Алесь Малчанаў: “Мае погляды не змяніліся”

Калі я затэлефанавала ў Барысаў нядаўняму палітвязню Алесю Малчанаву, у Мінску і Мінскай вобласці ўсталёўвалася рэкордная спёка. Таму міжволі мы пачалі гутарку не з таго, як пераносіць дыктатуру, а з рэчак і азёр нашай Бацькаўшчыны.



Алесь Малчанаў


Тым не менш, спёка хутка мела скончыцца, жыццё працягвалася, а прагнозу на стан правоў чалавека ў краіне ніхто пакуль не абвяшчаў…

Парадавала, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, голас Алеся Малчанава гучаў бадзёра і ўпэўнена.    

 
— Алесь, ці ўдалося вам пасля турмы ўладкавацца на працу?


— Гэта не такое простае пытанне. З працаўладкаваннем абяцалі дапамагчы знаёмыя, але для гэтага мне давядзецца пераехаць у Мінск. Збіраюся гэта зрабіць бліжэй да другой паловы жніўня. Не магу сказаць, што ў Барысаве зусім немагчыма знайсці працу. Але гэта праца нізкакваліфікаваная і вельмі нізка аплочваецца.

— Як да Вас ставяцца людзі ў родным горадзе?

— Магу сказаць адно: кепскага стаўлення да сябе я не нідзе сустракаў.

— Няма рэпрэсіяў ці правакацыяў з боку ўлады?

— Не, рэпрэсіяў няма, правакацыяў таксама. Але кожную ноч разы па тры мяне правярае міліцыя. Правяраюць, ці дома я знаходжуся. Канечне, гэта трохі турбуе, але, з іншага боку, я ж дома і нідзе не хаваюся.

— Але як жа тады ехаць у Мінск?

— Існуе пэўная працэдура. Я павінен буду напісаць адпаведную заяву, у якой патлумачу сітуацыю і папрашу дазволу. І дазвол павіны быццам бы даць, бо прычын не даць яго нямашака.

— Алесь, ці няма крыўды на тое, што вас не прызналі другі раз палітвязнем?

— Мяркую, гэта асабістая справа кожнага — каго і кім прызнаваць. Я ведаю, што не з’яўляюся крымінальнікам. Ну а крыўдзіцца на кагосьці проста не бачу ніякага сэнсу.

— Ці будзеце яшчэ займацца палітыкай? А можа, з’едзеце за мяжу?

— Ведаеце, нягледзячы ні на што, мае погляды не змяніліся. Я — абсалютна не змяніўся. Сказаць, што не буду мець дачынення да нейкай палітычнай дзейнасці, я зараз не магу, бо, верагодней за ўсё, гэта будзе няпраўдай. Буду займацца тым жа, што і раней. Што датычыць ад’езду ў замежжа — зараз гэткіх планаў у мяне няма. Застаюся на Бацькаўшчыне.

palitviazni.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!