Аляксей Жалібо: «У Беларусі няма мастацтва, бо нашы людзі ў ім не разбіраюцца»

За творчасцю мастака, ілюстратара і дызайнера Аляксея Жалібо (@tot_chuvak_) у Instagram сочыць амаль 30 тысяч падпісчыкаў. Працы 27-гадовага творцы ў тэхніцы гравюра (стыль макабр), насычаныя змрочнай экспрэсіяй і сімвалічным адлюстраваннем рэальнасці, — яскравы прыклад сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава ў бары «Дэкантэр»

Пазнаёміцца з унікальным стылем маладога мастака можна было на аўтарскай выставе ў бары «Дэкантэр». Менавіта там падчас імправізаванай экскурсіі Аляксей Жалібо расказаў пра свае карціны і ілюстрацыі да кніг, сяброўства з Уладзімірам Цэслерам і светлы час, калі будзе квітнець беларускае мастацтва.

Каля аголеных партрэтаў з серыі «Патрабуецца аўтадафэ» Жалібо разважае:

— Сучасныя людзі не вельмі разумеюць мастацтва. Для іх важна, каб партрэт быў падобны. Я адкрыю таямніцу: любы мастак, які хоць нешта з сябе ўяўляе, зможа гэта зрабіць. Але партрэт будзе мёртвым. Я малюю, як адчуваю. Самі людзі сябе пазнаюць на партрэтах з серыі «Патрабуецца аўтадафэ», але вы б у жыцці не здагадаліся, хто гэта — нават калі іх паставіць тут у шэраг. Ну, Цэслера толькі ні з кім не пераблытаць (смяецца).

Фішка — у эмоцыях, не трэба шукаць прамую сувязь, дастаткова ўнутраных адчуванняў. У кожнай асобы, выяўленай на малюнках, свой цікавы лёс: тут ёсць выкладчыкі, вядомыя скульптары, медыкі, 3D-мастакі, героі працы. І тут адлюстроўваецца, наколькі чалавек можа быць цікавым без знешняй абалонкі — адзення, статусу і гэтак далей.


Мне доўга казалі, што я не ўгавару Цэслера на партрэт, але ён пагадзіўся адразу ж. Уладзімір Якаўлевіч вельмі просты і круты. Пагадзіўся наогул без роздумаў, мо таму што ўжо быў знаёмы з маімі працамі. Мы з ім дамовіліся на дзень, прыходжу, грукаю ў дзверы — ён адкрывае напаўголы. «Дык вы ўжо падрыхтаваліся! — кажу. — А? Не, я проста ў душ ішоў, сядайце». Ну, я пасядзеў, папіў гарбаты, ён выйшаў з душа, і мы намалявалі партрэт.

«Скелекот»


(Прыпыняецца каля карціны) А гэта праца, якая ўпершыню зрабіла мяне хоць неяк вядомым: «Скелекот», там вельмі шмат адсылак на беларускую культуру. Гэта алхімік, які няўдала ператварыў сябе ў ката, а вакол адбываюцца розныя сюжэты. Я яе намаляваў пасля знаёмства з нашым класікам Валерам Славуком у 2014 годзе, ён на мяне вельмі паўплываў. Увогуле, у мяне няма ніводнай працы без сімвалізму.

— А як адбываецца працэс: вы ўяўляеце сімвалічны вобраз і яго адлюстроўваеце ці, наадварот, малюеце, а потым знаходзіце там сімвалізм?

— Па-рознаму. Бывае, сплю, і сон становіцца апантанасцю. А часам проста хочацца намаляваць нешта ў скетчбуку. Парада Валера Славука, якую я запомніў назаўсёды: больш чытайце. Дзякуючы гэтаму ў галаве нараджаюцца думкі, і толькі тады ты можаш стварыць нешта вартае. Але бывае і канкрэтная ідэя. Мы з Уладзімірам Цэслерам абмяркоўвалі тэму нашага замшэлага мастацтва (гэта праўда, не хачу хаваць) і прыдумалі фон для яго партрэта. Я вырашыў намаляваць працэс гарэння хат і Цэслера, які смажыць сасіскі на папялішчы, як сімвал супрацьстаяння класічнаму мастацтву.

