць дзіцёнка па нейкай вузкай схеме — такога няма. Ды і ранавата гэта ўсё яшчэ Валодзьку — на днях я паспрабаваў пачытаць кніжку яму, нецікава яшчэ, не слухае. А вось патанчыць пад музыку на тэлефоне ён вялікі аматар, таксама на пальчыках умее паказваць “Сароку-варону”, кажа словы «тата» і «мама».

Пытаюся ў Алеся, ці ахвотна сын адпускае маму на працу.

Так, без слёз. На днях толькі трошкі плакаў аднойчы, як Вераніка пайшла, але гэта хутчэй з-за таго, што ў яго цяпер растуць зубкі і мы маем справу  зкрызісам першага году жыцця. Вераніцы цяжэй гэта прыняць. Але думаю, што хутка ўсё наладзіцца. Яшчэ невядома, колькі я пратрымаюся, — смяецца Алесь Лагвінец.

Малышу — абед, жонцы — вячэру

Фота Дзмітрыя Русака 

Вядома, што мамы ў дэкрэце зазвычай не толькі гадуюць дзяцей, але і гатуюць ежу  прыбіраюць хату. Ці гатовы ўзяць на сябе гэтыя абавязкі беларускі дысідэнт Лагвінец?

А я і так часта гатую, прыбіраю. У гэтым сэнсе мы з Веранікай партнёры, не тое, каб я нічога па хаце не рабіў. Так што на вячэру Вераніка можна разлічваць. Таксама буду рабіць супы і пюрэшкі Валодзьку — купляць гатовыя ў баначках дорага. Я бачыў, як Вераніка адварвае гародніну, мяса — і ў блэндэр. Я яшчэ ні разу не рабіў, але павучуся ў яе і буду рабіць — мяркую, гэта нескладана.

Якраз гэтымі днямі Палата прадстаўнікоў абмяркоўвае магчымыя новаўвядзенні пра абавязковы дэкрэт для татаў — маўляў, гэта паспрыяе большаму ўдзелу бацькоў у выхаванні дзяцей. Алесь Лагвінец да гэтай ініцыятывы пакуль што настроены скептычна:

Трэба, каб улады агучылі канкрэтныя прапановы, каб можна было пачытаць і абдумаць іх. Разумееце, у нашай рэпрэсіўнай дзяржаве нават у такой добрай справе могуць знайсціся падводныя камяні. Наогул я лічу, што гэта ўнутраная справа кожнай сям’і, і вырашаць павінны муж з жонкай. У кожным разе, адказныя бацькі павінны максімальна прысвячаць час дзецям і абодва ўдзельнічаць у выхаванні.

Сам Алесь адзначае, што яму падабаецца праводзіць час з такім маленькім дзіцяткам.

Так склалася, што першы год жыцця майго старэйшага сына Антося я фактычна прапусціў, бо мы з яго маці (першай жонкай — рэд.) жылі ў асобных гарадах — я вучыўся на 5 курсе, а яна была ў сваіх бацькоў. Напэўна, цяпер я з такім задавальненнем даглядаю за малым Валодзькам у тым ліку і таму, што ў мяне не было магчымасці праводзіць столькі часу са старэйшым сынам, так што гэта так бы мовіць нейкая кампенсацыя... Таксама сказваецца і тое, што мне ўжо 45 год, і вялікая розніца быць татам цяпер, і ў 22 гады, калі нарадзіўся першы сын. Усё ж такі многія рэчы цяпер па- іншаму ўспрымаюцца, тады і цярпення столькі не было... А ў маім узросце гэта такая класная цацка. Жартую, гэта асоба, зразумела. Але ўсё гэта вельмі цікава.

Цяпер у мяне хапае цярпення і вытрымаць плач, і неяк пераключыць яго — напрыклад, Валодзька вельмі любіць назіраць у вакно, гэта яго супакойвае. Аднойчы мы з Веранікай ад’ехалі, і яго глядзела бабуля. Тэлефануе — маўляў, не магу спыніць плач. Параілі падысці да вакна — суцішыўся. Таксама Валодзька вельмі любіць, калі падкідваю яго на руках. Наколькі гэта файна — бачыць і чуць, як радуюцца дзеці!

Наогул я вельмі рады, што мае сыны растуць блізкія адзін аднаму. Антось вельмі цікавіцца Валодзькам і любіць яго. Спадзяюся, яны стануць добрымі сябрамі.


Нягледзячы на тое, што Уладзімір на мінулым тыдні толькі адзначыў першы годзік, Алесь і Вераніка ўжо пачалі клапаціцца пра беларускамоўны асяродак.

Пакуль у нас тут няма беларускамоўнай кампаніі, але як толькі ўзнікне патрэба, як толькі ён пачне камунікаваць, будзем шукаць аднадумцаў. Бачыце, паціху знаёмімся з мамамі і дзецьмі. Пакуль мы аднеслі заяву на бліжэйшы садок, сталі на чаргу. Пакуль што там беларускамоўнай групкі няма, але спадзяемся знайсці падтрымку ў мясцовых бацькоў і стварыць такую групу. Вось рукі раней не даходзілі высветліць, чаму няма беларускамоўнай групкі ў бліжэйшым садку і як яе стварыць, цяпер з Валодзькам будзе час гэтым заняцца.

Пакуль мы размаўлялі, Валодзька гуляўся з татавым тэлефонам, назіраў за тым, што адбывалася навокал, і ні разу не заплакаў. Па ўсім было бачна, што з бацькам яму вельмі утульна.

У Беларусі каля 3000 тысяч татаў і дзядуляў у дэкрэце. Хоць гэта і 1% ад агулам дэкрэтнікаў, з кожным годам усё больш мужчын адважваюцца пайсці ў адпачынак па доглядзе за дзіцём. Прычыны такога кроку розныя, але гэта і не важна. Важна, што дзеці будуць больш часу праводзіць з татамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!