Але галоўнае — у сваіх працах я хачу перамагчы тое, што называю сацыяльным фашызмам, то-бок нецярпімасць да поглядаў іншых людзей. Вось, напрыклад, я невялікага росту і хаджу ў ружовых штанах, вы не ўяўляеце, як часта да мяне нехта дакопваецца! Я падтрымліваю рацыянальны фемінізм і маю шмат знаёмстваў у гэтым асяроддзі. Дык многія думаюць, што праблема хатняга гвалту тычыцца толькі жанчын. Але яна адносіцца і да маленькіх людзей (усміхаецца), людзей з пэўнай прычоскай, арыентацыяй і гэтак далей.

Выстава ў бары «Дэкантэр»


Мне вельмі спадабаўся нядаўні фільм Аляксея Піваварава «Як ізаляцыя развальвае адны пары і ўмацоўвае іншыя» пра розныя тыпы сем’яў. Традыцыйная сям’я падыходзіць не ўсім. Уся справа ў дамоўленасці. Усё ўпіраецца ў адукацыю: калі людзі будуць дастаткова развітыя, гвалт у сям’і знікне як з’ява. Я веру ў права выбару чалавекам свайго лёсу і стараюся адлюстроўваць гэта і ў сваіх працах — так ці інакш. Але мае малюнкі набываюць людзі інтэлектуальныя, тыя, хто разумее сэнс. Дарэчы, хутка выйдзе шэраг праілюстраваных мной кніг, выданне якіх спынілася праз каронавірус. У тым ліку і асабістая, дзе і тэкст, і малюнкі майго аўтарства.

— Ох, няўжо аўтабіяграфія?

— Я, вядома, пафасны, але не настолькі, каб аўтабіяграфію пісаць (смяецца). Кніга пра тое, хто такі мастак. Не, там не будзе: «Вось, я мастак, глядзіце, любіце». Яна досыць суб’ектыўная, спрабуе ўвесці ў мой свет каляровай гамай, шрыфтам, дызайнам. Пакуль няма вокладкі, дзвюх ілюстрацый, і, самае галоўнае — не прыдумаў назву. Увогуле, была ідэя назваць кнігу «Скетчбук-альбомы». Але варыянт не надта ўдалы, таму яшчэ буду думаць (смяецца). Яшчэ з-за каронавіруса мы ўсё не можам надрукаваць кнігу вершаў пра хлопчыка Джоні, якую напісаў даволі вядомы галівудскі фатограф Тэрэн Одда.

«Аранжавы»

Там увогуле дзіўная сітуацыя. Я скончыў ілюстраванне, а аўтар проста знік. Заставаліся дакументы, дамовы, але ўсё адно падаць у амерыканскі суд вельмі дорага. І ў нейкі момант мы вырашылі выкласці некаторыя малюнкі ў маім творчым інстаграм-акаўнце @tot_chuvak_. І Одда адгукнуўся. Аказалася, ён перажыў жудасную трагедыю — у аўтакатастрофе загінула сям’я. Таму, натуральна, давялося адкласці выхад кнігі. Па вялікім рахунку, я маю толькі адну выпушчаную кнігу з маімі ілюстрацыямі «Волаты. Ілюстраваны даведнік» Давіда Шаркоўскага. Але хутка гэта зменіцца — чатыры павінны выйсці бліжэйшым часам.

— З чым звязаны псеўданім tot chuvak?

— Яго прыдумаў мой сябар дзяцінства. Мы ехалі ў Піцер, мне было гадоў 19. І ён кажа: «Чаму ты не завядзеш сабе старонку ў Instagram? У цябе ж з сабою скетчбук, давай што-небудзь сфатаграфуем, і ты апублікуеш». Мы пачалі думаць, як можна назваць акаўнт. А на розных тусоўках пра мяне якраз так і адгукаліся: «А, той чувак! Памятаеш, той чувак?» І вырашылі, што гэта было б смешна. Але адрас без прабелаў заняты нейкім школьнікам. Я да гэтага часу яму пішу! Каб ён аддаў свой нік, ужо нават прапаноўвалі грошы, але ён не карыстаецца тым акаўнтам, нічога не зробіш.

Я не вельмі прывязаны да псеўданіму, але для нас, дзяцей 1990-х, згадванне прозвішча — гэта як цэтлік са школьных часоў. Тым больш, маё вельмі часта называлі няправільна. У той час яно мне здавалася дзіўным, і я яго саромеўся. Цяпер бы ўжо назваў творчы акаўнт сваім сапраўдным імем. Але вядомасць у мяне як tot chuvak, таму не бачу сэнсу гэта мяняць.


— Прозвішча Жалібо, быццам, французскае?

— Арыгінал прозвішча — Жэліба. Больш падобна да французскага, што ў савецкі час магло аўтаматычна быць прылічана да дысідэнцтва. Таму дзядуля яго змяніў. Увогуле, мы — патомныя рамеснікі. Абедзве галіны радавода (Харытановіч і Жэліба) ідуць ад прыдворных рамеснікаў часоў Рэчы Паспалітай. Прынамсі, так гавораць бабулі. Адзін продак быў пісарам, з другога боку — ганчаром. А бацька — інжынер-будаўнік па адукацыі, але займаецца глупствам, бо філігранна робіць рэчы з дрэва. Амаль уся мэбля ў хаце зробленая ім. Таксама тата добра малюе, але хавае, не прызнаецца. З боку маці дзед спяваў у хоры, і ў яго быў скетчбук (у той час!) Там ён запісваў складзеныя песні і маляваў да іх ілюстрацыі. У мяне з-пад носа пацягнула гэтую кніжачку сястра. Усё спрабую прыхапіць яе назад (смяецца). Ну, такія падпольныя малявальшчыкі. Напэўна, толькі мне прыйшло ў галаву гэта рэалізоўваць.

Літара О


— І, трэба сказаць, паспяхова, мяркуючы па рэгулярных выставах у Беларусі і за мяжой. А таксама па шэрагу перамог у прафесійных конкурсах — Minsk game jam 2016, TopCreator 2017 і іншых…

— Унутры гэта прыемна, але звонку нічога не дае. Я, напэўна, да сваіх скетчаў стаўлюся больш беражліва, чым да рэгалій і дыпломаў — усе складаю і захоўваю на лецішчы. А вось да дакументаў у мяне нейкае грэблівае стаўленне. Калі вы мяне папросіце знайсці працу, дзе я маляваў кагосьці ў 2017 годзе — гэта без праблем, як рыбу з акіяну дастану гэты скетч. Дзе дакументы — без паняцця. Прынцыпова захоўваю грошы і паперы ў маці. Я хоць і не з габрэйскай сям’і, але вельмі на тое падобна (усміхаецца). А што? Усе ўжо зразумелі, што я іх згублю. Нават пашпарт, калі паступаў у ЕГУ, згубіў, і хадзіў на экзамены з даведкай…

— Ну, гэта вельмі па-мастацку!

— Так, напэўна. Але я пра гэта не думаў. Мастацкі шлях пачынаецца, як мяне навучыў мой выкладчык ЕГУ Сяргей Міхайлавіч Сялецкі, калі ты пра гэта не думаеш. Калі пачынаў, я быў бяздарнасцю. Так, Сялецкі паставіў мне за экзамен па малюнку пяць балаў. І ў тым ліку і праз гэта давялося сысці з універсітэта, але потым перапаступіў. Калі мяне выключылі, аднагрупнікі даносілі, што ён увесь час пра мяне ўспамінае: «Вось, а Аляксей зрабіў бы так». Пры мне ён такога не сказаў бы ніколі! Такая дзіўная ўзаемная любоў... Аднойчы быў занятак па падрыхтоўцы да дыпломнай працы. І, замест таго, каб глядзець студэнцкія работы, пачаў лістаць мае скетчбукі: «Стоп, гэта ты намаляваў? І прыдумаў сам?» Усё прагледзеў, закрыў, апранае паліто і проста сыходзіць. «Сяргей Міхайлавіч, можа, вы нешта параіце мне? — крычу наўздагон. — Я калегам нічога не раю». З-за працы я не скончыў ЕГУ, ні адзін з універсітэтаў не скончыў: на двух курсах кінуў Акадэмію мастацтва, на трох — ЕГУ. Апошнія гады нічога не вырашаюць, толькі даюць дыплом. Паперка, якую я згубіў бы, хутчэй за ўсё (смяецца).

З Уладзімірам Цэслерам

— Не шкадуеце, што не атрымалі дыплом?

— Не, можа, першы час. Я перажываў расстанне з групай. З некаторымі вельмі пасябраваў, мы тыя яшчэ бандыты былі. Здымалі з двума хлопцамі — Кірылам Нікалаевым і Арцёмам Ярашчуком — кватэру: уладкоўвалі там усё, распісвалі, з-пад скрынкі ад печыва і светладыёдаў зрабілі раму для карціны, якая спадабалася Сялецкаму, павесілі на кухні. Мы вельмі лямпава і класна тусілі ўвесь студэнцкі час. Кірыл цяпер вядомы дызайнер па VR у Літве. А Арцём Ярашчук у Брэсце, займаецца інтэр’ерамі, хоча сваю студыю адкрыць.

У прынцыпе, у нас атрымаўся зорны курс. Фактычна ніхто не закінуў прафесію. У адрозненне ад Акадэміі мастацтваў, дзе выпускаецца шмат мастакоў, але добра, калі з двух-трох курсаў будзе хаця б адна ўмоўная «зорка».

— Ад чаго гэта залежыць? Ад выкладання?

— Самае банальнае — там вельмі мала плацяць выкладчыкам. Але я б з задавальненнем пайшоў выкладаць і ў Акадэмію мастацтваў, і ў Інстытут культуры, у гімназію-каледж імя Ахрэмчыка нават за малыя грошы. Разумею, як важнае будучае пакаленне. Справа ў тым, што наўрад ці там мне дадуць выкладаць, як я хачу. Хаця лічу сябе значна больш таленавітым выкладчыкам, чым мастаком, ведаю, як з любой ідэі зрабіць нешта вельмі крутое. Я выкладаў у студыях «Квадрат» Паўла Хадаровіча, «Cidr», «Kaplan school». А аднойчы арганізацыя «Промтэхадукацыя» паклікала мяне перапрафіляваць «дармаедаў». І я, як «малады перспектыўны спецыяліст» перавучваў дарослых людзей на дызайнераў, хаця сам тады лічыўся «дармаедам» (смяецца).

— Якія людзі там былі?

— Вельмі розныя. У меншасці, на жаль, таленавітыя. Любімая парачка — два мужчыны пад 50, адзін дызайнер Анатоль, другі — журналіст Аляксей. Увесь час спрабавалі перашкодзіць правядзенню параў, і, мяркуючы па ўсім, пасябравалі і цішком падбухвалі. Але запомніліся і двое маладых вельмі таленавітых хлопцаў. Не ведаю, ці дамагліся яны звышпоспеху, але я бачыў іх працы — яны вельмі годныя.

Я там прапрацаваў месяцы тры, потым дзяржава закрыла гэтую ініцыятыву. Не з-за мяне (усміхаецца), там не толькі я выкладаў. Пакуль у «Сidr» прыпынілі працу праз пандэмію, я раблю аўтарскі курс «RISOVATDESIGN». Спрабую зрабіць гэта неяк анлайн. Адзін тэставы бясплатны занятак правялі, здаецца, прайшло нядрэнна. Будзем у гэтым кірунку рухацца.

А.Жалібо з В.Славуком, А.Лосікам і У.Цэслерам

— У вашым Instagram апублікаваны пост з фотаздымкамі вашай кватэры. У пакоі вісяць два партрэты Леніна. Меркаванні ў каментарах разышліся. З чым звязаны выбар выяваў менавіта гэтага дзеяча?

— Мне не падабацца, калі кагосьці бяздоказна абвінавачваюць. Спачатку была такая гісторыя: у мяне затрымаліся працы ў Рызе пасля выставы, у кватэры былі голыя сцены. А аднекуль павыкідалі партрэты Маркса і Леніна, і я іх павесіў. Гэта не прымеркавана ні да чаго. Так, мне імпануе сацыялізм. Я не разумею, чаму ў дачыненні да камунізму адразу кажуць аб крывавым Сталіне і рэпрэсіях. Калі б у мяне дома вісеў партрэт Сталіна і праз гэта былі б прэтэнзіі, я б зразумеў. А наконт Леніна пакуль мяне ніхто не пераканаў. Я ў каментарах не жартаваў, што, калі нехта дакажа, што Ленін — няварты чалавек, я адразу спалю гэтыя партрэты. Пакуль тыя дакументы і факты, якія я бачыў, даказваюць толькі тое, што ён аб’яднаў вялікую колькасць неаб’яднаных народаў.

— Вышэй вы казалі пра «сацыяльны фашызм». Гэта ніяк не супярэчыць з дэкрэтам «Аб чырвоным тэроры» 1918 года, па якім знішчаліся людзі па прынцыпе іх класавай прыналежнасці? Ці з тэлеграмай Леніна ў Пензенскую губерню, дзе ён прызывае да павешання сотняў людзей, што ўзбунтаваліся з-за прадразгорткі? І яшчэ шматлікімі іншымі дакументамі, што даўно ў агульным доступе?

— «Чырвоныя» і «белыя» ваявалі паміж сабою. Цяпер мы, вядома, усе разумныя і начытаныя. Цяпер мы не паступаем такім чынам. А людзі перажывалі тую сітуацыю ўпершыню. І ў той час былую імператарскую Расію ахапіў хаос. Краіна развальвалася, і яе хоць неяк сабралі. У той сітуацыі, мне здаецца, гэта было правільна. Уласна, Мікалай ІІ таксама давёў краіну да ручкі, і «Крывавым» яго назвалі не проста так. У каго цяпер ні спытаеш, усе сваякі — дваране! Як гэта магло быць, калі гэтага дваранства было некалькі працэнтаў? Я ведаю гісторыі, якія перадаваліся з вуснаў у вусны ад маіх бабуль і дзядуляў: людзі таго часу былі вельмі крывавымі самі па сабе. І забіць чалавека было ў той час натуральнай справай. Калі б асабіста Ленін, калі ўжо прыйшоў да ўлады, рабіў такія бясчынствы, тады гэта ўжо іншае пытанне. Палітыка — брудная рэч заўсёды.

— Пакінем Леніна ў спакоі. Прачытала ў вашых акаўнтах у сацсетках такое: «Ніколі не любіў тусоўкі мастакоў, паэтаў і музыкаў. <…> Пад уплывам вашай тусоўкі вы будзеце пад ціскам не лепшага з вас, а самага гучнага».

— Добры кіраўнік — гэта той, хто можа ў нейкі момант устаць: «Не, мы нейкую лухту робім, давайце паспрабуем па-іншаму». Гэта лепш, чым чалавек, які да канца будзе апраўдваць сваю шызу. Я не адмаўляюся ад сваіх слоў, бо знаёмы з многімі маладымі мастацкімі тусоўкамі. І яны рэальна непрымірымыя, змяінае кубло. Я не хачу сказаць, што там дрэнныя людзі, але ў цэлым за кошт сваіх індывідуальнасцяў аб’яднаць іх малаверагодна. А для дарослых, спадзяюся, магчыма. Не так даўно мы заснавалі мастацкае аб’яднанне «Я тут». Узначаліў гэты рух Аляксей Лосік. Ён вельмі спакойны і флегматычны. Мне здаецца, усё ж сярод дарослых адэкватных людзей, якія ідуць на дыялог, аб’яднанню быць.

— Колькі ні размаўляю з беларускімі мастакамі, усе кажуць, што для іх прафесіі ў Беларусі неспрыяльныя ўмовы, а на заробак немагчыма пражыць. Як у вас?

— Мае працы прадаюцца на Захад. Для рэалізацыі пачатковага этапу наша краіна някепская, але тут ёсць столь — проста няма дастатковай колькасці заказаў, і таму вымушаны прадаваць за мяжу. Ад гэтага пакутуюць нават вельмі таленавітыя мастакі. Той жа Валер Славук — надзвычайны, па навыку гравюры няма лепшага ў краіне мастака. Але калі ўзяць аб’ём продажаў, мы, напэўна, з ім нароўні. Толькі таму, што ён не хоча губляць аўтэнтычнасць і не пашырае працы ў інтэрнэце.

У цэлым, пакуль у Беларусі не будзе нармальнай мастацкай адукацыі, нічога не будзе. Не трэба вучыць дзяцей маляваць цені і конусы, трэба на банальных прыкладах знаёміць з мастацтвам. Розным мастацтвам! Каб настаўнік прыходзіў з рэпрадукцыямі Іллі Рэпіна, Казіміра Малевіча ды самых розных іншых творцаў і паказваў, як глядзець на карціну, яе хібы і каштоўнасці. І тады вырасце пакаленне, якое разбіраецца ў мастацтве. На Захадзе — шматмільённы абарот мастацтва. У нас яго няма, таму што нашы людзі ў ім не разбіраюцца.


Гадоў у 20 я ездзіў у Берлін па справах ад універсітэта, і жыў у сям’і немцаў. Яшчэ тады, калі я і блізка не прэтэндаваў на нешта вартае, мне тая нямецкая жанчына (якая працавала сядзелкай!) сказала: «Гэта патэнцыйна вельмі вартыя працы. Я хачу паглядзець на цябе праз пяць гадоў». А ў нас такой культуры пакуль няма.

Быў паказальны выпадак. Студыя Хадаровіча (а ў яго вельмі добры каларыстычны жывапіс), бачу ў куце нейкая карціна з жудаснымі кветкамі стаіць. Ну, мне ў ноздру пэндзлік устаў — я намалюю таксама! Натуральна, так я яму і сказаў. І ён такі: «Не трэба, я ведаю». І проста ў гэты ж час прыходзіць жанчына, і забірае гэтую карціну: «Ой, мае кветкі! Такая цудоўная праца!» А побач стаяць яго сапраўды вартыя карціны — яна іх нават не заўважыла!

У нас жа як: «Ой, цвяточкі! Я вазьму», «Ой, партрэт! Як пахожа!» Калі людзі пачнуць разумець, чаму гэтая карціна каштуе тры капейкі, а гэтая — дзесяць, тады зажывём. Як трэніровачны палігон наша краіна падыходзіць. А як для максімальнай рэалізацыі — на жаль, мы яшчэ не гатовыя.

— Не было думкі з’ехаць з Беларусі?

— Пастаянна! (Смяецца). Але я — неўсвядомлены фаталіст. У фатум не веру, але такое адчуванне, што ён верыць у мяне. Мяне як быццам не пускае. Было досыць варыянтаў: і застацца ў Літве, і з’ехаць у Германію. Але вярталі нейкія дзіўныя падзеі: ад вельмі крутых выстаў да смерці сваяка. Я ўсё ж дзіўны, незразумелы, але патрыёт. Незадаволены, гідкі, але патрыёт. Лічу беларусаў самай злоснай нацыяй, але ўсё адно люблю.

Вось заўважце, у нас людзі ніколі не скажуць, але ў галаве будуць трымаць. Але я якраз прызнаю нашы недахопы, і з гэтым спрабую працаваць. Гэта і ёсць сапраўдная любоў да Радзімы, а не гэты ўра-патрыятызм: «Мы зрабілі лухту, але давайце хваліць».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: